07 июня 2026 — 10:03
Кожны народ трымаецца на трох слупах: мове, зямлі і жанчыне. Беларуская жанчына – гэта не проста маці, бабуля ці дачка, гэта цэлы сусвет. У ёй, як у старажытнага дуба, ёсць магутныя карані, якія кормяць яе сілай продкаў, і адначасова лёгкія, нябачныя, але моцныя крылы, якія дазваляюць ёй ляцець да сваёй мары.
Карані беларускай жанчыны пачынаюцца зусім не ў гістарычных хроніках і не ў музейных вітрынах. Яны пачынаюцца там, дзе ціха рыпіць калыска, дзе матчын голас уплятае ў сон першую калыханку, дзе пахне жытнім хлебам і сушанымі зёлкамі пад столлю.
Што ж такое карані? Для мяне гэта сувязь з мінулым. Наша беларуская жанчына спрадвеку была “берагіняй”. Яна трымала на сваіх плячах парадак у хаце, дзяцей і веру. Яна ўмела ткаць, спяваць ціхія песні і плакаць па тых, хто пайшоў на вайну. Гэтыя карані – памяць пра бабулю, якая клала кветкі на магілу дзеда, пра маму, якая навучыла мяне пячы бліны і паважаць старэйшых. Мая мама кожны год на Радаўніцу едзе на могілкі да прадзеда, які быў партызанам, і заўсёды бярэ з сабой мяне. Яна памятае ўсе вясковыя песні, якія спявала бабуля, і часам на кухні напявае іх, калі пячэ тыя самыя бабуліны бліны. Гэта тое, што не дае згубіцца ў гэтым шумным свеце. Калі жанчына памятае свае карані, яна ўпэўнена стаіць на нагах.
Мая мама, Надзея Рыгораўна, працуе даяркай у КСУП “Азяранскі”. Гэта, я лічу, вельмі важная прафесія. Мама прачынаецца ў пяць гадзін раніцы, калі яшчэ ўсе спяць, і едзе на ферму. Я бачу яе рукі: шурпатыя, з патрэсканымі пальцамі, але заўсёды цёплыя і ласкавыя. Яна ведае кожную сваю карову па мянушцы: “Зорка”, “Чарнушка”, “Рабіна” – і яны яе слухаюцца. Дома мама гатуе смачную ежу, займаецца выпечкай, садзіць і даглядае кветкі, не забывае пра сваю цётку, якая жыве адна ў горадзе, едзе і дапамагае ёй… Гэта і ёсць карані: праца на зямлі, клопат пра блізкіх, вернасць сваёй справе, хоць яна не вельмі лёгкая.
Але ці можна жыць, калі толькі хадзіць на работу і працаваць на зямлі? Не. На тое чалавеку і дадзена мара. Тут у паўсядзённае жыццё “ўступаюць” крылы. Беларуская жанчына сёння – гэта не толькі повар на кухні, гарачы боршч, бліны і кветкі. Гэта яшчэ і доктар, і настаўнік, і навуковец, і паэтка, і валанцёрка…
Мая мама не скончыла інстытут, але яе “крылы” растуць зусім з іншага. Увечары, калі яна стомленая прыходзіць з работы, садзіцца побач са мной і пытае: “Што вы сёння па гісторыі праходзілі?”, “Што новага ў школе, у класе?” Мама чытае мае падручнікі, часам лепш за мяне ведае вершы і можа растлумачыць, як утварыліся пустыні. Яна марыць, каб я паступіла ў аграрны ўніверсітэт на ветэрынара. А яшчэ мама таемна ад нас вышывае крыжыкам. На кухні ляжыць пачатая карціна “Анёлы над горадам”. Мама кажа мне: “На ферме, дачушка, я працую рукамі, а ўвечары душа просіць прыгожага”. Маміны “крылы” – я і мая старэйшая сястра, якая працуе медсястрой у горадзе, яе цікаўнасць да нашага свету, нашага развіцця, яе жаданне пакінуць нешта прыгожае пасля сябе. Маміны “крылы” – гэта мы, яе дзеці, наша будучае.
Можа здацца, што карані цягнуць уніз, а крылы – угару. Але я думаю інакш. У беларускай жанчыне гэта дзіўным чынам спалучаецца. Калі мая мама прыходзіць з працы, яна не кладзецца спаць на канапу, а перш-наперш ідзе мыць рукі і ставіць чайнік. Яна можа нешта сабе ціха напяваць. Гэта або беларуская “Купалінка”, якую спявала бабуля, або, што дзіўна, песня “Белыя ружы” са сваёй маладосці ў выкананні Юрыя Шатунова. Потым бярэ мабільны тэлефон і адпраўляе галасавое паведамленне сваёй школьнай сяброўцы, якая жыве ў г. Гродна: “Як ты там? Не хварэй”. А праз пяць хвілін яна ўжо правярае маё дамашняе заданне па матэматыцы – і гэта пасля дванаццаці гадзін “на нагах”! У гэты момант у ёй няма нічога ад стомленай даяркі. У ёй – тая самая спрадвечная “берагіня”, яе “карані” цягнуцца да цяпла, а “крылы” раптоўна ўздымаюць яе над бытам. І гэта не слабасць. Гэта яе сіла.
Я лічу, што мара беларускай жанчыны – гэта менавіта гармонія. Кожная жанчына марыць мець моцныя крылы, каб выратавацца ад бытавога цяжару, каб пабачыць свет. Я мару аб тым, каб у мамы з'явілася магчымасць адпачыць у санаторыі, яна гэта заслужыла. Я хачу, каб мама ганарылася мной. Яна навучыла мяне, што самыя моцныя людзі не тыя, хто спіць да палудня і лёгка жыве, а тыя, хто ўстае рана і не скардзіцца, што цяжка жыць, а проста ідуць і сумленна робяць сваю справу. Мама ніколі не гаварыла мне: “Будзь як я”. Яна часта мне паўтарае: “Будзь лепшай за мяне”. І яе “крылы” – гэта мая вера ў тое, што я маю права марыць аб нечым лепшым, нават калі мы жывём у маленькай вёсцы.
Мне падаецца, мая мама – сапраўдная беларуская жанчына, яна ўжо герой, проста без гучных слоў. Яна даказала: можна працаваць на ферме, але мець сэрца птушкі. І калі яна ўвечары вышывае свайго анёла, я веру, што яе мары абавязкова знойдуць яе.
Я хачу навучыцца быць такой жа моцнай, як мая матуля: трывала стаяць на зямлі (каб ведаць, хто я такая) і лёгка ўзлятаць у неба (каб стаць тым, кім я хачу быць). Бо сапраўдная сіла – гэта не тое, што цябе прыгнятае. Сапраўдная сіла – гэта тое, што дае табе права ляцець.
Мая мара пра Беларусь – гэта краіна, дзе жанчына можа быць моцнай без сораму, мяккай без слабасці, дзе яна можа працаваць і марыць, дзе “сіла каранёў” не душыць, а падтрымлівае, а “крылы мары” не вырываюць з роднага гнязда, а дапамагаюць ляцець высока і абавязкова вяртацца на Радзіму, у родную Беларусь.
Вікторыя Аніперка, вучаніца ДУА
“Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад