Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Свята прыгажосці і вернасці традыцыям: у Гудзевіцкім музеі ладзілі мерапрыемства для жанчын і пра жанчын

Свята прыгажосці і вернасці традыцыям: у Гудзевіцкім музеі ладзілі мерапрыемства для жанчын і пра жанчын11 марта 2026 — 16:08

Год беларускай жанчыны і мінулае свята 8 Сакавіка сталі той нагодай, каб у Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі сабраць разам мясцовых гаспадынек, матуль і бабуль і выказаць ім словы ўдзячнасці за працу, мудрасць, жыццёвыя ўрокі, умелыя рукі, шчырае сэрца і вернасць традыцыям.

Сапраўды, вясна ў Беларусі пачынаецца не з календара, а з усмешкі жанчыны. Менавіта яе голас – чысты, як першы ручай, і звонкі, як песня жаўранка, абуджае свет. Усё на зямлі трымаецца на жаночых руках. Яны і дзіця закалышуць, і хлеб замесяць, і з тонкай былінкі ільну сапраўднае дзіва створаць.

Размова пра апошняе, як нашы бабулі і прабабулі саджалі і даглядалі лён, з якой любоўю і пашанай ставіліся да гэтай культуры, як вечарамі пралі, а потым ткалі ручнікі і посцілкі, тканіну для адзення, і стала асновай святочнай імпрэзы. А фармат вясковых вячорак дазволіў не толькі акунуцца ў мінулае, але і зірнуць на звычайныя рэчы крышачку па-іншаму.

Як нашы продкі бавілі час? Збіраліся разам, жанчыны і дзяўчаты пралі, ткалі, вышывалі, быў занятак і мужчынам, якія перадавалі сваё ўмельства хлопцам. І ўсё гэта пад народныя песні, з жартамі і трапным народным гумарам, з танцамі, што лепш за ўсякі фітнэс!

Атмасфера музея пераносіць ўдзельнікаў мерапрыемства на некалькі дзясяткаў гадоў назад. І вось ужо ільецца беларуская народная песня (“Ехаў Ясь на кані”, “Цячэ вада ў ярок”, “Ох, і сеяла Ульяніца лянок…”), у якой чуецца шчырасць і гонар, душа беларуская, і весела становіцца ад гульняў, якія выяўляюць самых хуткіх, спрытных і вынаходлівых майстрых, а азарт і асалоду памнажае полечка-паскакуха. На славу атрымалася палатно жыцця: і добрым словам нітачку праклалі, і ўсмешкамі ўзор упрыгожылі!

У адрас жанчын, чые пазітыў і энергія зрабілі свята незабыўным, гучаць шчырыя пажаданні ад калектыву супрацоўнікаў музея:

– Паважаныя нашы матулі, бабулі, сёстры! Віншуем вас са святам і жадаем, каб вашы вочкі свяціліся, як васілёчкі ў жыце. Няхай ваш жыццёвы шлях, як той рушнік, будзе гладкім, роўным, чыстым і без вузельчыкаў. Будзьце здаровыя, як вада, багатыя, як зямля, прыгожыя, як лён у чэрвені.

А дырэктар установы Таццяна Прудзілка дадае:

– Год беларускай жанчыны дае падставу сказаць вам вялікі дзякуй за мудрасць, пяшчоту, тую нябачную сілу, якой вы напаўняеце наш край. Мы разумеем, што будучыня нашай краіны немагчыма без захавання яе каранёў. Беларускае ткацтва – гэта не проста перапляценне нітак, гэта код нашай нацыі, сімфонія ўзораў. І мы абяцаем захаваць усё тое самабытнае, што робіць нас беларусамі.

А завяршылася святочнае мерапрыемства чаяваннем з прысмакамі і печывам, прыгатаваным умелымі рукамі гудзевіцкіх гаспадынек.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты