
Жнівень – адзін з самых шчодрых месяцаў у годзе. Тут і яблычкі на смачны пірог паспелі, і салодкім мядком пчолы адарылі, і свежы хлеб з зерня новага ўраджаю на стале, і лясныя арэхі… А яшчэ жнівень – месяц святаў. Адно з іх у мінулыя выхадныя ладзілася ў аграгарадку Харціца.
Пах свежых пірагоў і пончыкаў, мяса на вуглях, традыцыйных каўбасак, бульбы па фірмоваму рэцэпту, румяных дранікаў, апетытнай юшкі і іншай смакаты разносіўся па наваколлі і прыцягваў усіх жадаючых на брэндавае мерапрыемства “Народныя прысмакі”.
Сярод ганаровых гасцей – дырэктар філіяла “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Сяргей Кароль, старшыня Дубненскага сельсавета Алена Рагацэвіч і яе папярэднік на гэтай пасадзе Анатоль Ліс. Шчырыя словы прывітання адрасавалі госці жыхарам Харціцы і навакольных вёсак, артыстам і гаспадынькам, якія здзіўлялі артыстызмам, цудоўнымі галасамі і багатым сталом.
І ў кожную страву, што была прадстаўлена на свяце, мясцовыя жанчыны ўклалі не толькі час і патрэбныя прадукты, але і часцінку сваёй шчодрай душы. Напэўна, таму ўсё было такім смачным, духмяным і надзвычай апетытным.
Здзівіла сваёй калекцыяй памідораў, вырашчаных уласнаручна, старшыня сельсавета Алена Рагацэвіч. Сакавітыя рознакаляровыя плады так і прыцягвалі ўвагу зацікаўленай публікі. А назва прадстаўленых сартоў гучала проста як песня!
Але свята “Народныя прысмакі” славіцца не толькі сваімі смачнымі стравамі – тут яшчэ заўсёды весела і цікава. Дасціпны вясковы гумар у дапаўненні з народным каларытам і яркімі вобразамі герояў па матывах вядомага фільма “Вяселле ў Малінаўцы” – так арыгінальна з’явіліся на сцэне ўдзельнікі вакальнага гурта “Аксаміт” мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры.
А колькі ўсмешак і прыемных хвілін выклікала гульнёвая праграма “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”, што прапанавалі гудзевіцкія артысты. Яны ж, а таксама іх калегі са Стральцоў, парадавалі харціцкую публіку і яркімі творчымі нумарамі. А да кожнага з іх гучала трапная падводка ад вядучых свята Эліны Кардыгулавай і Кірыла Москаля.
Ну, і якое ж народнае гулянне без цікавых віктарын, бяспройгрышных латарэй, дзіцячых забаў і танцаў – усяго гэтага ў Харціцы было ўдосталь! А для дзетвары адным з самых вясёлых момантаў стала воднае шоу ад Мастоўскага РАНС.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота прадстаўлена Мастоўскім РЦК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад