У летні дзень селяніну цяжка знайсці час для вяселля: шмат часу аднімае праца ў полі і агародзе. Але калі свята праходзіць у нядзелю ды яшчэ і па рэлігійным календары, весела адпачыць ахвотных знаходзіцца шмат. Так адбылося і ў Правых Мастах у час гуляння на Святога Яна.
Перад землякамі выступіла старшыня Мастоўскага сельсавета Людміла Рагацэвіч.
– У нашага аграгарадка слаўная і даўняя гісторыя, – сказала Людміла Генрыкаўна. – І яна працягваецца. Цяпер у Правых Мастах пражывае больш за тысячу чалавек, яшчэ каля трохсот – у Левых Мастах. У нас жывуць сумленныя і працавітыя людзі, аб іх добрых справах ведаюць на Мастоўшчыне. Створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання насельніцтва, ёсць дзе працаваць, вучыцца і адпачываць. У аграгарадку дзейнічаюць Правамастоўская сельская школа і дзіцячы сад, біёлага-экалагічны цэнтр, аддзяленне сувязі і комплексны прыёмны пункт, некалькі магазінаў, участковая урачэбная амбулаторыя, вытворчы ўчастак ААТ “Мастаўчанка”, вытворчы кааператыў "Мастоўскае Райсельгасэнерга" і многія іншыя установы і арганізацыі.
У нас людзі добра жывуць і старанна працуюць. Жадаю вам, дарагія землякі, у Год народнага адзінства добрых спраў, прыязных адносін адзін да аднаго, любві да сваёй малой радзімы.
Затым адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці. У ім прынялі ўдзел артысты з Правых Мастоў, Струбніцы і Мікелеўшчыны. Доўга над аграгарадком гучала музыка, чуліся любімыя ўсімі песні.
У гэты дзень кожнаму, нягледзячы на ўзрост, можна было знайсці штосьці цікавае і адметнае для душы. Вялікае ўражанне зрабіла на ўсіх выступленне супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, асабліва фантан, які ўзняўся на шматмятровую вышыню.
Дзецям можна было пасядзець у пажарнай машыне, пазнаёміцца з экіпіроўкай выратавальнікаў, пусціць струмень вады з пажарнага рукава.
Многіх зацікавіў кантактны заапарк. Рабяты кармілі экзатычных жывёл, гладзілі іх.
Без перапынку амаль увесь дзень працавалі надзіманыя атракцыёны.
Прыехалі на свята і байкеры. Іх матацыклы выклікалі ў дзяцей агульнае захапленне, многім пашанцавала пракаціцца.
Аднак не меншую цікавасць, чым матацыклы, выклікаў конь, у сядле на якім таксама можна было праехаць усім жадаючым. Высветлілася, што з малодшых жыхароў аграгарадка мала хто сядзеў у сядле і ўмее кіраваць канём. На свяце можна было гэта паспрабаваць.
Майстар-клас наладзіў на цэнтральнай плошчы Мастоўскі цэнтр рамёстваў. Яго выстава найбольш зацікавіла дарослых.
Вечарам адбылася дыскатэка для моладзі.
Свята “Гулянне на Святога Яна” стала ў Правых Мастах традыцыйным. Мясцовы касцёл тут носіць назву Святога Яна і на свята прыцягвае нямала вернікаў. З-за пандэміі ў мінулым годзе яно не праводзілася. Цяпер гэта стала магчымым. Людзям падабаюцца ўрачыстая абстаноўка, такія цёплыя і прыязныя зносіны, якія бываюць на агульным свяце аграгарадка.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад