Што можа быць пачэсней, чым мець родную мову? І што можа быць складаней, чым ведаць яе! Кожная мова - гэта скарб, які можна бясконца знаходзіць, адкрываючы ўсё больш новых і незвычайных “ цікавінак”.
Кожнаму пакаленню застаецца на памяць тое, што створана талентам і працавітасцю продкаў. Абавязак нашчадкаў - вывучаць гэтую спадчыну і захоўваць. Наша памяць зберагла імёны славутых постацей беларускай гісторыі, асветнікаў, першадрукароў, якія для нас - прыклад чыстай любові да роднага Слова.
Менавіта для таго, каб больш ведаць і захоўваць сваю спадчыну, у Струбніцкай бібліятэцы прайшло літаратурнае свята “ Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць “. Мерапрыемства было прысвечана 500 – годдзю беларускага кніга-друкавання. На ім прысутнічалі дзеці з аздараўленчага лагера “ Сонейка” ДУА “ Пескаўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Вядучыя расказалі пра вядомага ўсяму свету Францыска Скарыну, пра яго жыццёвы і творчы шлях. Дзякуючы яму, Францыску Скарыне, людзі ўмеюць чытаць і пісаць, вучыць сваіх дзетак. Яго талент праяўляўся літаральна ва ўсім: беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі сэнс сваей дзейнасці бачыў у служэнні народу і рабіў гэта праз кнігі. Ён пісаў кнігі не для цароў, а для простых людзей. З цікавасцю дзеці даведаліся, што “ Псалтыр”, “Апостал”, “ Малая падарожная кніжыца” надрукаваў наш беларускі кнігадрукар. Пад гукі мелодыі цымбалаў у выкананні чытачоў прагучалі вершы пра славутага асветніка і першадрукара. На прыканцы была праведзена віктарына «Наш Скарына». Дзеці, якія ўважліва слухалі, а потым адказвалі на пытанні, атрымалі падарункі.
Кнігі – гэта памяць чалавецтва, у іх – наша гісторыя, у іх – адкрыцці, веды і вопыт пакаленняў. Яны напаўняюць розум добрымі і глыбокімі думкамі і ўзвышаюць душы. У нас багатая гістарычная спадчына. Нам ёсць кім і чым ганарыцца. Славутыя беларусы прыкладам свайго служэння народу, Радзіме асвятлялі шлях не аднаму пакаленню. Нам трэба шанаваць памяць слаўных учынкаў вялікіх людзей, імкнуцца быць карыснымі, жыць так, каб і намі ганарыліся.
С. ЧАРНІЦКАЯ,
бібліятэкар Струбніцкай сельскай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад