Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Сінергія прафесіяналізму, любові да дзяцей і веры ў каманду дырэктара Дубненскай сярэдняй школы Ліліі Пусь

Сінергія прафесіяналізму, любові да дзяцей і веры ў каманду дырэктара Дубненскай сярэдняй школы Ліліі Пусь04 октября 2026 — 11:28

Сёння госцяй рубрыкі “Гераіня свайго лёсу” нашай раённай газеты стала дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Дубненская сярэдняя школа імя А. С. Данілава”, мудры кіраўнік і вопытны педагог, клапатлівая жонка, любячая маці і бабуля Лілія Пусь.

Сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару. І гэтага ганаровага права яна ўдастоена двойчы за мінулыя шэсць гадоў, што пацвярджае высокі ўзровень прафесійных і кіраўніцкіх кампетэнцый нашай суразмоўцы, якія дазваляюць вучням і педагогам школы развівацца і паказваць добрыя вынікі.

Педагагічны тандэм сёстраў-блізнят

– Калі ты аддаеш школе 40 гадоў жыцця, яна перастае быць проста работай. Яна становіцца тваім лёсам, – разважае Лілія Канстанцінаўна. – З гэтых чатырох дзесяцігоддзяў 16 год я ўзначальваю ўстанову адукацыі, яшчэ 13 – працавала намеснікам дарэктара па выхаваўчай, а пасля і па вучэбнай рабоце. Але мая прафесійная і жыццёвая гісторыя мае вельмі ўнікальную адметнасць – гэты вялікі шлях мы праходзім разам з маёй сястрой-блізняткай Аленай.

Родам Лілія Пусь з Зэльвеншчыны. Любоў да роднага слова, да беларускіх народных песень, якія гучалі ў роднай хаце пад акампанемент бацькі-баяніста, да багатай нацыянальнай культуры і традыцый продкаў прывяла яе і сястру Алену (пасля паспяховага заканчэння школы) ў Мінскі педагагічны інстытут, дзе яны абедзве паступілі на філалагічны факультэт.

– Зараз мая сястра выкладае беларускую мову і літаратуру ў Сянькоўшчынскай школе Слонімскага раёна. Мяне лёс прывёў на Мастоўшчыну. Так, на мяжы двух прыгожых рэгіёнаў Прынямоння, мы ствараем сумесную педагагічную гісторыю. Мы штодзень на сувязі: абмяркоўваем новыя методыкі, дзелімся кіраўніцкім вопытам, падтрымліваем адна адну ў складаных сітуацыях і, канешне, па-добраму спаборнічаем. Мы з Аленай звязаны не толькі роднасцю, але і адзіным прафесійным пульсам, адной вялікай любоўю – да роднага слова і школы, – дзеліцца Лілія Канстанцінаўна.

Пачынала свой прафесійны шлях наша суразмоўца яшчэ будучы студэнткай – з першага курса вяла па 28 гадзін мовы і літаратуры ў мінскіх школах. Пасля заканчэння вуза, атрымаўшы размеркаванне ў Мастоўскі раён, спачатку працавала ў Чарлёнскай сярэдняй школе.

– Вельмі ўдзячна Ніне Анатольеўне Седзянеўскай, якая ў той час узначальвала школу, за яе падтрымку і ўсебаковую дапамогу мне, маладому спецыялісту. Словы падзякі таксама адрасую сям’і Ціхановіч, асабліва Наталлі Міхайлаўне, якая здолела знайсці правільныя словы падчас маіх сумненняў наконт пераходу на пасаду намесніка дырэктара і перадала свой вопыт кіраўніцкай работы, – распавядае Л. К. Пусь і дадае: – Занясення майго імя на Дошку гонару – вельмі хвалюючая падзея. Але я глыбока пераканана, што гэты поспех па праве падзелены напалову. Гэта адзнака працы майго калектыву і, безумоўна, вынік падтрымкі сястры, якая духоўна заўсёды побач, нават калі нас падзяляюць кіламетры паміж раёнамі.

Дырэктар – гэта як дырыжор аркестра

Галоўны паказчык працы кіраўніка – гэта вынік яго каманды. Сёння Дубненская сярэдняя школа імя А. С. Данілава гучыць гучна і ганарова: яе навучэнцы рэгулярна становяцца пераможцамі алімпіяд і творчых конкурсаў самых розных узроўняў. Кожны дыплом і вынік – гэта не проста радок у справаздачы. Гэта бяссонныя ночы настаўнікаў, гэта талент і працавітасць вучняў, гэта сістэма, якую тут будавалі сумеснымі намаганнямі гадамі.

– Дырэктар –  гэта не пра кабінет з таблічкай. Гэта пра ўменне чуць кожнага: ад першакласніка, што згубіў зменны абутак, да вопытнага педагога, які шукае падтрымкі для свайго наватарскага праекта. Дырэктар – гэта як дырыжор аркестра: яго задача – зрабіць так, каб кожны інструмент гучаў чыста і ў поўную сілу, каб школа была месцам, куды хочацца вяртацца. Месцам, дзе памылка – гэта не прысуд, а прыступка да поспеху, – адзначае Лілія Канстанцінаўна, якая можа бясконца расказваць пра вучняў, іх дасягненні і поспехі, за кожным з якіх стаіць таленавіты настаўнік.

Гэта Марыя Касазубава, Вольга Кавалеўская, Аліна Сазонава, Кацярына Сямёнова, Эліна Місцюк, Ганна Муха, Ірына Кандратовіч, Вераніка Кадач, Хрысціна Вахрушава і інш. Як сцвярджае дырэктар, менавіта на такіх, адданых справе педагогах, на іх прафесіяналізме і самаадданай працы і трымаецца поспех школы.

– Сістэма, якую мы будавалі, сёння дае выдатны поспех, запальваючы зоркі на алімпіядным Алімпе, на творчых і інтэлектуальных конкурсах, экалагічных турнірах і спартыўных спаборніцтвах, – дапаўняе Лілія Канстанцінаўна. –Шматлікія перамогі – доказ таго, што сістэма працуе бездакорна. За кожным такім трыумфам стаіць каласальная праца настаўнікаў і сапраўдны характар нашых навучэнцаў.

Дырэктар удзячна кожнаму, хто гатовы ў час падставіць плячо, стаць адной камандай дзеля дасягнення агульнай мэты, і не шкадуе добрых слоў падзякі і пашаны, бо ўпэўнена, што словам можна і балюча параніць, а можна і крылы падараваць, каб ляцець далей і вышэй. Дарэчы, сама яна прывыкла заваёўваць аўтарытэт толькі ўласным прыкладам і канкрэтнай справай. Таму яе можна сустрэць сярод удзельнікаў працоўнага дэсанта і ў школьным садзе, і на дзялянцы з бульбай, дзе ідзе збор вырашчанага ўраджаю.

Пісаць гісторыю будучыні

Наша суразмоўца прызнаецца, што нават на працягу сарака гадоў жаданне вучыць і выхоўваць, ствараць атмасферу для фарміравання асобы і патрыёта сваёй краіны нікуды не знікла.

– Я быццам падзараджаюся энергіяй ў школе, маладзею душой, – кажа Лілія Канстанцінаўна. – У мяне ёсць два старты. Першы – гэта жнівеньская нарада, калі адчуваеш рытм надыходзячага школьнага жыцця, слухаеш калег і праецыруеш іх вопыт на ўласную школу, адчуваеш гонар за зробленае і дасягнутае. Другі – гэта вечары сустрэчы з выпускнікамі. Вельмі хвалюючы і радасны момант. Бо бачыш плады сваёй працы, як выраслі твае былыя вучні, якімі спецыялістамі і людзьмі сталі. Іх поспехі заўсёды акрыляюць.

Як і дасягненні сына Максіма, дачкі Алесі і траіх ўнукаў, якіх яны падарылі бабулі і дзядулі. Часта, збіраючыся за святочным сталом у бацькоўскім доме ў Харціцы, дзеці ўспамінаюць маміны ўрокі жыцця і бацькавы парады, што калісьці прыдаліся ім, а зараз пераймае малодшае пакаленне.

Напрыканцы нашай размовы задаём Ліліі Канстанцінаўне пытанне: што дапамагае ёй не выгараць на працы і кожную раніцу з радасцю ісці да школьнага парога? Адказ быў такі:

– Любоў да сваёй справы і вера ў дзяцей і калег. Кіраваць школай – значыць, кожны новы дзень пісаць гісторыю будучыні. І я шчаслівая, што мая асабістая гісторыя так трывала і прыгожа пераплялася з гісторыяй маёй любімай Дубненскай школы.\

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара і з уласнага архіва Л. ПУСЬ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты