Калі чалавек разменьвае дзевяты дзесятак гадоў жыцця, міжволі ў памяці, як у старым чорна-белым кіно, пра-кручваецца пражытае і перажытае. Чалавечая памяць— дзіўная рэч, іншы раз уваскрашае і тое, аб чым хацеў бы даўно забыцца. Гэта ў камп’ютары адным націскам кнопкі можна сцерці застарэлую ці непатрэбную інфармацыю. З чалавечай памяццю такая аперацыя не праходзіць. Наадварот, надыходзіць такі момант, калі ўсё пражытае і перажытае хочацца запісваць і перачытваць самому, падзяліцца ўспамінамі са знаёмымі...
Сяргей Апанасавіч Суравец сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей. Найчасцей успаміны пераносяць яго ў дзяцінства і маладосць. Успамінаецца дзяцінства, якое прайшло на Магілёўшчыне, у вёсцы Скачок Кіраўскага раёна, адабранае і пакалечанае вайной. Да вайны хлопчык паспеў закончыць толькі тры школьныя класы. Хіба можна выкрасліць з памяці той жудасны эпізод, калі яны, трое дзяцей, нема галасілі над целам забітай маці. Сяргею ў час вайны даводзілася бачыць многа загінуўшых вяскоўцаў, але страта самага роднага і дарагога чалавека ў дзіцячай памяці зафіксавалася навечна. Самае крыўднае, што маці Ірына Міканораўна толькі тры тыдні не дажыла да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… У пасляваенны час усім жылося нялёгка, а малым сіротам асабліва.
Успамінам паспрыяла і сёлетняя сустрэча са здавалася паўзабытымі, але такімі мілымі і дарагімі сэрцу сябрамі юнацтва— аднакурснікамі па Жыліцкаму сельскагаспадарчаму каледжу. Праз шэсцьдзесят гадоў у яго сценах (тады каледж называўся “Бабруйская трохгадовая агранамічная школа”) зноў сабраліся выпускнікі мінулых гадоў. Сярод іх быў і Сяргей Апанасавіч Суравец — выпускнік 1951 года. Ужо для сённяшніх выкладчыкаў каледжа ён з былой аднакурсніцай Аленай Мікалаеўнай Каган экспромтам падрыхтавалі музычны падарунак. Для Сяргея, простага сялянскага хлопца, агранамічная школа, дзе ён спасцігаў не толькі хлебаробскую навуку, стала сапраўднай акадэміяй жыцця.
Пазней жыццёвыя пуцявіны прывялі Сяргея Апанасавіча Сураўца ў наш раён. Больш за два дзесяцігоддзі ён узначальваў на Мастоўшчыне камітэт народнага кантролю. На гэтай пасадзе трэба ўмець быць прынцыповым і аб’ектыўным, каб не страціць давер людзей, дапамагчы ім вырашыць праблемы. Калі выйшаў на пенсію, Сяргей Апанасавіч некаторы час узначальваў раённы савет ветэранаў, стараўся, чым можна, дапамагаць пажылым людзям.
—Я стараўся выконваць свае абавязкі, на якой бы пасадзе ні працаваў, з усёй адказнасцю, укладваў у работу душу і перажываў, калі нешта не атрымлівалася, —расказвае Сяргей Апанасавіч.
Летапіс жыцця адразу пішацца на чыставік, яго не перапішаш, нават калі нешта вельмі хочацца перапісаць. І дастойны павагі той чалавек, у каго летапіс напісаны без асаблівых памылак і памарак. У Сяргея Апанасавіча Сураўца гэта атрымалася.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымках: (справа) -- С. А. СУРАВЕЦ у маладосці; (злева) -- у час сустрэчы з былымі аднакурснікамі.Здымкі з сямейнага альбома С. А. Сураўца
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад