Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНаука и образованиеНаука и образованиеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайПрирода и экологияПриродаПрирода и экологияЭкологияСімвалы Радзімы маёйСімвалы Радзімы маёйГод качестваГод мира и созидания

Скарбы зямлі Мастоўскай. Юныя мастаўчане сталі ўдзельнікамі захапляльнай квэст-гульні ў музеі “Лес і чалавек”

Скарбы зямлі Мастоўскай. Юныя мастаўчане сталі ўдзельнікамі захапляльнай квэст-гульні ў музеі “Лес і чалавек”18 мая 2023 — 15:38

Здзейсніць цікавае падарожжа ў мінулае Мастоўскага краю, адшукаць ключ ад горада Масты, прайшоўшы этапы захапляльнай квэст-гульні, адчуць гонар за сваю малую радзіму – такую магчымасць прадаставілі супрацоўнікі Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” сваім наведвальнікам у Міжнародны дзень музеяў. Мерапрыемства прымеркавана да Года міру і стваральнай працы.

Не проста экскурсія, а прыгодніцкі квэст з цікавымі заданнямі, самастойнымі даследаваннямі і пошукам адказаў на пытанні з гісторыі роднага краю – так адзначылі Міжнародны дзень музеяў мастоўскія захавальнікі даўніны. А якое ж свята без гасцей? Яны таксама былі. Вясёлыя, цікаўныя, шчырыя і разумныя хлопчыкі і дзяўчынкі з гімназіі №1 г. Масты завіталі ў музей на пазнавальную гульню.

– Сёння мы з вамі будзем падарожнічаць у мінулае Мастоўскага раёна. Маршрут нашага квэста пройдзе праз усе чатыры экспазіцыйныя залы музея, дзе ў якасці падказак выступяць музейныя экспанаты. У вас адказнае заданне – адшукаць ключ ад нашага горада Масты. Каб паспяхова справіцца з ім, трэба слухаць, назіраць, запамінаць, быць уважлівымі і кемлівымі, – пазнаёміла юных экскурсантаў з правіламі музейнага занятку навуковы супрацоўнік музея Марына Жвірбля.

Спачатку рабяты даведаліся, як нашы продкі выкарыстоўвалі ў паўсядзённым жыцці лапці, верацяно, лучыну, для чаго ў хаце былі дываны, куфар і бязмен, навошта гаспадыні столькі рушнікоў, а затым адшукалі ўсе гэтыя стражытныя  рэчы ў музейнай экспазіцыі і падабралі да іх сучасныя аналагі.

Пазнавальным атрымалася “разгадванне” ўзораў на саматканых посцілках. Асабліва ўразілі юных мастаўчан мудрагелістыя ўзоры падвойнага ткацтва, тэхніка якога занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Такія дываны ткалі гудзевіцкія майстрыхі, а адзін з іх захоўваецца ў мастоўскім музеі.

Адкрыццём залы прыроды для рабят стала навіна, што ў музеі жывуць … сапраўдныя мураўі. У спецыяльным камфортным доміку – фармікарыі  (мураўіная ферма) – жыве да 200 асобін насякомых. І кожны наведвальнік музея можа паназіраць за “братамі нашымі малодшымі”. Не менш зацікавіла хлопчыкаў і дзяўчынак прыгожая легенда пра раку Нёман. Даведаліся яны і пра тое, якія дрэвы пераважаюць у нашых лясах, якіх птушак і жывёл тут можна сустрэць, якімі ляснымі дарамі радуе мастаўчан наш “зялёны сябар”.

Не вызвала складанасцей у рабят заданне скласці з прапанаваных элементаў герб і сцяг Мастоў.

– Мост і плыт на гербе нашага горада ўвасабляюць не толькі мінулае краю, але і яго сучаснае і будучае. Яны сімвалізуюць пераемнасць ад сплаву лесу па рацэ Нёман да фанернага завода братоў Канапацкіх і сучаснага прадпрыемства, лідара дрэваапрацоўчай галіны краіны – ААТ “Мастоўдрэў”, – паведаміла Марына Жвірбля.

 

Кожны жыхар Мастоў ганарыцца славутасцямі свайго горада і найперш – самым доўгім ў рэспубліцы падвесным мостам. Памяць аб падзеях і героях Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ў помніках і абелісках, а самы вядомы сярод гараджан – помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан па вуліцы Савецкай. Папоўнілі рабяты свае веды аб Героях Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтае высокае званне за праяўленыя мужнасць і гераізм падчас вызвалення Мастоўскага раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Пачулі расказ пра генацыд мясцовага насельніцтва падчас ваеннага ліхалецця.

Мэта дасягнута – ключ ад горада і новых ведаў аб родным краі ў руках пераможцаў, яго юных жыхароў. Хлопчыкі і дзяўчынкі абяцаюць, што хутка зноў вернуцца ў музей, каб пачуць цікавыя звесткі пра Мастоўшчыну, дзе яшчэ столькі нязведанага і пакуль невядомага для падрастаючага пакалення мастаўчан.

 

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале

Подписывайтесь по ссылке

#генацыд #гісторыя #музей #Мастоўшчына

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио