У музеі “Лес і чалавек” па праграме тыдня “Знакамітыя людзі Мастоўшчыны” была арганізавана выстаўка работ нашага земляка, мастака Дзмітрыя Пятровіча Іваноўскага “Скарбы зямлі маёй” і прайшла прымеркаваная да гэтага літаратурная сустрэча з братам мастака Мікалаем Пятровічам Іваноўскім.
На адкрыццё выстаўкі і сустрэчу з паэтам прыйшлі тыя, хто цікавіцца мастацтвам, літаратурай, неабыякавы да гісторыі Мастоўшчыны. Палотны Дзмітрыя Іваноўскага ў музеі “Лес і чалавек” выстаўляюцца ўжо сёмы раз.
На жаль, мастак рана пайшоў з жыцця, але засталіся яго работы, над якімі не падуладны час. Карціны нашага земляка выстаўляліся не толькі ў Беларусі, іх высока цанілі і за мяжой. Мерапрыемства ў музеі -- даніна памяці таленавітаму чалавеку.
Дакладней кажучы, у родзе Іваноўскіх два таленавітыя самародкі -- мастак і паэт. Мікалай Пятровіч Іваноўскі цікава і шчыра расказваў пра сваю простую сялянскую працавітую сям’ю, адкуль і браліся вытокі іх таленту. Прысутныя ўважліва слухалі яго вершы і павучальныя жыццёвыя гісторыі.
Такія сустрэчы звычайна пакідаюць глыбокі след у душы. Пасля іх заўсёды ўзнікае жаданне, калі не напісаць карціну, дык хоць бы зрабіць штосьці прыемнае тым, хто побач з табой.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад