Дзеці – гэта вялікая радасць. Так лічыць наша суразмоўца, жыхарка вёскі Вострава Гудзевіцкага сельскага Савета, маці васьмярых дзяцей Лілія Іванаўна Ралейнік, якая сёлета адсвяткавала свой 75-гадовы юбілей. З іх 55 гадоў яна жыве ў шлюбе з мужам Канстанцінам Канстанцінавічам.
Калі ў доме Ралейнікаў збіраецца іх вялікая сям’я, а гэта ні многа, ні мала, а больш за 40 чалавек, дык стол накрываецца на ўвесь пакой.
– У нас 8 дзяцей, 21 унук і 8 праўнукаў, – расказваюць Лілія Іванаўна і Канстанцін Канстанцінавіч. – Даволі часта яны прыязджаюць у Вострава. Такі рух тут тады стаіць: хтосьці есці гатуе, іншыя ў хаце прыбіраюць, а самыя малодшыя ў двары гуляюць.
Лёсавызначальная сустрэча Ралейнікаў адбылася 55 гадоў таму на ферме, дзе Лілія Іванаўна працавала даяркай.
– Працаваць я пайшла ў 17 гадоў, – распавядае жанчына. – Трэба было дапамагаць бацькам, бо сям’я ў нас вялікая была. Жылі мы тут жа, у Вострава. Гэта хата маіх бацькоў. Да працы мы прывучаліся з дзяцінства, не баяліся аніякай работы, таму і даіць кароў было справай звычнай. Даілі уручную, па некалькі разоў на дзень. Ужо пазней яшчэ дзесяць гадоў я адпрацавала ў паляводстве.
А Канстанцін Канстанцінавіч на час знаёмства са сваёй будучай жонкай ужо адслужыў у арміі і вярнуўся ў родную вёску Гудзевічы і гаспадарку, дзе ўсё жыццё працаваў трактарыстам. У 1964 годзе маладыя згулялі вяселле, а праз год нарадзілася дачка Святлана.
– Зараз яна працуе цялятніцай на комплексе ў ЗАТ “Гудзевічы” разам з мужам, – расказваюць старэйшыя Ралейнікі. – Бацькаву справу паспяхова працягваюць сыны Сяргей і Аляксандр – абодва працуюць у гаспадарцы механізатарамі. Дачка Марына з’яўляцца брыгадзірам гаспадарчай брыгады ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі. Дочкі Кацярына і Аксана разам са сваімі сем’ямі жывуць і працуюць ў Гродне. Яшчэ адна дачка Алена – жыхарка аграгарадка Гудзевічы, у яе падрастае пяцёра дзяцей. Мы ганарымся тым, што нашы дзеці сталі дастойнымі людзьмі, стварылі моцныя сем’і, добрасумленна працуюць. Радуюць сваімі поспехамі і ўнукі, а некаторыя з якіх ужо таксама маюць свае сем’і.
Адно толькі моцна засмучае Лілію Іванаўну: смерць адной з дачок, якая пайшла з жыцця ў 35 гадоў, ды тое, што калі ёй самой споўнілася 49 гадоў, яна перанесла цяжкае захворванне, а пасля праведзенай аперацыі поўнасцю страціла зрок.
– Самай малодшай Аксанцы ў той час было толькі 10 гадоў. Якой яна стала, як выглядаюць нашы зяці і ўнукі, я магу толькі ўяўляць, – самотна дзеліцца думкамі жанчына.
Праўда, за столькі гадоў яна ўжо прызвычаілася жыць са сваім фізічным недахопам. У гэтым ёй дапамагаюць і муж, і дзеці.
– Бачылі у двары нацягнутыя, як струны, вяроўкі? Гэта муж пастараўся, каб мне прасцей было хадзіць: рукой я чапляюся за яе і магу смела рухацца, – расказвае наша суразмоўца. – Сама я і пасціраць бялізну магу, і пасцель прыбраць. Я нават шыю сабе адзенне і дыванкі на падлогу вяжу з лентаў ад старых рэчаў. Сканцэнтруюся, і мне здаецца, што я нават бачу, якія ленты ўплятаюцца ва ўзор...
Сціпла Ралейнікі расказваюць пра свае ўзнагароды. У Ліліі Іванаўны, напрыклад, маюцца медалі Мацярынства і медаль “Мацярынская слава” III і II ступеняў, якія яна атрымала за нараджэнне і выхаванне дзяцей. За добрасумленную працу ў гаспадарцы Канстанцін Канстанцінавіч ў свой час быў узнагароджаны медалём “Ударник социалистического труда” і шматлікімі дыпломамі.
– Галоўнае ж не ўзнагарода, не яна ўпрыгожвае, а тое, які аўтарытэт ты маеш сярод калег і аднавяскоўцаў, з якімі разам працаваў, які прыклад паказваеш дзецям і ўнукам, – упэўнены нашы суразмоўцы. І з імі нельга не пагадзіцца.
Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад