04 апреля 2026 — 10:15
Гудзевіцкая сярэдняя школа стала пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельскіх калектываў фізічнай культуры агульнай сярэдняй адукацыі за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-культурным развіцці ў 2025 годзе.
Высокую ўзнагароду за такую працу атрымала дырэктар Валянціна Пабежка на свяце “Красуй, Мастоўшчына!”.
– Чаму вучні вашай школы аддаюць перавагу спорту? – спыталі мы ў Валянціны Станіславаўны.
– Для кожнага чалавека маецца ўласнае разуменне жыццёвых прыярытэтаў, – адказала дырэктар. – Для адных сапраўднай радасцю з'яўляецца набыццё навамоднага гаджэта, для іншых –паездка ў бацькоўскі дом, у якім яны не былі доўгі час. А для нашых вучняў такой радасцю з'яўляюцца штодзённыя заняткі спортам. Яны лічаць, што гэта выдатны сродак фізічнай загартоўкі, які дапамагае ім у станаўленні характару, выпрацоўвае сілу, вынослівасць. Іх так выхавалі ў нашай школе, прывілі ўпэўненасць у тым, што здароўе – самая галоўная каштоўнасць для іх у жыцці, якая дадзена чалавеку, гэта самае першае багацце. Таму наша школа “проста жыве спортам”.
Каб звярнуць увагу дзяцей на прафілактыку па захаванні і ўмацаванні здароўя, у школе праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, святы. Вось і нядаўна прайшло свята “Каштоўнасць здароўя і кошт здароўя”. У пачатку свята вядучыя звярнуліся да ўсіх прысутных з пытаннем: “Ці задумваліся вы над тым, чаму ў час прывітання адзін аднаму людзі жадаюць здароўя?” Адказ не прымусіў сябе чакаць доўга. Дзеці адказалі: “Здароўе – самая галоўная каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека”.
Асюль бачны вытокі таго, што вучні ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа” актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць на спартыўных спаборніцтвах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Заваёваны першыя месцы ў Гродзенскай вобласці ў праграме спартакіяды “Каласок”, дзяўчынкі занялі першае месца, а хлопчыкі – трэцяе ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболу, дзяўчынкі занялі трэцяе месца ў спаборніцтвах па месцы жыхарства ў вобласці.
Шмат іншых перамог на рахунку гудзевіцкіх выхаванцаў. Асабліва хочацца адзначыць Дар’ю Занеўскую, Анастасію Грышкевіч, Дар’ю Яроцкую, Ульяну Барысік, Еву Занеўскую, Паліну Пяцюшык, Ангеліну Насенка. Сярод хлопчыкаў пахвалы заслугоўваюць Эрык Бяйга, Арсеній Тодрык, Мікіта Сівук, Дзяніс Ядэйка, Андрэй Трацяк.
Прызёрамі абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўю сталі Дар’я Занеўская, Дзяніс Ядэйка, Ева Занеўская, Марыя Шчарбіна, Яўгеній Серык. Вядома ж, вялікая заслуга ва ўсім настаўніка фізічнай культуры і здароўя Анджэя Занеўскага. Анджэй Рышардавіч нядаўна ўзнагароджаны за поспехі, вялікі ўклад у развіццё і прапаганду фізічнай культуры і спорту, за высокі прафесіяналізм і спартыўныя дасягненні кіраўніцтвам сектара спорта і фізічнай культуры райвыканкама.
Добры прыклад Гудзевіцкай школы пераймаюць і іншыя ўстановы адукацыі.
Станіслав ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад