Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Страва з душой: у Гудзевіцкім краязнаўчым музеі расказалі, як жа рабіць знакамітыя мясцовыя цэпеліны

Страва з душой: у Гудзевіцкім краязнаўчым музеі расказалі, як жа рабіць знакамітыя мясцовыя цэпеліны11 июля 2026 — 15:33

Бульба ды мяса ‒ гэтае спалучэнне выхавала пакаленні беларусаў. Ад Панямоння да Палесся харчаваліся нашы продкі калдунамі і цэпелінамі. Апошнія, дарэчы, сталі візітнай карткай Гудзевіч. Аб гэтым і расказалі на прэзентацыі традыцыйнай стравы ў Гудзевіцкім музеі.

Гасцей мерапрыемства, якіх у зале сабралася паўтара дзясятка, у холе сустрэла аднадзённая выстава вучняў Лунненскага філіяла Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Тэма, безумоўна, звязана з падзеяй: беларускія нацыянальныя стравы ў анфас і профіль, акварэллю і алоўкам.

Гэта быў аператыў, а цяпер час галоўнага блюда. Як зрабіць не проста кавалак бульбы з мясам, а страву з душой? Што трэба дадаць у нацёртую бульбу, каб яна не пацямнела і не стала выглядаць так, быццам карова жавала? У кулінарных справах няма неістотных пытанняў, асабліва калі гаворка заходзіць пра цэпеліны. Таму за “гатаванне” супрацоўнікі музея Марына Батвіноўская, Наталля Козел, Людзміла Станеўская і Таццяна Цыдзік узяліся з запалам і гумарам ‒ вось і тыя сакрэтныя інгрэдыенты да кожнага рэцэпта.

Разам з гледачамі жанчыны прайшлі праз усе стадыі гатавання цэпелінаў: і тарку (аніякіх блендараў! Ім, як кажуць, на кухні только мух пужаць можна), і адцісканне бульбы, і пераўтварэнне яе ў цеста…

‒ Ну і, канешне, фарш! Туды мы кладзем і сольку, і перчык… і шмат-шмат цыбулі! Цыбуля ў фаршы ‒ гэта як кампліменты для жанчыны: чым больш, тым яна сакавіцейшая! ‒ жартаўліва кажуць супрацоўніцы музея пад ухвальны рогат аўдыторыі.

Галоўны фокус ‒ перад варкай закручваць кавалак фаршу, быццам калыску. Только без дзірак і швоў, бо выляціць мяса з бульбянай “анучы” – і шукай яго потым у нетрах рондаля!

Але ж якая прэзентацыя стравы без самой стравы? Пасля заканчэння мерапрыемства ўсіх гасцей запрасілі на дэгустацыю, дзе іх ужо чакалі гарачыя, быццам беларускае сонейка, духмяныя, што малако маці, і сытныя, як наша зямля, гудзевіцкія цэпеліны. Канешне, прыгатавалі іх трошкі раней, а адказная за гэты шэдэўр кулінарнага мастацтва – жыхарка Гудзевіч Ганна Лісоўская.

Віктар МОХАНЬ

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты