Багаты выбар розных па тэматыцы і паліграфічнаму афармленню календароў прапануецца зараз пакупнікам. Я ж рашыў расказаць паважанаму чытачу аб навінцы: перакідным краязнаўчым календары Гро-дзеншчыны на 2011 год. Гэта ўжо другое па ліку такое выданне: першае прысвячалася 2010 году.
Давайце заглянем на яго старонкі. Скупыя радкі календара расказваюць пра многае з гісторыі роднага краю. Перш-наперш, называюцца юбілейныя даты важных падзей і знакамітых людзей. Вось адзін прыклад.
Сёлета спаўняецца 525 гадоў з таго часу, як упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваюцца Масты.
А ў пачатку чэрвеня будзе адзначацца 170-годдзе з дня нараджэння выдатнай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, чыя творчасць звязана з Мастоўшчынай.
Знаёмыя прозвішчы сустрэліся на лістку календара за 12 лютага. У гэты дзень спаўняецца 60 гадоў Алегу Семаку, беларускаму сацыёлагу і філосафу, доктару філасофскіх навук. Прачытаў гэтыя радкі аб навукоўцы, і міжволі мае думкі аказаліся ў мястэчку Лунна, адкуль імяніннік. У 60-х гадах мінулага стагоддзя мне давялося быць рэдактарам газеты “Зара над Нёманам”, часта бачыцца з дырэктарам Лунненскай СШ Мсціславам Семаком, публікаваць матэрыялы аб ваенна-патрыятычным выхаванні ў школе. Тады яго сын Алег быў старшакласнікам, а зараз — вядомы вучоны. І як тут не падумаць аб імклівым бегу гадоў, як не ганарыцца тым, што дзеці прадаўжаюць справу бацькоў і дабіваюцца ў жыцці яшчэ большых вышынь.
Мастоўская зямля багата на людзей, якія вызначаліся ў розных галінах народнай гаспадаркі, навукі, культуры. Іх імёны дастойна прадстаўлены ў календары. У ліку іх названа Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі Яніна Крывулька. Працоўная біяграфія Яніны Вячаславаўны звязана з фанера-дрэваапрацоўчым камбінатам (сённяшняе ААТ “Мастоўдрэў”). А вось ўраджэнец вёскі Дольныя Самуйлавічы Віктар Сурмач вызначыўся на блізкай яму ніве сельскагаспадарчай навукі, ён кандыдат навук, дацэнт Гродзенскага аграрнага універсітэта.
Сярод юбіляраў, названых у календары, вучоная-мовазнаўца Марыя Якалцэвіч (родам з вёскі Дуляўшчына), навуковец ў галіне заатэхніі Уладзімір Дзенісевіч (в. Заполле), дацэнт Гродзенскага дзяржунівер-сітэта імя Янкі Купалы Юрый Бейцюк (в. Лунна), Заслужаны настаўнік Беларусі Галіна Варабей (в. Мілявічы). Дарэчы, нашы землякі вызначы-ліся і ў іншых краінах. Так, у сонечным Туркменістане заняў слаўнае месца ў навуцы ўраджэнец Сямірэнак Іосіф Севяртока. У маі бягучага года яму споўнілася б 70 гадоў. На жаль, жыццё вучонага трагічна абарвалася ў 1998 г.
Краязнаўцам і чытачам “Зары над Нёманам” карысна будзе даведацца і пра наступную дату. Як паведамляе каляндар, 10 лістапада 2011 года спаўняецца сто год з дня нараджэння польскага фалькларыста і літаратуразнаўцы Станіслава Свіркі, які родам з Мастоўшчыны.Разам з іншымі звесткамі каляндар змяшчае гербы гарадоў і мястэчкі Гродзеншчыны, у тым ліку Мастоў і недалёкай Воўпы. Яшчэ аб адной цікавай інфармацыі. У сярэдзіне снежня споўніцца 85 гадоў з таго часу, як у вёсцы Каўшы была пастаўлена п’еса Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”.
Словам, шмат цікавага і карыснага знойдуць чытачы ў арыгінальным выданні.
А. ЖАЛКОЎСКІ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад