Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

Сонечная плантацыя ў Міжава

Сонечная плантацыя ў Міжава08 октября 2014 — 10:00

 Цэлую плантацыю салодкіх кавуноў і духмяных дыняў вырасцілі на ўласным агародзе жыхарка вёскі Міжава Марыя Іванаўна Саўко разам з дачкой Ліліяй Вацлаваўнай Білідай.З цікавасцю прынялі мы прапанову жыхаркі Мастоў, нашай пастаяннай падпісчыцы і чытачкі Ліліі Вацлаваўны Біліды пазнаёміцца з тым, як у нашым клімаце растуць паўднёвыя культуры. Таму ў адзін з пагодлівых вераснёўскіх дзён едзем у вёску Міжава – менавіта тут спадабалася кавунам і дыням.

­­ Дыні ўчора ўжо выбрала, бо лісце поўнасцю з’еў туман, а абяцаюць замаразкі, ­­ дэманструе нам вырашчаны ўраджай наша субяседніца. Невялікія “калабкі”, больш падобныя на кабачкі, ладна падстаўлялі  восеньскаму сонцу свае зяленаватыя бачкі.

­­  Крыху недаспелі, чэрвень халодны быў, ­­ шкадуе вопытная агародніца, ­­ але на смак нічога сабе – салодкія і мёдам пахнуць.

Следам за Ліліяй Вацлаваўнай пакідаем двор і  ідзём на агарод, дзе свайго часу быць прыбранымі чакаюць кавуны. Тут сустракаем і гаспадыню дома Марыю Іванаўну Саўко, якая, нягледзячы на сталы ўзрост, усё яшчэ працуе на зямлі.

-- ­­ Поле мяне лечыць, ­­--  прызнаецца 83­-гадовая жыхарка вёскі Міжава. – Праполкі ўжо няма, дык я хоць так прайдуся, паўзіраюся, як што расце.      А зараз вось за кавунамі прыглядваю, бо нейкія незнаёмцы тут ходзяць.

Невялікіх зялёных “паласацікаў”, ды яшчэ ў такой колькасці – можа, больш за сотню – нязвыкла было бачыць у суседстве з морквай і буракамі.

-- У мінулыя гады мы іх па некалькі кальваў, так сказаць, на пробу саджалі, а сёлета вырашылі большую плошчу адвесці – і вось вынік, ­­ -- паказваюць на поле жанчыны.Дарэчы, як аказалася, догляд за салодкай паўднёвай садавіной – гэта цэлая навука.

­­ -- Як толькі кавуны зацвітуць – бакавыя пасынкі трэба абарваць, як і вярхушкі, тады яны лепш растуць, ­­--  тлумачыць Марыя Іванаўна. – Работа гэта даволі складаная і клопатная.  З дынямі крыху прасцей.Цікава і тое, як гаспадыні вызначаюць спелы плод.

­­ -- Слухайце: калі раздаецца рэха – значыць, яшчэ не паспеў, а тупы гук – смела зрывайце, ­­ -- стукае пальцамі па кавуне Лілія Вацлаваўна. – Мы гэты метад на ўласным вопыце выпрабавалі.

Разам прыслухоўваемся да гуку і зрываем, на наш погляд, самы спелы кавун – для дэгустацыі. Пад націскам нажа ён патрэскае і пускае сок. А вось і жаданая чырвоная мякаць – па ўсім відаць, з выбарам мы не памыліліся. Каштуем кавалак за кавалкам. Смак кавуна крыху адрозніваецца ад тых, што прывозяць з поўдня, але такі ж прыемны, сакавіты і дастаткова салодкі. Чорныя семячкі не выкідваем, а адкладваем у бок – гэта будучае насенне. Тое ж робім і з дыняй.

Зараз у Марыі Іванаўны і Ліліі Вацлаваўны толькі адзін клопат – як і дзе захаваць багаты вырашчаны ўраджай.-- ­­ Раздаём родным, суседзям, знаёмых частуем, самі вітамінізіруемся, ­­ -- расказваюць нашы суразмоўцы. – Астатняе пастараемся захаваць, каб надалей хапіла.

Н.ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио