Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод народного единстваГод народного единстваСоциумОбщественная жизньГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Свята “Гулянне на Святога Яна” адбылося ў аграгарадку Правыя Масты

Свята “Гулянне на Святога Яна” адбылося ў аграгарадку Правыя Масты27 июня 2021 — 20:33

У летні дзень селяніну цяжка знайсці час для вяселля: шмат часу аднімае праца ў полі і агародзе. Але калі свята праходзіць у нядзелю ды яшчэ і па рэлігійным календары, весела адпачыць ахвотных знаходзіцца шмат. Так адбылося і ў Правых Мастах у час  гуляння на Святога Яна.

Перад землякамі выступіла старшыня Мастоўскага сельсавета Людміла Рагацэвіч.

– У  нашага аграгарадка слаўная і даўняя гісторыя, – сказала Людміла Генрыкаўна. – І яна працягваецца.  Цяпер у Правых Мастах пражывае больш за тысячу чалавек, яшчэ каля трохсот – у Левых Мастах. У нас жывуць сумленныя і працавітыя людзі, аб іх добрых справах ведаюць на Мастоўшчыне. Створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання насельніцтва, ёсць дзе працаваць, вучыцца і адпачываць. У аграгарадку дзейнічаюць Правамастоўская сельская школа і дзіцячы сад, біёлага-экалагічны цэнтр, аддзяленне сувязі і комплексны прыёмны пункт, некалькі магазінаў, участковая урачэбная амбулаторыя, вытворчы ўчастак ААТ “Мастаўчанка”, вытворчы кааператыў "Мастоўскае Райсельгасэнерга" і многія іншыя установы і арганізацыі.

У нас людзі добра жывуць і старанна працуюць. Жадаю вам, дарагія землякі, у Год народнага адзінства добрых спраў, прыязных адносін адзін да аднаго, любві да сваёй малой радзімы.

Затым адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці. У ім прынялі ўдзел артысты з Правых Мастоў, Струбніцы і Мікелеўшчыны. Доўга над аграгарадком гучала музыка, чуліся любімыя ўсімі песні.

У гэты дзень кожнаму, нягледзячы на ўзрост, можна было знайсці штосьці цікавае і адметнае для душы. Вялікае ўражанне зрабіла на ўсіх выступленне супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, асабліва фантан, які ўзняўся на шматмятровую вышыню.

Дзецям можна было пасядзець у пажарнай машыне, пазнаёміцца з экіпіроўкай выратавальнікаў, пусціць струмень вады з пажарнага рукава.

Многіх зацікавіў кантактны заапарк. Рабяты кармілі экзатычных жывёл, гладзілі іх.

 Без перапынку амаль увесь дзень працавалі надзіманыя атракцыёны.

Прыехалі на свята і байкеры. Іх матацыклы выклікалі ў дзяцей агульнае захапленне, многім пашанцавала пракаціцца.

Аднак не меншую цікавасць, чым матацыклы, выклікаў  конь, у сядле на якім таксама можна было праехаць усім жадаючым. Высветлілася, што з малодшых жыхароў аграгарадка мала хто сядзеў у сядле і ўмее кіраваць канём. На свяце можна было гэта паспрабаваць.

Майстар-клас наладзіў на цэнтральнай плошчы Мастоўскі цэнтр рамёстваў. Яго выстава найбольш зацікавіла дарослых.

Вечарам адбылася дыскатэка для моладзі.

Свята “Гулянне на Святога Яна” стала ў Правых Мастах традыцыйным. Мясцовы касцёл тут носіць назву Святога Яна і на свята  прыцягвае нямала вернікаў. З-за пандэміі ў мінулым годзе яно  не праводзілася. Цяпер  гэта стала магчымым. Людзям падабаюцца ўрачыстая абстаноўка, такія цёплыя і прыязныя зносіны, якія бываюць на агульным свяце аграгарадка.

Станіслаў ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио