Добрасумленны і адказны работнік, клапатлівая жонка і маці, нястомная і гасцінная гаспадыня, верная сяброўка, актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці і проста абаяльная жанчына. Усё гэта пра гераіню нашага матэрыяла, галоўнага спецыяліста Гудзевіцкага сельвыканкама Наталлю Аляксандраўну РАЛЕЙНІК. Сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
Родам Наталля Аляксандраўна з Мастоў. У свой час закончыла трэцюю гарадскую школу. З асаблівай цеплынёй яна расказвае пра свайго класнага кіраўніка Л. В. Альшэўскую і аднакласнікаў.
— У нас было настолькі цікавае і насычанае школьнае жыццё, што аб гэтым можна ўспамінаць гадзінамі. Клас у нас быў вельмі дружны, згуртаваны. Мы і зараз падтрымліваем сувязі. Упэўненасці надае той факт, што я заўсёды магу разлічваць на сябровак-аднакласніц, — разважае наша суразмоўца.
Потым была вучоба ў Баранавіцкім педвучылішчы, Гродзенскім універсітэце і праца ў Гудзевіцкай сярэдняй школе. Тут Наталля Аляксандраўна пачынала свой шлях у прафесію, набывала вопыт педагагічнай працы і зносін з дзецьмі і бацькамі спачатку важатай, затым настаўніцай пачатковых класаў і сацыяльным педагогам.
З удзячнасцю за мудрыя парады яна адзначае дырэктара школы Н.С.Дзенісевіч і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.М.Бяйдук. Станоўчы адбітак ва ўспамінах жанчыны пакінула праца ў Гудзевіцкім дзіцячым садзе.
Цяперашняя пасада Н.А.Ралейнік правярае яе на трываласць, настойлівасць і мудрасць у адносінах са сталымі жыхарамі сельсавета. Вось адзін толькі факт: па выніках работы за мінулы год аглядавая камісія, якой кіруе Наталля Аляксандраўна, была названа лепшай у раёне.
— У склад нашай аглядавай камісіі ўваходзяць 11 чалавек. Кожны другі і трэці панядзелак месяца мы праводзім рэйдавыя агляды жылога сектара. За дзень трэба “адпрацаваць” адзін населены пункт, або ўвагу скіроўваем на выяўленыя раней парушэнні і іх вы-праўленне. У асноўным, людзі з разуменнем ставяцца і да нашых наведванняў, і да тых парад, просьб і заўваг, што выказваем. Штораз тлумачым, што ад гэтага залежыць іх бяспека і жыццё, — расказвае Наталля Аляксандраўна. – У гэтай складанай рабоце з насельніцтвам трэба аддаць патрэбнае старшыні сельсавета П.П. Дзенісевічу, які трымае ўсё на ўласным кантролі.
Аднак не толькі працай жыве чалавек. Сям’я, дом, хатнія клопаты, сумесная паездка на рыбалку ці адпачынак на беразе возера, любімы світар, што захоўвае цяпло матуліных рук, – вось тое сапраўднае, галоўнае, што надае жыццю сэнс.
Адным з любімых заняткаў нашай субяседніцы з”яўляецца рукадзелле, у прыватнасці, вязанне. За гэтым заняткам Наталля Аляксандраўна адпачывае. А колькі радасці прыносяць задаволеныя твары дачкі і сына, якім прыйшліся даспадобы рэчы, выкананыя клапатлівымі мамінымі рукамі.
— Парадаваць мяне могуць поспехі і дасягненні дзяцей, а балюча засмуціць іх непрыемнасці, — шчыра прызнаецца жанчына. Дарэчы, старэйшая дачка Ралейнікаў Святлана ўжо закончыла Гродзенскі ўніверсітэт і працуе выхавальнікам дзіцячага сада. Малодшы Кірыл у гэтым годзе паспяхова здаў экзамены за курс базавай школы. Муж Аляксандр працуе механізатарам у мясцовай гаспадарцы.
Гэтую дружную сям’ю можна сустрэць на ўсіх святах і мерапрыемствах, што праводзяцца ў Гудзевічах. Наталля Аляксандраўна спявае у “Зараначцы” і царкоўным хоры, Кірыл – актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. А яго першы выхад на сцэну быў зафіксаваны, калі яму было толькі некалькі месяцаў, а іх сям’я прымала ўдзел у раённым свяце “Надвор’е ў доме”. І такіх прымных і памятных падзей у штотыднёвіку жыцця Н.А.Ралейнік ужо нямала, і яны толькі дадаюцца...
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад