Рота ганаровай варты (РГВ) каменданцкага батальёна Мінскай ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – візітная картка краіны. Служыць у гэтым элітным падраздзяленні Узброеных Сіл мараць многія, але трапляюць туды толькі адзінкі з сотняў прызыўнікоў. Адзін з такіх шчасліўчыкаў – радавы Уладзіслаў Бунакоў, наш зямляк, выпускнік 2020 года дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”.
Падчас свайго невялікага водпуску Уладзіслаў завітаў да нас, у сваю родную школу, дзе сустрэўся з настаўнікамі і вучнямі. Здаецца, юнак застаўся такім жа прыветлівым, камунікабельным, з прыгожай усмешкай на вуснах, але разам з тым стаў больш дарослым, сур’ёзным, памужнелым. Уладзіслаў падзяліўся са сваімі малодшымі сябрамі тым, як яму служыцца, адказаў на пытанні, якія цікавілі вучняў і настаўнікаў школы.
Чаканны крок, бездакорнае выкананне складаных элементаў…
Карабін у становішчы «на плячо», спіна – як нацягнутая струна… – такія каманды даводзіцца выконваць Уладзіславу штодзённа.
– Служыць складана, але цікава, – пачаў размову Уладзіслаў. – Заўсёды хацеў адслужыць у арміі. Лічу, што кожны малады чалавек павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак. Запрыкмецілі мяне яшчэ ў раённым ваенкамаце ў час прызыву. Выдатны стан здароўя, рост ад 185 см, добры зрок, адсутнасць шкодных звычак і не адна псіхалагічная бяседа дазволілі мне апынуцца ў самым элітным войску нашай краіны ‒ зводнай роце ганаровай варты спецыяльнага прызначэння.
Дарэчы, адным з вызначальных фактараў, каб трапіць у РГВ, з’яўляецца чыстая біяграфія. Як зараз гавораць: “не был, не состоял, не привлекался”. Гэта і не дзіўна, бо РГВ – твар дзяржавы. Так, папоўніўшы рады статных хлопцаў, без якіх не абыходзіцца ні адно дзяржаўнае свята, пачаўся новы этап у жыцці Уладзіслава. На цэлыя паўтара года сябрамі, дарадцамі і настаўнікамі для яго сталі салдаты і афіцэры часці.
– Юнакам жа, што мараць аб службе ў падобнай структуры, раю не цешыць сябе думкамі, што будзе лёгка, – разважае юнак. – Бывала, падчас заняткаў на плацы высвятлялася, што ў салдата парушана каардынацыя. Як ні крыўдна, “мечты о прекрасном” адразу рассейваліся, нібы ранішні туман. У першы месяц падрыхтоўка пачыналася з самага простага: пабудовы “скрынкі” і адпрацоўкі на месцы прыёмаў “на каравул”, “на плячо”, “на руку”, якія лічацца стандартнымі элементамі. Чым далей, тым складаней, бо ўсе павінны дзейнічаць адначасова і прыгожа. Увогуле, каб дасягнуць страявога майстэрства і ў далейшым прадэманстраваць ідэальны выступ на плац-канцэрце, даводзіцца трэніравацца па 7 гадзін у дзень. Шмат увагі надаецца і фізічнай падрыхтоўцы. Моц і вытрымка ‒ якасці, без якіх тут не абысціся. Вага толькі аднаго карабіна складае больш за 4 кілаграмы. Кожны плац-канцэрт роты ‒ гэта тытанічная праца не толькі ваеннаслужачых, але і афіцэраў.
Дарэчы, ніякая стомленасць і тым больш надвор’е не павінны ўплываць на выступленне роты ганаровай варты. На тое яна і ганаровая. Ад слова ГОНАР. Зараз, часта разглядаючы фотаздымкі, у памяці ўсплываюць наступныя радкі А.С. Пушкіна:
…Все красавцы удалые,
Великаны молодые,
Все равны, как на подбор…
Тут не паспрачаешся. У параднай форме, пашытай індывідуальна, хромавых ботах, белых пальчатках, шынелі з каракулевым каўняром, такой жа шапцы і белым кашнэ мы выглядаем бездакорна. А як жа інакш?! Абавязак. Падчас службы нашаму земляку пашчасціла прыняць удзел у мерапрыемствах найвышэйшага ўзроўню. Згадзіцеся, дзе б яшчэ ён змог пабачыць такіх людзей?! І гэта неверагодна. Ні адна сустрэча замежных дэлегацый на вышэйшым узроўні, ні адна пратакольная цырымонія з удзелам першых асоб не абыходзіцца без афіцэраў і салдат гэтага элітнага падраздзялення. Ваеннаслужачыя роты ганаровай варты ўзорна выконваюць страявыя прыёмы са зброяй і воінскія рытуалы пры ўскладванні вянкоў. А яшчэ захапляючыя плац-канцэрты можна назіраць на парадах у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Ці змяніўся Уладзіслаў? Безумоўна. Разважлівасць, упэўненасць, вытрымка ‒ якасці, прыхаваныя ў самых патаемных месцах душы, цяпер выйшлі на першы план. Адказнасць, стойкасць, цярпенне, вынослівасць, уменне не разгубіцца ў экстрэмальнай сітуацыі – вось што галоўнае.
Праз некалькі дзён Уладзіслава Бунакова зноў «чакае» служба. Служба, якая не дае права на памылку. Яна дазваляе заўсёды трымаць сябе ў руках і быць патрабавальным да сябе. А гэтыя якасці ў любой прафесіі, ды і ў жыцці вельмі важныя.
Падчас размовы з Уладзіславам “гарэлі” вочы ў хлопчыкаў-падлеткаў, якія яшчэ знаходзяцца за школьнай партай, замірала дыханне ад таго, што яны пачулі, марылі аб тым, што і яны хутка будуць выконваць свой грамадзянскі абавязак, а я, як былы класны кіраўнік Уладзіслава, ганарылася сваім выпускніком, ганарылася тым, што мы, настаўнікі нашай установы адукацыі, выхавалі сапраўднага грамадзяніна і патрыёта нашай любімай краіны.
Таццяна Галавач,
настаўнік Азёркаўскай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад