Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Стала роднай мастоўская зямля

Стала роднай   мастоўская зямля07 мая 2018 — 16:49

Іван Дзмітрыевіч Калашэйнаў нарадзіўся не ў Мастах. Але тут пражыў амаль паўвека, пакінуўшы адметны след на мастоўскай зямлі. І самыя важныя падзеі ў яго лёсе адбыліся таксама на Мастоўшчыне. Тут праходзіла яго станаўленне як чалавека і грамадзяніна.

 

Нарадзіўся ён у сям”і кубанскіх казакоў былой Кубана-Чарнаморскай вобласці ў 1916 годзе. Як многія яго равеснікі, марыў стаць ваенным. Закончыўшы вучылішча і атрымаўшы афіцэрскае званне, Іван Калашэйнаў быў накіраваны ў 355 артылерыйскі полк 110 стралковай дывізіі, якая размяшчалася ў Туле. З пачаткам вайны дывізію перакінулі абараняць Магілёў. Воіны замацаваліся на Дняпры.


“З болем у сэрцы ўзарвалі ў тарфяным балоце свае гарматы і пачалі прабірацца на ўсход,-- успамінаў Іван Дзмітрыевіч.—У адным з баёў быў цяжка паранены і трапіў у палон. Знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных ва Усходняй Прусіі. Калі праз некалькі месяцаў вярнуліся сілы, разам з трыма афіцэрамі пачаў рыхтаваць уцёкі з лагера. Разумеў, што калі немцы затрымаюць, то расстраляюць.


Красавіцкай цёмнай ноччу 1942 года знялі падпілаваныя зараней краты на акне барака і ўцяклі. Прабіраліся на ўсход выключна начамі, каб не заўважылі немцы.


У Казіборскім лесе на рацэ Шчара сустрэлі партызан. Мяне ўзяў у сваю групу былы падпольшчык Павел Іванавіч Булак. Потым ён стане вядомым партызанскім камандзірам”.


Але найбольш праславіўся Іван Дзмітрыевіч Калашэйнаў у якасці камандзіра партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі”. На рахунку атрада – дзясяткі баявых аперацый, часта з пераўзыходзячымі сіламі ворага. Базіраваўся гэты атрад на правым беразе ракі Шчара за паўкіламетра ад аднайменнай вёскі і прыкладна на такой жа адлегласці ад Шымкоў.


Пасля вайны І.Дз. Калашэйнаў узначальваў розныя арганізацыі ў Мастах, доўгі час працаваў на “Мастоўдрэве”. Пайшоў на пенсію з пасады намесніка генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства.


Яшчэ аб адным добрым учынку гэтага чалавека хацелася б расказаць. І.Дз. Калашэйнаў быў ініцыятарам стварэння мемарыяльнага комплексу на рацэ Шчара, на тым месцы, дзе базіраваўся партызанскі атрад “Чырвонагвардзейскі”, а затым і атрад “Барацьба” Ленінскай брыгады. Падтрымку ў гэтым ён атрымаў не толькі ад мясцовай улады, але і ад сваіх паплечнікаў -- Ільі Міхайлавіча Глазкова і Анатоля Яўгенавіча Андрэева. І.М.Глазкоў быў камісарам у атрадзе І.Дз.Калашэйнава, а А.Я.Андрэеў камандаваў атрадам “Камсамол Беларусі”. Першы стаў намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, а другі – Міністрам аўтамабільнага транспарту. Яны і дапамагалі ў вырашэнні пытання па ўстанаўленні помніка загінуўшым партызанам і воінам, прысутнічалі на яго адкрыцці. Запомнілася, як Ілья Міхайлавіч Глазкоў сказаў тады: “Мы з Калашэйнавым у час вайны ўзарвалі драўляны мост праз Шчару, каб немцы не маглі перабрацца на правы бераг ракі, а ў мірны час пабудавалі новы. Я хадайнічаў аб яго будаўніцтве, а за кошт “Мастоўдрэва” пакладзены асфальт на дарозе да помніка”.


Пасля вайны І.Дз. Калашэйнаў застаўся жыць і працаваць у нашым раёне, дзе ён змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, які ён любіў усёй душой. У раённым музеі “Лес і чалавек” ёсць вялікая карціна, напісаная мастаком В.А.Кандраценка. На ёй і ўвекавечаны партызанскі камандзір.


С.ЗВЯРОВІЧ


На здымку: на карціне В. А. Кандраценкі І. Дз. КАЛАШЭЙНАЎ.
Фото аўтара
 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио