
Сёння ў аграгарадку Струбніца праходзіць самае самабытнае свята Мастоўшчыны – Струбніцкі фэст “Свята, поўнае пашаны”.
Яно прымеркавана да дня памяці святога Антонія – аднаго з самых любімых і шанаваных святых каталіцкай царквы. У нашай мясцовасці свята ў яго гонар ладзіцца штогод 13 чэрвеня ў касцёле Святой Троіцы ў в. Плябанаўцы і збірае сотні жыхароў з навакольных вёсак і не толькі.
Дата смерці святога Антонія стала сімвалам веры для католікаў, якія на працягу многіх гадоў просяць у яго дапамогі ў сямейных і сардэчных справах, а таксама ў набыцці сэнсу жыцця ў цяжкія перыяды смутку і адчаю. Святы Антоній пражыў нядоўга – усяго 35 гадоў, аднак змог праславіцца сваімі пропаведзямі і добрымі справамі на стагоддзі.
Гісторыя жыцця Антонія дазваляе лічыць яго заступнікам падарожнікаў, у яго просяць дапамогі, калі згубілася штосьці каштоўнае, шукаюць заступніцтва каханыя. Вельмі сціплы і непатрабавальны, Антоній заўсёды дапамагаў бедным, чым заслужыў пашану і любоў.
Трэба адзначыць, што касцёл Святой Троіцы ў в. Плябанаўцы, дзе ладзіцца свята, з’ўляецца помнікам драўлянага дойлідства і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1740 годзе на высокім пагорку недалёка ад Струбніцы. Тут і да нашых дзён захаваліся старадаўні іканастас і арган, які і зараз дзейнічае. Пачуць яго можна было і сёння падчас урачыстага богаслужэння.
А бліжэй да вечара вернікі і госці сабраліся на пляцоўцы ля Струбніцкага цэнтра вольнага часу і культуры, каб працягнуць свята, далучыцца да традацый нашых продкаў, ладна і весела адпачыць у добрай кампаніі творчых людзей.
БУДЗЕ ДАПОЎНЕНА
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад