На берагах Нёмана і Зяльвянкі ў левабярэжжы горада Масты студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вядуць раскопкі.
На адным з шурфаў на левым беразе Нёмана побач са спартыўнай школай алімпійскага рэзерву па веславанні на байдарках і каноэ мы сустрэлі некалькі студэнтаў і іх кіраўніка практыкі, старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, магістра гістарычных навук Аляксандра Гаршкова. Студэнткі якраз дакументальна афармлялі знойдзеныя артэфакты, а Аляксандр Дзмітрыевіч пры дапамозе тахіометра фіксаваў месца іх знаходжання. Мы пацікавіліся, чаму было выбрана гэтае месца для раскопак, ці знойдзена нешта цікавае?
– У нас археолага-этнаграфічная практыка студэнтаў першага курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, – паведаміў Аляксандр Гаршкоў. – Працуюць дзве групы ў складзе 18 чалавек. У асноўным студэнты, у якіх будучая спецыяльнасць археалогія, але ёсць і гісторыкі, і валанцёры.
На беразе Зяльвянкі працуюць яшчэ шэсць студэнтаў, якія ўжо прайшлі сваю практыку і прыехалі сюды ў якасці валанцёраў. Там закладзена яшчэ два шурфы.
Нам вядома, што самыя раннія матэрыялы адносяцца да свідэрскай культуры, а гэта у раёне 9800 – 8700 года да нашай эры. Гэта адны з першых пасяленцаў, якія сюды прыйшлі. Не самыя першыя, але адны з першых. А ў цэлым у археолагаў ёсць матэрыялы, якія сведчаць аб тым, што тэрыторыя Мастоўшчыны была заселена каля 13-12,5 тысяч гадоў назад. Нашы раскопкі таксама накіраваны на пошук артэфактаў таго часу, на жаль, мы іх пакуль не атрымалі. Асноўны матэрыял, які ідзе ў нашым цяперашнім раскопе – гэта эпоха позняга неаліту, ранняга бронзавага веку – так званая Нёманская культура (7-3 тыс. да н.э.). Знаходзім кераміку, наканечнікі стрэл, крамянёвыя рэчы.
Кожная знаходка мае пашпарт-метрычку, сваю каардынацыю, пасля ствараецца карта 3D. Мы аналізуем, якія былі гаспадарчыя зоны. Імкнемся максімальна рэканструяваць тое, што мы на гэтым участку ўскрылі, таму што адна з задач археалогіі – гэта максімальная фіксацыя знойдзенага, бо пасля нас гэтае месца ўжо ніхто капаць не будзе.
– Што ў даўнія часы было на тым месцы на беразе Нёмана, дзе вы залажылі шурф?
– Тут знаходзіцца археалагічны помнік “Зальвяны-2”, які быў адкрыты яшчэ археолагам Львом Клейнам у 1954 годзе. Тут ён правёў даследаванні. Адкрыў стаянку людзей “Зальвяны-1” на левым беразе пры ўпадзенні ракі Зяльвянка і два месцы вось тут, дзе мы знаходзімся. Да нас актыўных раскопак тут з таго часу ніхто не праводзіў, таму мы і вырашылі ў гэтым месцы правесці даследаванні і адначасова практыку студэнтаў.
– Якім стагоддзем датаваў стаянку гісторык Клейн?
– Каменным ці бронзавым, таму што артэфакты якія ён знайшоў, былі аднолькавыя. Калі яго экспедыцыя тут вяла раскопкі ў 50-х гадах, то ні лесу, ні спартыўнай школы ў гэтым месце не было, а толькі поле.
– Што знайшлі вы?
– Трохкутны наканечнік стралы, ёсць у нас таксама шэраг крамянёвых прылад. Гэта скрабкі, адна пракрутка, адыходы вытворчасці сякер і іншых прылад. З часу позняга неаліту знаходзім кераміку з дамешкамі травы, нават арнаментаваную.
Шмат матэрыялаў знаходзім 16-17 стагоддзяў, калі тут вялося актыўнае гаспадарчае жыццё. Пласт эпохі неаліту быў значна разбураны ў выніку гаспадарчай дзейнасці людзей у познім сярэднявеччы.
– Які далейшы лёс знойдзеных артэфактаў?
– Перададзім у раённы музей “Лес і чалавек”. Няхай мастаўчане глыбей ведаюць сваю гісторыю.
Мы пабывалі таксама на правым беразе Зяльвянкі, дзе студэнты і валанцёры заклалі яшчэ некалькі шурфаў. Работамі тут кіравала кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Алена Касюк.
– Мы заклалі тры шурфы, – расказала Алена Фёдараўна. – Вядзём разведвальныя работы па даследаванні сялянскіх сядзіб 16-18 стагоддзя, шукаем цікавыя месцы, дзе значны культурны пласт. Можна сказаць, што ўжо ў 16 стагоддзі правы бераг Зяльвянкі ад упадзення яе ў Нёман да Песак быў заселены людзьмі. Аднак рака не цячэ па адным і тым жа русле вякамі. Некалькі стагоддзяў назад яна затапіла месца, дзе жылі людзі. Яны пакінулі абжытую тэрыторыю і шмат артэфактаў гаспадарчай дзейнасці. А паколькі глеба доўгі час была вільготнай, то яны добра захаваліся. У сваіх пошуках мы кіруемся даследаваннямі вучонага-гісторыка Валерыя Шаблюка, які даследаваў сельскія паселішчы Верхняга Панямоння 14-18 стагоддзяў. Знойдзена нямала цікавых артэфактаў, якія таксама перададзім у мастоўскі музей.
Мы паразмаўлялі з будучымі гісторыкамі, спыталі ці спадабалася ім практыка на Мастоўшчыне, як праводзілі вольны час?
Васіліна Кабушка,
студэнтка 1 курса:
– У час практыкі ў нас атрымалася вельмі цікавая праца. Адна справа – прачытаць пра нейкі артэфакт з даўніх часоў, іншая – самому знайсці яго і патрымаць у руках. Мы ўжо ведаем методыку, як зафіксаваць і захаваць археалагічныя знаходкі. Я сама з Баранавіч. На Мастоўшчыне першы раз. Вельмі цікавы край, вельмі шмат археалагічных знаходак.
Мацвей Чубараў,
студэнт 1 курса:
– Мая будучая спецыяльнасць звязана з гісторыяй і археалогіяй. Менавіта яе я вырашыў атрымаць, прыехаўшы ў Гродна з Віцебска. Я працаваў на ўзбярэжжы Зяльвянкі на дальніх раскопах. Многа чаго ўдалося знайсці. Зафіксавалі знаходкі з часу Сярэднявечча і Новага часу. Вельмі шмат керамікі. Знойдзены, напрыклад, часткі керамічнага посуду з часу неаліту. Спадабаліся і Нёман, і Зяльвянка, дзе мы адпачываем у вольны час, вельмі прыгожыя мясціны. Напярэдадні Дня Незалежнасці мы ўзялі свой інструмент і накіраваліся да помніка Івана Тордзія, навялі там парадак, нават памылі сам пастамент. А ў дзень свята ўсклалі там кветкі, правялі невялікі мітынг, успомнілі падзеі вайны.
Андрэй Юдэнка,
студэнт 1 курса:
– Я – будучы гісторык. Археалогія да маёй спецыяльнасці не мае непасрэднага дачынення, але вельмі хацелася набыць пэўны вопыт і ў гэтай дысцыпліне, як жа гісторыку без яе! Мне вельмі цікава было ўдзельнічаць у раскопках. Спадабаўся і горад Масты, дзе я раней не быў. Мы жывём у палатках, самі рыхтуем сабе ежу. Атрымаліся вельмі добрыя стасункі з навучэнцамі і персаналам цэнтра алімпійскага рэзерву, яны прыходзяць да нас у госці, цікавяцца знаходкамі, дапамагаюць. Я задаволены, што прыехаў на Мастоўшчыну. У нашым лагеры горда лунае флаг экспедыцыі. Яго мы намалявалі самі, на ім – сімвалы горада Масты і год правядзення тут раскопак.
Па знойдзеных на Мастоўшчыне артэфактах, як сказаў старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Гаршкоў, будуць праведзены навуковыя даследаванні. А мы, мастаўчане, глыбей даведаемся пра нашу гісторыю. Ужо зараз несумненна адно: наша малая радзіма жыла і развівалася не на абочыне гісторыі чалавецтва, а разам з ёю з далёкіх-далёкіх часоў.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
#артефакт #история #Мостовщина
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад