Удзел у свяце прымуць пісьменнікі з дзесяці краін свету, а таксама больш за сто беларускіх творцаў. Ёсць сярод іх і гродзенцы.
У першы дзень верасня тыя, хто стварае сучасную беларускую літаратуру, завітаюць на ўрачыстую лінейку, каб павіншаваць вучняў, настаўнікаў і бацькоў з Днём ведаў.
Сустрэцца з пісьменнікамі можна будзе цягам двух дзён. У суботу і нядзелю ля гарадскога фантана будзе працаваць творчая пляцоўка “Слова пісьменніка”. Свае забаўляльна-пазнавальныя праграмы рыхтуе кожнае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Як распавяла старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, літаратары Прынёмання таксама падрыхтавалі цікавую праграму. Тут можна будзе пачуць вершы і нават песні ў выкананні аўтараў. Пройдуць прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі. Да прыкладу, Ліна Багданава прапануе сваю першую кнігу з серыі “Вконтакте” пад назвай “А кто сказал, что будет просто”. Яна пабачыла свет у гэтым годзе ў выдавецтве “Народная асвета”. Складаецца кніга з кароткіх аповедаў, што ўздымаюць тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці ў школе: нехта носіць акуляры, хтосьці не падобны на іншых… Пасля кожнага аповеду ёсць каментарыі ды парады псіхолагаў, бацькоў, сяброў.
Яшчэ на адну прэзентацыю запрашае Людміла Кебіч: увазе гасцей пляцоўкі яна прапануе свой паэтычны зборнік “Рай для адзіноты”, які пабачыў свет летась.
Асобна будзе працаваць падчас Дня беларускага пісьменства дзіцячая пляцоўка. Там са сваімі кнігамі малых чытачоў і іх бацькоў разам з іншымі творцамі пазнаёмяць і гродзенцы Ганна Скаржынская-Савіцкая, Наталля Цвірко і Таццяна Сучкова. Прымуць удзел аўтары Прынямоння і ў прэзентацыях, што будуць ладзіць выдавецтвы на сваіх пляцоўках.
Пасля насычанага на сустрэчы дня літаратараў і чытачоў запрашаюць на ўрачыстую цырымонію адкрыцця свята.
У Полацк, сталіцу Дня беларускага пісьменства, з Прынямоння едуць і дзеці – пераможцы абласнога этапу конкурсу “Жывая класіка”. Фінал конкурсу стане адной з яркіх падзей свята. Пераможцаў Міністэрства адукацыі заахвоціць пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер “Зубраня”.
Святочная нядзеля таксама будзе насычанай. На асноўнай пляцоўцы вырашыцца галоўная інтрыга: хто стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама прадставіць літаратурна-музычную праграму “Як на свет нарадзіўся Янка” па матывах рок-оперы “Курган”, непасрэднае дачыненне да стварэння якой мае знакаміты паэт Андрэй Скарынкін.
Пройдзе прэзентацыя аўдыёдыска, дзе галасамі знакамітых акцёраў – заслужанай артысткі Тамары Апіёк-Мікалаевай, акцёра і рэжысёра беларускага радыё Алега Вінярскага, артысткі літаратурнага тэатра “Слова”, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай будуць агучаны лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу “Скарынавай душой узлашчанае слова”.
Творчую эстафету на галоўнай сцэне падхопіць цэлае сузор’е беларускіх паэтаў, членаў пісьменніцкага саюза. Да іх далучацца артысты, музыканты.
Фото з архіва "ГП"
Таццяна Мастоўская
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад