Ужо 24 гады яго паспяхова здае Наталля Уладзіміраўна Сукач, настаўнік пачатковых класаў пятай гарадской школы.
Кажуць, што кожны чалавек нараджаецца двойчы. Другі раз, калі выбірае сваю прафесію, якая вызначае яго шлях у жыцці. Для Наталлі Уладзіміраўны прафесійны выбар быў прадвызначаны яшчэ ў школьныя гады, якія, дарэчы, таксама прайшлі ў СШ №5 г.Масты. А ўсё таму, што перад вачамі быў прыклад любімай першай настаўніцы Галіны Уладзіміраўны Войнавай.
- Часам у думках “прымяраю” да сябе іншыя прафесіі і не магу ўявіць, якім бы я была, да прыкладу, прадаўцом ці супрацоўнікам банка, - разважае наша суразмоўца. – Не, менавіта настаўніцтва – вось тая сцяжынка, па якой хочацца ісці, каб адкрываць сваім вучням свет ведаў і дарыць ім веру. Веру ў сябе і свае сілы, у тое, што яны дасягнуць поспеху, пазнаюць сусвет, здзейсняць адкрыццё і нават дакрануцца да зорак...
У свой час Наталля Уладзіміраўна закончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, а затым завочна Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. За час працы зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным, сучасным, актыўным, творчым педагагічным работнікам з пазітыўнымі адносінамі да работы, калег і сваіх выхаванцаў. Выкарыстоўваючы індывідуальны падыход да вучняў, яна выхоўвае ў іх сумленнасць і чалавечую годнасць, патрэбу ў новых ведах, уменне працаваць, самастойна пераадольваць цяжкасці, даводзіць пачатую справу да канца. Як сцвярджаецца ва ўсходняй мудрасці, цела чалавеку даюць бацькі, душу – Бог, а мэту і сэнс жыцця – настаўнік.
- Зараз у мяне чацвёрты клас, інтэграваны. Прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб падабраць свой адмысловы ключык да кожнага з 24 сардэчак, што давяраюць мне, шчыра вераць кожнаму слову, - адзначае Наталля Уладзіміраўна. – Тут таксама важна наладзіць кантакт з бацькамі, бо калі ёсць разуменне агульных мэтаў, сумесная праца, павага і давер – значыць, рух наперад забяспечаны.
І ён ёсць. Вучні вопытнага педагога, кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў неаднаразова станавіліся пераможцамі школьных і раённых алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсу даследчых работ і творчых праектаў малодшых школьнікаў.
Нямала ўзнагарод за плённую працу і ў самой нашай суразмоўцы. А адну з самых значных – Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь - яна атрымала якраз напярэдадні бягучага навучальнага года.
Аднак, безумоўна, ні адна ўзнагарода не можа параўнацца са шчырымі словамі пажаданняў, якія прагучаць для Наталлі Уладзіміраўны ў гэтыя восеньскія дні, калі краіна і кожны з нас адзначае Дзень настаўніка.
Дарэчы, яны, настаўнікі, назаўсёды выкліканы да дошкі і штодня здаюць экзамен. На давер, шчырасць, дабрыню, справядлівасць, духоўнасць. Бо веды мала што каштуюць, калі яны не прапушчаны праз сэрца – вялікае, настаўніцкае, якое ён аддае дзецям, сваім вучням...
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад