Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньСоциумДуховностьСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Беларусь - ЭТО МЫ!

Сведкі мінулых эпох – побач з намі: у Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” ладзілася мерапрыемства да Дня сусветнай спадчыны

Сведкі мінулых эпох – побач з намі: у Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” ладзілася мерапрыемства да Дня сусветнай спадчыны18 апреля 2025 — 09:14

Штогод у красавіку сусветная грамадскасць звяртае ўвагу на праблему  захавання і абароны культурнай спадчыны чалавецтва. З 1983 года ў многіх краінах свету 18 красавіка святкуецца Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных месцаў (Дзень сусветнай спадчыны).

Аб тым, якія помнікі архітэктуры і нематэрыяльнай спадчыны Мастоўшчыны знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы і што можа зацікавіць турыстаў на нашай малой радзіме, даведаліся ўдзельнікі мерапрыемства “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, што прайшло ў Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек”.

Помнікі  і архітэктурныя збудаванні – нямыя сведкі мінулага. Адна эпоха змяняе другую, а яны назаўсёды застылі ў часе. Гісторыя Мастоўшчыны таксама адлюстравана ва ўнікальных помніках архітэктуры, што займаюць значнае месца ў культурнай спадчыне нашага народа.

Свята-Троіцкі касцёл у вёсцы Плябанаўцы, Свята-Мікалаеўскі храм у аграгарадку Дубна, касцёл Святой Ганны ў Лунна, царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Бялавічы. Кожны з іх захоўвае нейкую сваю тайну, авеяную мясцовымі легендамі і паданнямі. І кожны з гэтых помнікаў архітэктуры – славутасць Беларусі, яе гісторыка-культурная каштоўнасць.

– На тэрыторыі Мастоўскага раёна знаходзіцца 19 гісторыка-культурных каштоўнасцей, занесеных у Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь. Гэта 17 помнікаў (10 помнікаў археалогіі, 4 помнікі архітэктуры, 3 помнікі гісторыі – брацкія магілы). А таксама дзве нематэрыяльныя фіксаваныя каштоўнасці: мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” в. Котчына і традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў аг. Гудзевічы, – расказвае спецыяліст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны музея Святлана Рагацэвіч.

У мінулым 2024-м годзе на чатырох аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны былі праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Так, быў выкананы рамонт даху на Свята-Пакроўскай царкве ў в. Бялавічы, у Свята-Мікалаеўскай царкве аг. Дубна завяршыліся работы па замене запаўненняў аконных праёмаў, абнавілася ўваходная брама Свята-Троіцкага касцёла, новы выгляд набыла брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у Мастах. Усяго на гэтыя патрэбы было накіравана  205 808,56 рублёў.

Гістарычныя месцы і помнікі захоўваюць шмат каштоўных звестак і ведаў пра мінулае, побыт і норавы нашых продкаў. І гэта добра вядома бібліятэкару Зарудаўеўскай сельскай бібіліятэкі Марыі Рахунок. Нястомны краязнаўца падзялілася інфармацыяй аб зборы матэрыялу і стварэнні сумесна з работнікамі Мастоўскай раённай бібліятэкі конкурснай работы, у аснову якой быў пакладзены летапіс Свята-Пакроўскай царквы в. Бялавічы. У мінулым годзе іх праца набыла і кніжную форму – на сродкі фундатараў, з благаславення настаяцеля храма айца Іаана Аўсіевіча была выдадзена аднайменная кніга тыражом 100 экзэмпляраў.

З цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства далучыліся да майстар-класа па ткацтве, які правялі супрацоўнікі Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея.

– У нашым музеі ёсць экспазіцыя “Народнае ткацтва”. Абумоўлена гэта тым, што ў нас сабрана багатая калекцыя тканых рэчаў – гэта ручнікі, посцілкі, дываны, абрусы, паяскі, – паведаміла навуковы супрацоўнік Гудзевіцкага музея Лілія Рэйшаль. – У 1970 годзе Вера Ігнатаўна Белакоз стварыла пры музеі гурток, дзе мясцовыя дзеткі вучыліся ткаць на невялікіх ручных кроснах закладкі для кніг, паяскі і гальштукі. Сама жа Вера Ігнатаўна з’яўляецца носьбітам тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў. Прыязджайце да нас у Гудзевічы ў чэрвені, на Летнюю школу “Майстэрня падвойнага ткацтва”, дзе абавязкова засвоіце сакрэты ткацкага рамяства.

А дырэктар Мастоўскага турыстычна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Хальцова запрасіла ўсіх на цікавую экскурсію, якая так і называецца – “Архітэктурныя, гістарычныя і прыродныя помнікі Мастоўскага раёна”. Маршрут турыстычнай вандроўкі ўключае знаёмства з большасцю гісторыка-культурных каштоўнасцей Мастоўшчыны.

“Зберагчы нашу гістарычную радзіму” – такі дэвіз мае Дзень аховы помнікаў і гістарычных месцаў. Гучаў ён і падчас мерапрыемства ў музеі, якое ўпрыгожылі чароўнымі гукамі музычных твораў таленавітыя выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў Юлія Шчаржэня, Ціхан Мацейчык, Яна Жураўлёва, Уладзіслаў Пазняк, Маргарыта Пяцэвіч, ансамблі цымбалістаў і струнна-смычковых інструментаў “Менуэт”.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио