Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Беларусь - ЭТО МЫ!Сімвалы Радзімы маёйСімвалы Радзімы маёй

Струбніцкі фэст “Свята, поўнае пашаны” сабраў гасцей

Струбніцкі фэст “Свята, поўнае пашаны” сабраў гасцей16 июня 2025 — 10:12

У мінулую пятніцу ў аграгарадку Струбніца ладзілася самае самабытнае свята Мастоўшчыны – Струбніцкі фэст “Свята, поўнае пашаны”.

Яно прымеркавана да дня памяці Антонія – аднаго з самых любімых і шанаваных святых каталіцкай царквы. У нашай мясцовасці свята ў яго гонар ладзіцца штогод 13 чэрвеня ў касцёле Святой Троіцы ў в. Плябанаўцы і збірае сотні жыхароў з навакольных вёсак і не толькі.

Дата смерці святога Антонія стала сімвалам веры для католікаў, якія на працягу многіх гадоў просяць у яго дапамогі ў сямейных і сардэчных справах, а таксама ў набыцці сэнсу жыцця ў цяжкія перыяды смутку і адчаю. Святы Антоній пражыў нядоўга – усяго 35 гадоў, аднак змог праславіцца сваімі пропаведзямі і добрымі справамі на стагоддзі.

Гісторыя жыцця Антонія дазваляе лічыць яго заступнікам падарожнікаў, у яго просяць дапамогі, калі згубілася штосьці каштоўнае, шукаюць заступніцтва каханыя. Вельмі сціплы і непатрабавальны, Антоній заўсёды дапамагаў бедным, чым заслужыў пашану і любоў.

Трэба адзначыць, што касцёл Святой Троіцы ў в. Плябанаўцы, дзе штогод ладзіцца свята, з’ўляецца помнікам драўлянага дойлідства і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1740 годзе на высокім пагорку недалёка ад Струбніцы. Тут і да нашых дзён захаваліся старадаўні іканастас і арган, які і зараз дзейнічае. Пачуць яго можна было і падчас урачыстага богаслужэння.

А бліжэй да вечара вернікі і госці сабраліся на пляцоўцы ля Струбніцкага цэнтра вольнага часу і культуры, каб далучыцца да традыцый нашых продкаў, ладна і весела адпачыць у добрай кампаніі творчых людзей.

Павіншаваў прысутных са святам ксёндз Генрых:

Святы Антоній ужо шмат гадоў збірае нас з вамі разам, каб падзякаваць Богу за тое, што мы маем. Гэта і здароўе, і сям’я, і дабрабыт. Таксама святы Антоній кожнага з нас вядзе да Бога, бо святасць, вера і любоў  у душах і сэрцах – гэта галоўнае, што будзе вырашаць у нашай вечнасці.

Далучыўся да віншаванняў і старшыня Пескаўскага сельскага Савета Віталій Мялешка, акунуўшы ўсіх у невялікі гістарычны экскурс:

– Калісьці вёска, а зараз аграгарадок Струбніца, мае даўнюю гісторыю: першае ўпамінанне пра яе было яшчэ ў 16 стагоддзі, а дакладней, у 1588 годзе ў Кнізе Гродзенскай эканоміі. Да 1795 года Струбніца належала знатнаму роду Сухадольскіх, пасля – Біспінгам. Мы ганарымся поспехамі і дасягеннямі людзей, якія тут жылі раней і жывуць зараз. Гэта добразычлівыя, працалюбівыя і добрапрыстойныя вяскоўцы. Асаблівая пашана – старэйшаму пакаленню, чый багаты жыццёвы і працоўны вопыт, традыцыі і справы – прыклад для моладзі. 13 чэрвеня каталіцкія хрысціяне адзначаюць дзень памяці святога Антонія, якога мы ведаем як святара, прапаведніка і цудатворца. Сёння ўсе мы знаходзімся пад заступніцтвам Антонія. Жадаю ўсім міра, дабра, моцнага здароўя, дабрабыту.

Шмат прыемных хвілін і добры настрой падарылі гледачам творчыя калектывы, што з’ехаліся ў Струбніцу з усяго раёна і не толькі. Ужо не першы раз прэзентаваў тут сваю канцэртную дзейнасць сямейны ансамбль “Сваякі” Дома культуры аграгарадка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. Дарэчы, у 2019 годзе калектыў быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за захаванне, развіццё і папулярызацыю семейнай аматарскай творчасці.

 

 

 

Дружнымі апладысментамі сустракалі вяскоўцы артыстаў з Гудзевіч і Пацавіч, раённага цэнтра культуры, выступленні якіх былі сугучны з думкамі і памкненнямі прысутных. Многія вядомыя мелодыі ўдзячныя слухачы з задавальненнем падпявалі.

Таксама на свяце можна было пачаставацца смачнымі хатнімі пірагамі, стаць удзельнікам майстар-класа па пляценні з травы ад майстроў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦК, пазнаёміцца з выставай выбараў мясцовых майстрых і набыць прыемную драбязу дзецям і ўнукам. А завяршылася святочная праграма, як таго патрабуюць традыцыі, танцамі.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио