Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизньСоциумОбщественная жизньСоциумПрофсоюзная жизньСоциумКультураСоциумВ трудовом коллективеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Беларусь - ЭТО МЫ!

Славім золата хлеба і людзей залатых. У КСУП “Імя Адама Міцкевіча” святкавалі Дажынкі і ўшаноўвалі лепшых хлебаробаў

Славім золата хлеба і людзей залатых. У КСУП “Імя Адама Міцкевіча” святкавалі Дажынкі і ўшаноўвалі лепшых хлебаробаў23 августа 2024 — 08:00

Вечарам у суботу, 17 жніўня, аграгарадок Вялікая Рагозніца быў напоўнены гукамі музыкі і песень, а да святочна ўпрыгожанай  пляцоўкі спяшаліся як мясцовыя жыхары, так і работнікі КСУП “Імя Адама Міцкевіча”. Тут ладзілі Дажынкі – свята тых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, хто ў спёку і непагадзь, з ранку да ночы шчыраваў на хлебнай ніве.

Здаўна завяршэнне жніва нашы продкі адзначалі вялікім святам, нязменным сімвалам якога быў каравай з зерня новага ўраджаю, што ўвасабляе сабой дабрабыт і гасціннасць. Добра, што гэтая традыцыя дайшла і да нашага часу, бо выказаць шчырыя словы падзякі за працу і сонечнасць хлеба лепшым з лепшых – наш святы абавязак.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Сяргей Гарошка:

– Расціць хлеб цяжка, а яшчэ цяжэй сабраць ураджай без страт. Гэта не проста прагулка ў поле. Хлебная ніва патрабуе штодзённага крапатлівага догляду і клопату. І толькі сапраўдныя прафесіяналы, якімі ўсе вы з’яўляецеся, здольны давесці гэтую справу да дасканаласці. Дзякуючы высокай арганізацыі працы і зладжанасці, у КСУП “Імя Адама Міцкевіча” вырашчаны і сабраны добры ўраджай зерня. Мы ганарымся вашымі поспехамі. Дзякуй за старанную працу, за тую высокую адказнасць, якую вы праявілі. Моцнага ўсім здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні, згоды і дабрабыту. Верым, што сабраны вамі ўраджай стане той асновай, на якой вы будзеце дабівацца ўсё новых і новых поспехаў.

Сяргей Міхайлавіч падзякаваў за шматгадовую плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі, высокія вытворчыя паказчыкі, прафесіяналізм і ўручыў Падзячнае пісьмо Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Уладзіславу Лобачу, Падзяку старшыні райвыканкама – Віктару Чарніцкаму.

Шчырыя словы ў адрас хлебаробаў на свяце прагучалі і ад старшыні Мастоўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктара Метлюка. За добрасумленную працу і актыўны ўдзел у жніве прафсаюзам былі адзначаны вадзіцель Аляксандр Цяслоўскі, аграном Мікіта Ціток, аператар сушыльнай устаноўкі КЗСВ-40 Станіслаў Мазец.

Сёлетняе жніво стала адным з самых складаных у гісторыі гаспадаркі за апошнія гады. На яго вынікі ў значнай ступені паўплывалі пагодныя ўмовы. Не заўсёды на баку хлебаробаў была і тэхніка, часта выходзячы са строю. І тым не менш, па словах дырэктара КСУП “Імя Адама Міцкевіча” Уладзіміра Пісарэвіча, плён сумесных намаганняў неблагі: агульны намалот зерня склаў 13 600 тон пры ўраджайнасці 53 ц/га, намалочана 3 766 тон рапсу пры ўраджайнасці 42 ц/га.

– Усе мы, кожны на сваім участку работы, добра папрацавалі і дастойна завяршылі жніво, – адзначыў кіраўнік гаспадаркі. – Уборку правялі зладжана і арганізавана, як кажуць, у адной счэпцы, не было дапушчана траўматызму і іншых надзвычайных сітуацый. Вялікі дзякуй усім, у тым ліку і нашым калегам з іншых гаспадарак за дапамогу. Моцнага ўсім здароўя, беражыце сябе і сваіх родных.

Цяжкая праца ў хлебаробаў. Яны першымі на золку вітаюць ніву, кланяюцца ёй, шануюць яе. Яны, стомленыя, але радасныя ад вынікаў сваіх намаганняў, апошнімі развітваюцца з сонейкам. Гэта іх рукі – шурпатыя, натруджаныя, мазолістыя – самыя працавітыя і руплівыя. Бо менавіта з іх працы – багацце, радасць і шчасце зямлі, бо вырашчаны імі хлеб становіцца золатам самый высокай пробы.

Гэта тычыцца камбайнераў Пятра Масквенкова, Паўла Цяслоўскага і Генадзя Мандзіка, што занялі прызавыя месцы ў гаспадарцы, намалаціўшы адпаведна звыш чатырох, трох і дзвюх тысяч тон зерня.

У адной камандзе з камбайнерамі працавалі і вадзіцелі, што адвозілі зерне ад камбайнаў на зернетакі. За добрасумленную працу і высокія паказчыкі былі адзначаны Яўген Улінцкас, Іван Стасевіч і Юрый Свістун, якія трымалі лідэрства на працягу ўсяго жніва.

Не былі забыты і астатнія работнікі гаспадаркі, што працавалі на дапрацоўцы зерня, вялі ўлік, пастаўлялі запчасткі, смачна і сытна кармілі хлебаробаў. Ім вяскоўцы адрасавалі свае дружныя апладысменты, а кіраўніцтва – прэміі.

Свята ў Рагозніцы сабрала шмат гледачоў. Самыя малыя ўдзельнікі мерапрыемства змаглі ўдосталь паскакаць на надзімным батуце, паласавацца салодкімі прысмакамі. Доўга яшчэ ў гэты суботні вечар гучалі шчырыя зычэнні і песні, артысты Рагозніцкага і Пацавіцкага дамоў вольнага часу і культуры славілі хлебаробаў, дзякуючы добрасумленнай працы якіх будзе з чаго жыць і вяскоўцам, і гараджанам.

 

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио