Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Свята роднага слова: што мастоўскія бібліятэкары падрыхтавалі да Дня беларускага пісьменства

Свята роднага слова: што мастоўскія бібліятэкары падрыхтавалі да Дня беларускага пісьменства05 сентября 2026 — 10:21

Сёння наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства – свята роднага слова. Гэта адна з самых значных культурных падзей Рэспублікі Беларусь, якая дэманструе адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа.

Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў і накіравана на папулярызацыю здабыткаў айчыннай пісьменнай культуры, захаванне пераемнасці духоўных традыцый Беларусі.

Традыцыйна сталіцай Дня беларускага пісьменства, які, пачынаючы з 1994 года праводзіцца ў першую нядзелю верасня, становяцца гарады з багатай гістарычнай спадчынай, цэнтры асветы, культуры, літаратуры і кнігадрукавання.

Цэнтрамі свята ў розныя гады былі Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Пінск, Заслаўе, Мір, Камянец, Паставы, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы. Сёлета свята прымае горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці – край з багатай гістарычнай і мастацкай спадчынай.

У канцэпцыю Дня беларускага пісьменства 2026 года ўключаны некалькі тэм: Год беларускай жанчыны, 85-я гадавіна з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры і пяцігодка якасці.

Па-традыцыі ў свяце прымаюць удзел усе рэгіёны Беларусі. Гродзеншчына прадстаўляе ў Касцюковічах свае кнігі і літаратурныя праекты, расказвае пра работу СМІ, прэзентуе рэдкія выданні па гісторыі краю і знаёміць гасцей з майстэрствам народных умельцаў.

Цэнтрам прыцягнення гасцей традыцыйна з’яўляецца фестываль кнігі і прэсы. На гэтай пляцоўцы прынёманскі край дэманструе кніжныя навінкі і публікацыі, прысвечаныя багатай культурнай спадчыне рэгіёна. Асаблівае месца займаюць творы мясцовых аўтараў, што ўдзельнічаюць у абласных творчых конкурсах і маюць шэраг узнагарод і літаратурных прэмій. Ажыве пляцоўка паэтычнымі чытаннямі, прэзентацыямі прозы, аўтограф-сесіямі і сустрэчамі з майстрамі слова, у якіх прымуць удзел прадстаўнік Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства, акрамя святочных мерапрыемстваў, з’яўляецца рэспубліканская навукова-даследчая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподня, якая стартавала 2 верасня ў Мінску. На шляху руху ўдзельнікі экспедыцыі праводзяць духоўна-асветніцкія мерапрыемствы, сустракаюцца з прыхаджанамі і працоўнымі калектывамі, наведваюць мемарыяльныя комплексы і месцы баявой славы, праводзяць урокі беларускага пісьменства і навуковыя канферэнцыі.

Яшчэ адной важнай падзеяй свята, пачынаючы з 2015 года, з’яўляецца ўрачыстае ўручэнне Нацыяльнай літаратурнай прэміі Беларусі – прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды за лепшыя творы года. Прэмія была заснавана Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, уручаецца ў сямі намінацыях.

Не засталіся ў баку ад значнай культурнай падзеі краіны і мастоўскія бібліятэкары.

Тут можна пазнаёміцца з тэматычнай выставай кніг “Ад Скарыны да нашых дзён”. А літаральна ўчора ў сценах Мастоўскай раённай бібліятэкі прайшла гульня-падарожжа ў мінулае “Кніга ў модзе пры любым надвор’і”. Яе ўдзельнікамі сталі дзевяцікласнікі гімназіі №1 г. Масты імя Д. І. Валковіча.

 

Юнакі і дзяўчаты даведаліся пра гісторыю Дня беларускага пісьменства, які сёлета святкуецца ўжо ў 33 раз, адкуль пайшло беларускае слова, хто былі першыя асветнікі на нашай зямлі і чаму, колькі б ні было сучасных гаджэтаў, кніга ўсё роўна будзе ў модзе. Бо чытаць друкаваныя кнігі – значыць, быць усебакова развітымі, адукаванымі людзьмі.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара і Мастоўскай раённай бібліятэкі


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты