Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумОбщественная жизньСпорт и ТуризмТуризм и отдыхБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

СУЛА: падарожжа ў часе. Чаму тут кожны наведвальнік адчувае гонар за беларускі народ, яго багатую гісторыю і культуру?

СУЛА: падарожжа ў часе. Чаму тут кожны наведвальнік адчувае гонар за беларускі народ, яго багатую гісторыю і культуру?06 августа 2022 — 08:30

Вы верыце ў машыну часу? Так, я таксама не верыла, пакуль не трапіла ў Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула. Не ведаеце, дзе такі існуе? За 60 кіламетраў ад Мінска, непадалёку ад гарадскога пасёлка Івянец, на беразе аднайменнай ракі размясцілася Вялікае Княства Сула. Ні разу не чулі пра такое? Тады прапануем адправіцца разам з намі ў віртуальнае падарожжа, пасля якога, упэўнена, вам абавязкова захочацца ўбачыць усё сваімі вачыма.

Мост паміж сучасным і мінулым

Толькі ўявіце: праходзіце вы мост, які сімвалічна злучае сучаснасць і мінулае,  і пад шум струменяў падаючай вады, якая набягае на кола вадзянога млына, крыху затрымаўшыся, адчуваеце, быццам пружына часу выпростваецца, адлічваючы стагоддзе за стагоддзем.

Позірк затрымліваецца на ўзбярэжжы возера, дзе ў чаканні далёкага падарожжа застылі два драккары (караблі вікінгаў), прыгожы від адкрываецца на каралеўскую асамблею, ратушу, калегіум, паляўнічую рэзідэнцыю караля Стэфана Баторыя і іншыя аб’екты парка… Адчуванне, быццам трапіў у іншае вымярэнне. І яно з кожным крокам па Парку толькі ўзмацняецца.

Трэба адзначыць, што сядзібна-паркавы комплекс Сула размясціўся ў гістрычным месцы – на тэрыторыі былых уладанняў рода Ленскіх. Больш за 15 гадоў літаральна па драбніцах аўтар ідэі і стваральнік Парка Андрэй Запольскі разам з такімі ж энтузіястамі аднаўлялі гісторыю гэтага ўнікальнага месца. Так крок за крокам, каменьчык за каменьчыкам – і вырас комплекс, сапраўдны гістарычны Дрымленд, які круглы год вітае турыстаў не толькі з Беларусі, але і з усяго свету.

Шчыра кажучы, пасля наведвання Парка Сула, адчуваеш гонар за наш народ, расце пачуццё ўласнай годнасці і разуменне таго, што мы маем сваю ўласную вялікую гісторыю.

І ведаеце што? Трэба расказваць пра гэта дзецям! Трэба расказваць, хто мы такія, якімі таленавітымі і бясстрашнымі былі нашы продкі. І тады маладое пакаленне вырасце лепшым за нас, бо яно навучыцца любіць мінулае, цаніць сучаснае і зберажэ наш агульны дом – Беларусь – для іншых удзячных нашчадкаў.

“Месца сілы”,  камень-вястун і рытуал “ачышчэння агнём”

Падарожжа па Суле пачынаецца ля “месца сілы”, ці кромлеха “Вароты ўсіх зорак”, які ўяўляе сабой кампазіцыю з 12 вертыкальных каменняў, што сімвалізуюць задыякальныя сузор’і. Гэта мясцовы Стоунхендж. У старажытнасці лічылася, што месца, “дзе Зямля злучаецца з Небам”, валодае моцнай энергетыкай, засцерагае ад хвароб  і аберагае ад усяго дрэннага.

Пасядзець у шалашы, пагрэцца ля вогнішча на імправізаванай стаянцы старажытнага чалавека – кожны жадаючы мае магчымасць прымерыць гэты вобраз на сябе.

Не менш цікавая і пляцоўка славянскіх культаў і вераванняў, дзе “сышліся” драўляныя ідалы Перуна, Велеса, Цёці (Багіні дамашняга ачага), Лёлі (Багіні вясны і кахання). Ёсць тут і камень-вястун. Вядома, што нашы продкі лічылі такія камяні надзеленымі асаблівай сілай, бачылі ў іх абярэгі, якія даравалі благаславенне і дапамогу. Трэба проста дакрануцца да каменя, папрасіць у яго здароўя і сілы –  і старажытны волат абавязкова вам дапаможа!

Зусім побач і рытуальнае вогнішча, дзе кожны жадаючы можа прайсці рытуал “ачышчэння агнём”. Для гэтага расказваеце галінцы вярбы свае крыўды і трывогі і кідаеце яе ў агонь, вымаўляючы “заклінанне”. Пасля чаго на душы добра і лёгка –  выпрабавана на сабе.

Мазаіка традыцый, моў і рамёстваў

Як выглядала беларускае мястэчка ў 18-19 стагоддзях, як жыло, чым займалася яго насельніцтва? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні таксама можна знайсці ў Парку Сула.

Местачковая аптэка-музей пагружае ў незвычайную атмасферу лекарства мінулага, калі яшчэ не пахла фармалінам і спіртам, а выключна беларускімі зёлкамі.

Асаблівай аўрай старабеларускай яўрэйскай культуры вызначаецца “яўрэйская хатка” – рэальны дом-майстэрня-магазін, які належаў некалі Маісею Беразовічу. Як сведчыць надпіс ля ўвахода, “Маісей заўсёды дома, тут усё можна купіць і адрамантаваць”. А таго, чаго нельга было купіць адразу, заказвалі. Заказ папярэдне запісвалі ў асобны сшытак – так працаваў старажытны “алі-экспрэс”.

Ткацкая і шапавальная майстэрні мястэчка прапануюць адчуць сябе ткачыхай ці майстрам-шапавалам. А атрымаць яркія эмоцыі і пасмяяцца ад душы дазваляе музей беларускай батлейкі. Тут можна не толькі даведацца шмат цікавага пра “ютуб” мінулых стагоддзяў, але і стаць гледачом сапраўднага лялечнага тэатра ў трох’яруснай батлейцы з аўтарскімі лялькамі.

Пакатацца на драккары і концы

І такія забавы прапануе Сула для сваіх наведвальнікаў. Адчуць сябе воінам- вікінгам, купцом ці проста падарожнікам і адправіцца на сапраўдным драккары па шляху “з варагаў у грэкі” – гэта рэальнасць Парка-музея. Сульскі драккар – веснік былой эпохі – мае паўнавартасныя памеры ладдзі вікінгаў і можа адначасова перавезці да 50 чалавек.

Падарожжа па возеры хоць і хутка заканчваецца, але прыносіць масу пазітыву і дзясяткі атмасферных фота на памяць.

А з гэтага года ў Суле можна яшчэ здзейсніць падарожжа і па коннай чыгунцы, ці концы, як яе ласкава называлі нашы продкі. Калісьці конка была пракладзена ў Маскве, Пецярбургу і Мінску. Зараз адчуць дыханне мінулага можна і нам, купіўшы квіток на адзіную адноўленую конную чыгунку ў Беларусі. Чуеце: “Дзынь-дзынь…”. Паехалі!

Сульскі парк інтэрактыўны. Тут можна атрымаць майстар-клас ігры на дудзе і фісгармоніі, навучыцца некаторым каленцам сярэднявечных танцаў, пакруціць ганчарнае кола і жорны, пакатацца на брычцы ці вярхом на кані. Увогуле, усё можна пакратаць і нават пакаштаваць. Усё гэта дадае эмоцый і ўражанняў ад наведвання Парка. Ну што, вы яшчэ сумняваецеся? Упэўнена, што адзін выхадны вы абавязкова праведзяце ў Суле.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале

Подписывайтесь по ссылке


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио