У Мастоўскай раённай бібліятэцы арганізавана кніжная выстаўка «Гісторыя беларускага пісьменства», на стэндах якой прадстаўлены факсімільныя выданні Бібліі Ф. Скарыны, газеты «Наша ніва» і іншая літаратура па гэтай тэматыцы.
Першага верасня раённая бібліятэка запрасіла старшакласнікаў гімназіі №1 г. Масты на пасяджэнне музычнай гасціннай “Натхненне” “Мова мая, беларуская, родная!” Работнікі бібліятэкі расказалі рабятам пра гістарычныя этапы ў развіцці беларускай мовы і пісьменнасці. Народны ансамбль “Ярыца” Мастоўскага цэнтра культуры ўпрыгожыў мерапрыемства цудоўнымі песнямі.
Хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць праявіць свае дасведчанасць і эрудыцыю, прыняўшы ўдзел у віктарыне “Зберагчы Беларусь у
сваім сэрцы”.
У Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэцы адбылося свята “Духоўная кніга -- крыніца вялікай мудрасці”, у ім удзельнічалі навучэнцы гімназіі №1 г. Масты малодшых класаў. Дзеці пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю беларускіх асветнікаў, удзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Родная мова -- матчына мова”, пазнаёміліся з навінкамі дзіцячай беларускай літаратуры.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у першую нядзелю верасня ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным Полацку. Сёлета літаратурнай сталіцай краіны стаў Рагачоў. У 2017 годзе цэнтрам свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стане старажытны Полацк -- родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад