Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Свае вершы чыталі настаўніца і вучні. У Курылавіцкай школе цікава прайшлі мерапрыемствы Тыдня роднай мовы

Свае вершы чыталі настаўніца і вучні. У Курылавіцкай школе цікава прайшлі мерапрыемствы Тыдня роднай мовы27 февраля 2026 — 16:07

Давялося бачыць як вучні Курылавіцкай школы заходзілі ў кабінеты  і з цікавасцю чыталі прымацаваныя на дзвярах таблічкі.

– У нас праводзіцца Тыдзень роднай мовы, – сказала намеснік дырэктара Тамара Сідорка. – Напомнілі вучням пра яе вартасць і багацце. Ты можаш захапляцца фізікай, матэматыкай ці хіміяй, але абавязаны ведаць родную мову. На кожны дзень Тыдня распрацавалі адметныя мерапрыемствы.

Аб гэтым больш падрабязна нам рассказала настаўніца  беларускай мовы і літаратуры Вера  Пашкевіч:

– У першы дзень школа сустрэла вучняў і настаўнікаў выказваннямі пра мову вядомых паэтаў і пісьменнікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча, Ніла Гілевіча і іншых. Выказванні разам з рознакаляровымі шарамі размяшчаліся на дзвярах усіх кабінетаў – калідор выглядаў вельмі святочна. У бібліятэцы была наладжана выстава кніг пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года: Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа.

Пасля ўрокаў у гэты ж дзень прайшоў конкурс апавядальнікаў “Мясціна, дзе я нарадзіўся”, у час якога дзеці расказвалі пра свае мясціны. Цікава было паслухаць што дзеці думаюць пра самыя розныя вёскі: Курылавічы, Мілявічы, Стукалы, Галубы.

Другі дзень падарыў нам моўныя крыжаванкі. На кожным перапынку іх разгадвалі вучні. Асабліва старалася Ксенія Толсцік, якая  і стала пераможцай.

– 18 лютага дзяцей сустрэла майстэрня маладога паэта “Мае жывыя радкі”, у час якой я дазволіла сабе пачытаць дзецям мае асабістыя вершы: “Шчаслівае дзяцінства “, “Мінулае побач”, “Раніца”, – паведамляе настаўніца. – Тут жа пагаварылі і пра талент, і пра натхненне, і пра тэхніку складання вершаў. Ксенія Толсцік прачытала верш Юрася Свіркі “У нас сваіх хапае слоў”, з якім нядаўна ўдзельнічала ў конкурсе “Творчество без границ”.  Дар’я Дубатоўка  з 7 класа прызналася ўпершыню, што піша, што творыць. Сёстры Кацярына і Анастасія Іванчык прачыталі свае вершы, прысвечаныя Івану Мележу і Івану Шамякіну. Вершы былі адпраўлены на суд журы на рэспубліканскі завочны літаратурны конкурс “Ад паэзіі сэрца да прозы жыцця”.

Вера Уладзіміраўна таксама паведаміла, што вучні і настаўнікі ўспрынялі дыктант як вялікую ўрачыстую падзею. Ён быў прысвечаны Году беларускай жанчыны. Тэкст называўся “Рабіць дабро” і расказваў пра народную артыстку Беларусі Галіну Кліменцьеўну Макараву. У вечнасць упісвала гісторыя вучнёўска-настаўніцкае сяброўства і сумесную працу. Дыктант паказаў, што настаўнікі умеюць дасканала пісаць на беларускай мове, а значыць, ведаюць і любяць яе.

Апошняе мерапрыемства – гульня-падарожжа “Ці ведаеш ты сваю мову?” – праводзілася менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы. Невялікае паведамленне пра прычыны ўзнікнення ў 2000 годзе гэтага свята, а потым гарачае спаборніцтва паміж дзвюма зборнымі камандамі “Пташкі” і “Забіякі”. Было вельмі многа цікавых прыпынкаў-заданняў: “Слова”, “Падарунак”, “Пралеска”, “Хто хутчэй?” і іншых. Журы вызначыла пераможцу – каманду “Пташкі”. Але прызы атрымалі ўсе, нават гледачы.

На працягу Тыдня ў час перапынкаў у школе гучалі песні на вершы беларускіх паэтаў, дэманстраваліся на мультыбордзе відэазапісы выступленняў “Песняроў” і Уладзіміра Мулявіна, які, будучы рускім па нацыянальнасці, вельмі моцна палюбіў Беларусь і беларускую мову.

Самыя актыўныя ўдзельнікі Тыдня атрымлівалі салодкія падарункі – беларускія “Алёнкі”.

– Я ўпэўнена, што навучэнцы яшчэ доўга будуць асонсоўваць эмоцыі і думкі, якімі быў багаты Тыдзень роднай мовы. Мы працавалі як адна каманда. Нас вяла ўзнёсласць. Акрылялі перамогі. Мы тварылі дабро. Дзякуй, Тыдзень, за ўражанні, за новыя знаёмствы, за карысныя веды! Мы душой і сэрцам з табой, наша родная беларуская мова! Самая мілагучная, самая цёплая, самая добрая! – падвяла вынік Тыдня Вера Пашкевіч.

Станіслаў ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара і прадастаўлена

ДУА “Курылавіцкая сярэдняя школа”

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты