10 января 2026 — 10:33
Напрыканцы 2025 года, а калі быць дакладнай, то 23 снежня, мастаўчаніну Мікалаю Ярцу быў прысвоены статус “Народны майстар Беларусі”.
Каб атрымаць гэтае ганаровае званне, трэба быць таленавітым майстрам народных промыслаў, мець шматгадовы досвед, ствараць высокамастацкія, традыцыйныя творы, прайсці працэдуру экспертнай ацэнкі, бо рашэнне прымаецца спецыяльнай камісіяй, якая ацэньвае майстэрства і ўклад у захаванне народных традыцый.
Гэта налёгкі шлях, які Мікалай Вячаслававіч прайшоў і дастойна вытрымаў экзамен (не ўсе, хто даходзіць да экспертнай каміссіі, атрымоўваюць званне).
Першыя ўменні разьбы па дрэве Мікалай Ярац атрымаў у дзяцінстве ад бацькі, які быў настаўнікам працоўнага навучання. Менавіта ён навучыў выразаць з дрэва лыжкі і рэчы гаспадарчага прызначэння. Першы разец, які і сёння выкарыстоўвае майстар пры рабоце над творам, быў зроблены бацькам самастойна і падараваны пры першых творчых спробах. Пасля школы працягнуў вучобу і скончыў Мірскае мастацкае вучылішча, а затым мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як падкрэслівае Мікалай Вячаслававіч, менавіта падчас навучання ва ўніверсітэце ён загарэўся разьбой па дрэве. Да гэтага часу справа ўспрымалася як хобі.
— Мне пашанцавала, што родныя падтрымліваюць мяне ў захапленні. Ніколі не чуў ад іх скаргаў, бо шмат часу праводжу ў сваёй майстэрні на дачы. Амаль кожны дзень накіроўваюся туды і працую, – распавядае майстар. – Падчас вучобы захапленне перарасло ў справу жыцця. Тады ў душы загарэлася імкненне ўвасабляць у дрэве паўсядзённае жыццё, беларускіх людзей, жывёл, раслін. Я пачаў набываць кнігі па разьбе па дрэве, якіх дарэчы было няшмат. Гэта цяпер у інтэрнэце майстар-класы можна знайсці, а тады толькі дзякуючы карпатліваму пошуку інфармацыі ў бібліятэках, кніжных крамах можна было вывучаць тэніку разьбы, гісторыю беларускай народнай творчасці.

Дыяпазон творчасці Мікалая Ярца шырокі і шматгранны: ад аб’ёмнай скульптуры да рэчаў дэкаратыўна-ўтылітарнага прызначэння. За гады творчай дзейнасці дасканала асвоіў усе тэхнікі апрацоўкі дрэва і віды традыцыйнай разьбы па дрэве і з поспехам прымяняе ўменні ў працы. Яго работы вылучаюцца высокай якасцю апрацоўкі, уласнай мастацкай манерай выканання, дасканалымі формамі і эстэтычным густам. Нават калі стварае цыкл твораў па якой-небудзь тэматыцы, то ніколі не паўтараецца. Так, можа быць некалькі фігур напрыклад мужчын, але ніводная з іх не будзе копіяй – кожная з унікальным характарам.
– Ліпа – самае падатлівае дрэва для разьбы, – гаворыць майстар, – з ім у асноўным працую. Увогуле, разьба па дрэве – справа нялёгкая. Тут патрэбна і падумаць, і фізічную сілу прыкласці. У прамым сэнсе асабістым мазалём, нярэдка і параненымі рукамі ствараюцца творы.
А ў школьным музеі знаходзяцца творы вучняў, якія навучаліся асновам разьбы па дрэве пад кіраўніцтвам настаўніка і на аснове яго твораў.

Тэматыка работ таксама разнастайная. Ёсць гістарычныя постаці, бытавыя кампазіцыі, казачныя і літаратурныя вобразы. У калекцыі работ мноства прадстаўнікоў жывёльнага свету Беларусі. Асаблівае месца сярод іх займаюць коні. Дарэчы, як падкрэслівае майстар, каб зрабіць скульптуру жывёлы або чалавека, неабходна мець веды пра іх анатомію. Таму самаадукацыя суправаджае яго ўвесь час пры рабоце над творам. Адметнай рысай скульптур жывых істот, людзей і жывёл, з’яўляецца выява іх у дынаміцы, у руху.

На пытанне, ці бываюць моманты, калі твор адпраўляецца ў смецце, Мікалай Вячаслававіч адказаў станоўча:
— Бывала і такое. У студэнцкія гады пачаў працаваць над выявай жанчыны-маці з дзіцём. Шмат часу патраціў. Але зразумеў, што не падабаецца выраз твару, таму і апынулася скультура на сметніку. Напэўна, у тыя часы яшчэ не дарос да такіх твораў. Цяпер такое адбываецца вельмі рэдка – ёсць веды і ёсць вопыт.
Як адзначае майстар, спачатку нараждаецца ідэя твора, яго вобраз. Затым дынаміка, рух кладзецца на паперу. Для несвядомага чалавека можа здавацца, што гэта проста бязладныя лініі, а насамрэч – гэта аснова твора. Потым ідзе праца над драўлянай асновай, а толькі тады паступова вымалёўваецца вобраз.
— Я люблю працаваць адначасова над некалькімі творамі. Гэта садзейнічае таму, што “вока не замыльваецца”, а значыць будзе менш памылак. Калі пераключаешся на другую справу, а потым вяртаешся да першага твора, бачыш, што і дзе трэба дапрацаваць, – дзеліцца Мікалай Ярац.



Адна з апошніх калекцый творцы – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб чалавеку-гаспадару, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё. У яго скульптурах адлюстраваны ўсе важныя этапы чалавечага жыцця: ад нараджэння да смерці. Галоўная мэта – расказаць нашчадкам аб сялянскай працы, якая, на думку майстра, з’яўляецца асновай дабрабыту і росквіту краіны.


Вось так проста нараджаюцца творы. Як кажуць, спрытнасць рук і ніякага махлярства. Ды не проста спрытнасць, а сапраўдны талент, калі ў гэтых самых руках ажываюць бервяно ці калодка, набываюць свой унікальны выгляд і нават характар. Кожны з яго вырабаў – сапраўдны арыгінальны і непаўторны твор мастацтва, нярэдка з багатым сюжэтам, дзе ёсць месца казкам і прыродзе, дзе адчуваецца стан душы ці бачыцца пытанне пра сэнс жыцця, не абыходзіцца і без гумару.



Ірына БОЧКО
Фота Мікалая Ярца
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад