Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Страчаная спадчына. Палац Незабытоўскіх у Алешавічах

Страчаная спадчына. Палац Незабытоўскіх у Алешавічах13 февраля 2012 — 10:00

Па шырокай пясчанай дарозе, па абодва бакі якой высіцца сцяна густога лесу, трымаю шлях у вёску Алешавічы Мікелеўшчынскага сельсавета. Як і многія аддаленыя населеныя пункты раёна, яна таксама паціху аджывае, адыходзіць у нябыт, цягнучы за сабою і тую гісторыю, якая з ёй звязана. А мясціна гэта насамрэч цікавая, і вядома яна найперш тым, што  там калісьці знаходзіўся шыкоўны маёнтак паноў Незабытоўскіх.

Сёння, на жаль, ад прыгожага будынка, узведзенага ў першай палове 19 стагоддзя,  не захавалася ні цаглінкі, а напамінам пра яго служаць толькі былыя панскія ставы, канюшня і млын 1904 года пабудовы, ды яшчэ некалькі векавых таполяў, праз якія ішоў шлях да сядзібы Незабытоўскіх. Прыхінаюся да таўшчэзных, магутных дрэў і чую, як парыпваюць яны сваім раскідзістым голлем, быццам бы шэпчуць штосьці. Вось каб дрэвы маглі гаварыць! Колькі цікавага і дзіўнага яны маглі б расказаць зараз!.. Мінаючы гэту старую дарогу, я накіроўваюся далей у вёску, дзе мяркую сустрэцца з жывымі сведкамі мінуўшчыны, якія яшчэ трымаюць у памяці эпізоды сівой даўніны.

Ядвіга Адольфаўна Клусевіч пражыла ў Алешавічах усё жыццё і ведае пра родную вёску многае. Шмат чула і пра палац Незабытоўскіх, асабліва ад свайго свёкра Уладзіміра Дамініка-віча, які служыў фурманам у пана, дарэчы, там жа працавала пры кухні і свякроў Стэпаніда. Менавіта Ядвіга Адольфаўна і дала нам каштоўны здымак, на якім сфатаграфаваны самыя пан і пані Незабытоўскія ў брычцы разам з яе свёкрам і эканомкамі. Уладзімір Дамінікавіч, успамінае жанчына, заўсёды вельмі добра адзываўся пра гаспадароў, казаў, што былі яны дабразычлівымі, прыемнымі людзьмі. Пані была лекаркай і часта дапамагала жыхарам вёскі справіцца з хваробамі, а таксама вучыла іх маліцца ў каплічцы пры палацы.

Сама Ядвіга Адольфаўна застала толькі той час, калі палац ужо быў зруйнаваны. А адбылося гэта ў савецкія часы, тады маёнтак і ўсё, што ў ім было, разрабавалі і расцягнулі ледзь не па частках. Сама цэгла была вывезена на будаўніцтва бальніцы. Свёкар Ядвігі Адольфаўны часта ўспамінаў, як яму прыйшлося ратаваць паноў, калі ў вёску прыйшлі савецкія салдаты. Ён паспеў пасадзіць іх у брычку і адвесці на чыгуначны вакзал, адкуль яны ўцяклі ў Польшчу. Некалькі гадоў таму, расказвае жанчына, у вёску прыязджалі родзічы Незабытоўскіх з Польшчы. Яны пабывалі на тым месцы, дзе калісьці знаходзіўся іх радавы маёнтак, спрабавалі знайсці магілку свайго продка.

Зінаідзе Іванаўне Белка ужо больш за 90 гадоў, яна нарадзілася і вырасла ў Алешавічах. Жанчына памятае тыя часы, калі панскі маёнтак яшчэ стаяў на сваім месцы і жыў поўным жыццём. “Палац быў вельмі прыгожы, - расказвае жанчына, - А вялікі які! Ён меў два паверхі, і ў ім было дзесьці 60 пакояў, калі не больш”. Сама Зінаіда Іванаўна была тады яшчэ падлеткам і разам з другімі дзецьмі хадзіла на заробкі да пана Незабытоўскага, палолі гародніну, пасвілі жывёлу. Незабытоўскім належала некалькі тысяч гектараў зямлі, ставы, у якіх вадзілася многа рыбы, а таксама некалькі тысяч гектараў лесу.

На сённяшні дзень пра маёнтак Незабытоўскіх у Алешавічах звестак захавалася няшмат, наконт гэтага не праводзіліся грунтоўныя даследаванні, мала вядома і пра саму беларускую лінію рода Незабытоўскіх, якім, дарэчы, належалі таксама і сядзібы ў іншых гарадах і мястэчках нашай краіны. Палац у Алешавічах быў пабудаваны ў стылі позняга класіцызму. Двухпавярховы будынак меў рызаліт (частка будынка, што выступае за асноўную лінію фасада) і тэрасу на калонах, аднапавярховыя бакавыя крылы на высокіх падмурках. Памешчыкі Незабытоў-скія валодалі маёнткам да 1939 года. Дарэчы, захаваўся малюнак гэтага палаца, які ў 1861-1877 гг. зрабіў вядомы беларускі мастак і кампазітар Напалеон Орда.

Паводле некаторых польскіх літаратурных крыніц дакладна вядома, што маёнтак у Алешавічах першапачаткова быў узведзены ўласнікам Барановічам спецыяльна для прыёму караля Аўгуста падчас палявання. Затым яго выкупіў Канс-танцін Незабытоўскі і пражываў там разам са сваёй жонкай Цэлестынай Каменскай. Гаспадары часта наладжвалі тут балі, на якія з’язджалася палова Літвы і мясцовая шляхта. Трэба адзначыць, што пан Незабытоўскі вельмі цаніў мастацтва і меў добрыя копіі знакамітых карцін, якія рабілі для яго мастакі Эдвард Паўловіч і Фалат. На жаль, як ад цудоўнага палаца разам з усёй маёмасцю, так і ад самых карцін не засталося і следу. Да гэтага часу мясцовасць наведваюць невядомыя людзі, фатаграфуюць напалову разбураныя панскія пабудовы, а некаторыя нават спрабуюць нешта знайсці пры дапамозе металашукальнікаў.

 Некалькі год таму, расказвалі мясцовыя жыхары, нейкія нелюдзі раскапалі магілу, якая знаходзілася недалёка ад панскага маёнтка, спа-дзеючыся адшукаць там каштоўныя рэчы, але нічога не знайшлі, а толькі апаганілі захаванне. Доўга хадзіла па вёсцы чутка і пра тое, што нехта быццам бы адкапаў каля старога панскага возера гаршчочак са старажытнымі манетамі, але хто гэта быў і куды той скарб дзеў, ніхто не ведае. Ды і ці быў ён наогул? Так паступова мясціна абрастае легендамі. Толькі вось вельмі шкада, што з’яўляюцца яны цяпер, можна сказаць, на пустым месцы, дзе раней стаяў прыгожы палац, які, здавалася, нішто не зможа зрушыць, і які сам мог бы стаць сапраўднай легендай. Сёння мясцовыя жыхары з сумам у вачах узгадваюць пра панскі маёнтак. “Калі б яго не разбурылі, то і лёс нашых Алешавічаў склаўся б інакш, - упэўнена Ядвіга Адольфаўна. - У даўнія часы, дзякуючы гэтаму, вёска была вядома ва ўсёй акрузе, а цяпер, і таго болей,  прыязджалі б турысты, і не пусцела б наша паселішча”.

На сённяшні дзень былыя панскія ставы ўвайшлі ва ўладанне мясцовай фермерскай гаспадаркі “Мара”. Тут развіваецца рыбная гаспадарка і аграэкатурызм. Гаспадар азёраў вельмі трапятліва адносіцца да гісторыі, звязанай з гэтай мясцовасцю, ён збірае фотаздымкі маёнтка Незабытоўскіх, бо вельмі марыць калі-небудзь у будучым аднавіць яго, пабудаваць яго наноў такім, якім ён быў калісьці. Хочацца спадзявацца, што задуманае спраўдзіцца...

На здымках: так выглядаў маёнтак Незабытоўскіх. (Малюнак Напалеона Орды); К. Незабытоўскі з жонкай, фурманам і эканомкамі каля маёнтка (фота з архіва Я. А. Клусевіч); векавыя таполі, праз якія ляжаў  шлях да маёнтка; панская канюшня.  Цяперашні выгляд; былы панскі млын. Сучасны выгляд. А. КАНДРАТОВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио