Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята, якое мае для ўсіх нас велізарнае культурна-гістарычнае значэнне, – Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйнае свята, якое акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання і развіцця багатай культурнай спадчыны i духоўнага здабытку нашага народа.
Беларусь – радзіма многіх выдатных асветнікаў, дзеячаў культуры, пісьменнікаў сусветнага ўзроўню, тут беражліва захоўваюць дасягненні мінулых пакаленняў. Літаратура, мастацтва заўсёды былі для беларусаў асаблівай каштоўнасцю, крыніцай гістарычнай памяці, надзейнай апорай у выхаванні патрыятызму і высокіх маральных якасцяў грамадзян. У гэтым годзе свята прайшло ў старажытным «горадзе белых начэй» – Бялынічах, якія знаходзяцца на Магілёўшчыне.
У сярэдняй школе №3 г. Масты да гэтага дня навучэнцы 5 класа рыхтаваліся з адказнасцю. Наша першая класная гадзіна ў новым навучальным годзе, прысвечаная Дню беларускага пісьменства, прайшла пад назвай “Слова роднае шануйце!” Для навучэнцаў была падрыхтавана выстава кніг беларускіх пісьменнікаў. Дзецям вельмі цікава было даведацца пра гісторыю “Як продкі шанавалі нашу мову”. Паслухаць меладычныя вершы, якія кранаюць душу і на момант стаць пісьменнікам – самая цікавая частка класнай гадзіны. 26 юнакоў і дзяўчат спрабавалі скласці верш “Мова мая” пры дапамозе апорных слоў. Такія заданні дапамагаюць выявіць не толькі таленавітых вучняў, але і вучаць усіх дзяцей мысліць і развіваць свае думкі, што вельмі актуальна ў час камп’ютарных тэхналогій. Навучэнцы з заданнем справіліся на ўсе сто! Нельга не адзначыць тое, што напрыканцы класнай гадзіны вучні з вялікім жаданнем выканалі песню “Мой родны кут” на верш Якуба Коласа. Прыемна, што вучні вельмі любяць родную мову і паважліва ставяцца да яе.
Маргарыта Харытонава,
класны кіраўнік 5 класа
дзяржаўнай установы адукацыі
“Сярэдняя школа №3 г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад