Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Свята, поўнае душы: як брэндавае мерапрыемства ў Струбніцы аб’яднала больш за 100 чалавек

Свята, поўнае душы: як брэндавае мерапрыемства ў Струбніцы аб’яднала больш за 100 чалавек16 июня 2026 — 14:37

Беларускі нацыянальны каларыт ‒ гэта не толькі адзенне, спевы ды кухня са стравамі. Гэта яшчэ і характэрныя нам гасціннасць, утульнасць ды пяшчотнасць, калі прымаем гасцей. Асабліва ‒ у сельскай мясцовасці.

Вось усё гэта ‒ пра “Свята, поўнае пашаны”, што ладзяць у Струбніцы ў гонар св. Антонія. Цяпер яно з'яўляецца адным з брэндавых мерапрыемстваў Мастоўшчыны, што адлюстроўваюць наша культурнае жыццё.

З-за абставінаў надвор’я канцэрт вырашылі правесці ў мясцовым клубе, а не на пляцоўцы побач з ім. Але гасцей сустракалі яшчэ на падыходзе: тут майстар-класы ладзілі рамеснікі з аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў.

Вольга Вайтовіч, напрыклад, вучыла спіральнаму травапляценню. Ад удзелу мы хуценька адмовіліся: бадай, рукі звыклыя да камеры, а не іголкі з ніткай. Але доўга крэсла побач з майстрам не пуставала. Адна дзяўчынка ўвогуле забрала са свята дзве падстаўкі з такім водарам, быццам стаіш на беразе возера. Адну спляла сама, другую падарыла майстар.

Як паведаміла арганізатар мерапрыемства, загадчык Струбніцкага цэнтра вольнага часу і культуры Алёна Леўчык, шмат людзей прыехалі да бацькоўскага парога з Ліды, Гродна ці ўвогуле з-за мяжы! Некаторыя з іх нават трапілі на сцэну: Кіра Рагацэвіч, якая са сваімі бацькамі жыве ў Мінску і прыехала да бабулі ў Струбніцу, сыграла на саксафоне ўсім знаёмыя мелодыі.

 

Іншыя падлеткі, што не далучыліся да аматараў народнай творчасці, знайшлі сабе забавы на вуліцы: там можна было пракаціцца ў надзіманым замку. Унутры клуба тым часам, мы і вокам не міргнулі, вольных месцаў амаль не засталося. Канцэрт зладзілі сіламі працаўнікоў мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры, якія таксама паклікалі і суседзяў з Правых Мастоў і Мікелеўшчыны.

 
 

Перад пачаткам свята слова атрымаў ксёндз Генрых, які за чатыры гадзіны да гэтага правёў святочную імшу ў касцёле Святой Троіцы ў Плябанаўцах. Ён падкрэсліў, што гэта свята арганічна спалучае і рэлігійныя, і свецкія рысы:

‒ Наша жыццё праходзіць па большай частцы па-за сценамі храма. І шмат абрадаў, якія праходзяць у касцёле, таксама адлюстроўваюцца і ў жыцці. Той жа шлюб мы святкуем і ў хатах, і ў храмах. І сёння мы спачатку святкавалі па-Божаму, па-рэлігійнаму, а зараз ‒ па-свецкі.

Свае апладысменты атрымалі не толькі артысты, але і ўзнагароджаныя, а іх было нямала! Асобных авацый уганаравалася Фаіна Шутовіч, якая працавала ў 80-я‒90-я гады механізатарам у калгасе “Чырвоная зорка”: яна адна з 15 найстарэйшых жыхароў Струбніцы і наваколля прыйшла на свята. Завіталі на мерапрыемства і дырэктар мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства Генадзь Шатуеў, і старшыня Пескаўскага сельвыканкама Віталь Мялешка. Апошні падзякаваў за працу знакамітых жыхароў Струбніцы: дбайных гаспадароў, перспектыўную моладзь і актыўных вясковых грамадзян. Таксама ён падзякаваў за шматгадовую плённую працу на карысць Струбніцы і сельсавета Цэліне Масальскай, Наталле Саўчук, Алёне Чарніцкай, Алёне Саўчук ды Генадзю Рагацэвічу.

Скончылася свята песнямі і танцамі на вуліцы, нават дождж не перашкаджаў весяліцца ды гуляць ажно а восьмай гадзіне вечара. Такім атрымалася свята, поўнае пашаны, ад якога душа пяе ‒ пяе па-беларуску.

Віктар МОХАНЬ

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты