Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумБелорусский союз женщин - 30 лет вместе

Сустрэча з працягам

Сустрэча з працягам05 декабря 2017 — 11:57

Надвор’е ў лістападзе выдалася няўстойлівым: то снегам з дажджом апошні месяц восені напужае, то сонцам падманецца. Дажджліва і няўтульна ў наваколлі Гудзевіч было і на пазамінулым тыдні. Аднак гэта не перашкодзіла мясцовым жанчынам, што аб’яднаны ветэранскай арганізацыяй і ідэямі Беларускага саюза жанчын, сабрацца разам і зладзіць цікавую сустрэчу.

 

Спатрэбіўся толькі тэлефонны званок старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ЗАТ “Гудзевічы” і пярвічкі жансавета Гудзевіцкага сельвыканкама Ірэны Адольфаўны Жукоўскай аб месцы і часе збору, і ўжо праз некалькі гадзін фае мясцовага музея напоўнілі галасы актывістак грамадскіх аб’яднанняў.


Перш-наперш для іх было арганізавана знаёмства з выстаўкай “Іх працай славіцца наш край”, прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Фотаздымкі розных гадоў, з якіх пазіраюць кіраўнікі мясцовага сельгас-прадпрыемства, яго лепшыя даяркі, механізатары, паляводы, спецыялісты, а таксама разнастайныя друкаваныя матэрыялы з цікавымі фактамі з іх жыцця нікога не пакінулі раўнадушнымі. Ды і як іначай, калі з многімі звязваюць не толькі прафесійныя, але і сяброўскія адносіны.


Затым ва ўтульнай атмасферы музейнага пакоя, за кубачкам духмянага чаю і хатняй выпечкі, жанчыны з задавальненнем слухалі мясцовага паэта Мікалая Пятровіча Іваноўскага. На гэты раз ён прапанаваў на суд адных са сваіх самых удзячных слухачоў жартоўныя байкі.


Каларытныя вобразы, што “змаляваны” часам не з самых лепшых праяў чалавечага характару, трапныя выразы, якія тут жа разышліся на цытаты, прыйшліся па душы ўдзельніцам паэтычнай сустрэчы. Усмешкі не сыходзілі з іх твараў, пераходзячы ў выбухі залівістага смеху — адным словам, далоў восеньскую хандру і дрэнны настрой! Толькі пазітыў, станоўчыя думкі і справы, якія, безумоўна, з лепшага боку ўплываюць на ўвесь арганізм і стан здароўя. Асабліва ў шэрыя і аднастайныя дні.


Дарэчы, гэтая сустрэча, па просьбах жанчын, павінна мець свой працяг. Па словах Ірэны Адольфаўны Жукоўскай, тэмай для чарговага збору і зацікаўленай размовы стануць вітаміны. І тыя, якія мы набываем у аптэцы, і тыя, што назапашаны за лета кожнай дбайнай гаспадыняй. Да таго ж у кожнай прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва і захавальніцы сямейнага ачага ёсць свае няхітрыя “сакрэты”, як захаваць бадзёрасць і аптымізм, заўсёды добра выглядаць. Гудзевіцкія жанчыны абяцалі падзяліцца некаторымі з іх не толькі з сяброўкамі, але і з нашымі чытачамі. Так што сачыце за матэрыяламі на старонках “раёнкі”.


Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио