Штогод, калі Масты сустракаюць свой чарговы дзень нара джэння, павіншаваць і парадаваць гараджан стараюцца жыхары аграгарадкоў і вёсак раёна. Вось і сёлета па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК была арганізавана работа стылізаваных вясковых падворкаў. Тут гаспадаркі дэманстравалі вырашчаны ўраджай, а работнікі культуры творчы патэнцыял. Атрымалася вельмі весела, цікава і надзвычай гасцінна.
Славіцца сваімі стараннымі працаўнікамі, сваімі дбайнымі і руплівымі гаспадарамі наша мастоўская зямля. Пацвярджэнне таму – падворкі сельскагаспадарчых арганізацый, дзе было на што паглядзець і чым падзівіцца.Сёлета значна пашырыўся і абнавіўся падворак закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”. Стылізаваная хатка набыла яшчэ большую ўтульнасць, а ў двары з’явіліся выстава работ мясцовых майстроў і цудадрэва, на якім “выраслі” розныя патрэбныя рэчы. Для дзяцей былі ўстаноўлены невялікія драўляныя арэлі. Кожны жадаючы мог ацаніць смак прыгатаваных тут жа юшкі і шашлыку, паспытаць салёнага сала і паляндвіцы, пачаставацца фірмовымі пончыкамі ад Ганны Антонаўны Лісоўскай. Дарэчы, гэта яе ўмелымі рукамі было прыгатавана большасць страў багатага гудзевіцкага стала. А пакуль госці частаваліся, сваю справу рабілі музыкі, якія адказвалі за добры настрой наведвальнікаў падворка.
- Хацелася б адзначыць энергію, заўзятасць і арганізатарскія здольнасці майго намесніка па ідэалагічнай рабоце А.Г.Палойкі, былога старшыні сельсавета І.А. Жукоўскай, якая згадзілася нам дапамагчы, дырэктара Гудзевіцкага музея К.В. Басінскай. Гэта яны ўсё так ладна і добра арганізавалі. А ўвогуле, хачу выказаць словы падзякі ўсім работнікам гаспадаркі і арганізацый, што знаходзяцца на яе тэрыторыі. Мы чым можам дапамагаем ім, а яны – нам, - падкрэсліў дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Антонавіч Санько.
Кожны падворак быў пасвойму цікава аформлены, багаты на садавіну, агародніну і іншыя прысмакі, якія можна было паспытаць і нават выйграць у латарэю. Менавіта такая, бяспройгрышная, была арганізавана на падворку адкрытага акцыянернага таварыства “Чарлёна”. Хтосьці тут набыў цыбулю, моркву, бульбу, буракі – адным словам, пайшоў дамоў не з пустымі рукамі.
Шмат гледачоў сабраў абрад “Сустракаем маладых”, што ладзіўся на падворку сельгаскааператыва імя Адама Міцкевіча. Пастараліся работнікі культуры і ўдзельніцы творчага гурта “Чараўніцы”, якія падрыхтавалі шмат вясельных песень, шчырых віншаванняў і пачастункаў – якое ж вяселле без усяго гэтага!
Залівіста і гучна гучалі вясёлыя народныя песні на падворку філіяла “Дубна”. Шчодра аддзячыла зямля працавітых дубненцаў за клопат аб ёй. Ураджаем агародніны і садавіны мог падзівіцца кожны, хто заходзіў на падворак. І гэта ў не зусім спрыльны сельскагаспадарчы год!
Поўныя засекі зерня, бульбы і агародніны дэманстравалі і на падворку сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Азяранскі”. Тут ладзілася цэлая канцэртная праграма з удзелам мясцовых майстроў добрай і шчырай песні. І ўсё гэта разам з прыветлівасцю, гасціннасцю і аптымізмам арганізатараў падворка.
З караеваем і песнямі сустракалі гасцей і на падворку сельгаспрадпрыемства “Мастаўчанка”. А яшчэ тут працаваў невялікі драўляны млын, ды не зусім звычайны. Як расказалі нам старэйшыя людзі, ён “можа малоць не толькі зерне на муку, але і ўсе нягоды і праблемы ў адзін момант пераўтварае ў пыл”.
Вось так весела, з выдумкай і фантазіяй, трапным народным гумарам і багатым сталом, накрытым для дарагіх гасцей, і жывуць нашы вяскоўцы. Адгалосак гэтай святочнай сустрэчы на гарадскім стадыёне, якую і адныя, і другія будуць з нецярпеннем чакаць зноў, надоўга застанецца ў памяці прыемным восеньскім успамінам.
З першых вуснаўВіктар Міхайлавіч МЯТЛЮК, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК: -- Хочацца выказаць словы падзякі ўсім кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, якія вельмі адказна і добрасумленна падышлі да падрыхтоўкі падворкаў. Камісіі было складана ацаніць тую выдумку і фантазію, якую праявілі вяскоўцы, яшчэ цяжэй было вызначыць лепшых.
І, тым не менш, пераможцам конкурсу на лепшы сельскагаспадарчы падворак 2015 года стала ЗАТ “Гудзевічы”. Тут і паўната прадстаўленых экспанатаў, і музычнае суправаджэнне, эстэтыка і мастацкае афармленне падворка, і прафесійныя навыкі арганізатараў усё было на “дзесятку”.
Другое месца было прысуджана СВК імя Адама Міцкевіча, трэцяе СВК “Азяранскі”. ААТ “Чарлёна” было ўзнагароджана за лепшую прэзентацыю ўласнай плодаагародніннай прадукцыі. Філіял “Дубна” адзначаны за арыгінальнае мастацкае афармленне падворка, а МРУСП “Мастаўчанка” – за захаванне ў экспанатах традыцый і звычак свайго краю.
Н.ШЭЎЧЫКФото С.ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад