Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНаш край

Скарбніца лёсу роднай школы

Скарбніца лёсу роднай школы08 июня 2018 — 11:05

Першая школа ў Гудзевічах была адкрыта ў 1863 годзе. Пасля, на працягу паўтара стагоддзя, яна часта мяняла свой статус. І ўсё гэта занатавана ў нашым музеі “Гісторыя школы расказвае...” 

 

Цудоўнае ўражанне ствараюць два пакоі, дзе ўладкавалася сама пані Гісторыя школы, пакоі, якія ўмяшчаюць ў сабе гісторыю Гудзевіцкай школы, пачынаючы з 1863 года і па сённяшні дзень. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з заснаваннем установы адукацыі, яе дасягненнямі, поспехамі. Надпіс “Publiczna szkola powszehna”, сшытак вучня 1938 года, грыфельная дошка 1912 года, якой карыстаўся Сігізмунд Кажэцкі, падручнік “Геаметрычнае чарчэнне” (1912 года), пашпарт Гудзевіцкай школы Ваўкавыскага раёна Беластоцкай вобласці за 1940/1941-1944/1945 гады ўражваюць гасцей сваёй змястоўнасцю і даўніной.


Школьны музей карыстаецца вялікай папулярнасцю і цікавасцю. Трэба бачыць, як іскрацца вочкі нашых дзяцей, калі яны пазнаюць на фотаздымках сваіх бацькоў, браціка ці сястрычку, якія многа-многа гадоў назад закончылі нашу школу. Сюды прыходзяць не толькі вучні, іх мамы і таты, але і наведвальнікі з іншых школ, раёнаў і нават замежныя госці. Так, у снежні 2017 года наш музей наведалі члены аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод” са школы №5 горада Масты, у студзені – 22 вучні з ДУА “Ханявіцкі дзіцячы сад – СШ” Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Былі ў нас і замежныя госці. Музей наведала латвійская дэлегацыя з горада Рыга.


Частымі гасцямі з’яўляюцца выпускнікі. Яны – гонар нашай школы, матэрыялы пра іх займаюць пачэснае месца ў нашым музеі. Пётр Мікалаевіч Бібіла – доктар тэхнічных навук, аўтар 330 навуковых прац, падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук, загадчык лабараторыі аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі; Валянціна Мікалаеўна Бібіла – доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;


Д.П. Іваноўскі – мастак, які праславіў сваімі карцінамі Беларусь ва ўсім свеце; К.А. Эйсмант – дацэнт, асістэнт кафедры патфізіялогіі Гродзенскага медуніверсітэта;


Я.І. Клімуць – кандыдат філалагічных навук . І гэта яшчэ не поўны пералік тых, хто калісьці вучыўся ў нашай школе, а сёння праславіў Гудзевіцкі край. Мы ўпэўнены, што яны з’яўляюцца прыкладам для тых, хто сёння вучыцца ў сценах нашай школы.
Юныя экскурсаводы Ксенія Гаспаровіч, Марына Станілка, Аляксандра Маляўка, Сняжана Барысік, Дар’я Трацяк з цікавасцю вывучаюць гісторыю школы. На базе нашага музея ладзяцца ўрокі мужнасці, гадзіны зносін, інфармацыйныя гадзіны і арганізуюцца мерапрыемствы ў шосты школьны дзень і канікулярны час.  Наш музей адкрыты для далейшай працы краязнаўцаў.


Н. Славута,
кіраўнік музея Гудзевіцкай сярэдняй школы
 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио