Невялічкая вёска Падбараны, што за два кіламетры ад аграгарадка Лунна, ціха прытулілася да лесу з аднаго боку, і да Нёмана – з другога. З мясцовага насельніцтва тут засталося каля двух дзясяткаў чалавек, прычым большасць – людзі сталага ўзросту. Аднак рэчка, як і ў даўнія часы, не толькі жывіць усё навокал, але і “ажыўляе” няспешнае вясковае жыццё.
– Месцазнаходжанне Падбаран (а жылыя дамы тут размешчаны ўздоўж берага Нёмана) стала менавіта тым фактарам, што ў населеным пункце няма пустых закінутых хат, – адзначае стараста вёскі Таццяна Сурба, праводзячы для нас невялікую экскурсію. – Старыя нежылыя дамы з участкамі выкупляюць так называемыя “дачнікі” і на іх месцы будуюць высокія і прасторныя асабнякі.
Аднак такое суседства, а таксама наплыў аматараў рыбнай лоўлі, якія аблюбавалі тутэйшыя месцы пасля будаўніцтва Гродзенскай ГЭС, прыносіць і нямала клопату мясцоваму “кіроўцы”.
– На жаль, некаторыя рыбакі пакідаюць пасля сябе горы смецця, – адзначае Таццяна Аляксееўна, якая не толькі сама выходзіць на ўборку прыбярэжнай паласы, але далучае да гэтай справы і саміх парушальнікаў чысціні ды дачнікаў.
Праявіла пільнасць і рашучасць наша суразмоўца і ў вырашэнні пытання з устаноўкай дарожнага знака, які абмяжоўвае хуткасць руху аўтамабільнага транспарту па вёсцы. Бо нямала сярод аматараў рыбнай лоўлі і ліхачоў, якія “з ветрыкам” праносяцца па населеным пункце. А пазалетась, дзякуючы настойлівасці і ініцыятыўнасці старасты, была праведзена падсыпка аўтадарогі ад Лунна да Падбаран і ўстаноўлены новыя знакі.
Зараз Таццяна Аляксееўна адна з першых у вёсцы займаецца правядзеннем у сваім доме канвектарнага электраацяплення.
– Зраблю, падлічу затрачаныя сродкі, ацаню выгоды новага абсталявання, а потым буду раіць сваім аднавяскоўцам, – разважае жанчына. – Нарыхтаваць дроў, штодня напаліць печ, падрыхтаваць яе да сезона – на ўсё гэта патрэбны і сродкі, і сілы, а мы маладзейшымі не становімся. Таму за электраацяпленнем, я думаю, будучае. Тым больш, што з запускам Беларускай АЭС кошт электрычнасці абяцае быць даступным для насельніцтва, што выкарыстоўвае яе для ацяплення.
Вось такі нераўнадушны, актыўны і ініцыятыўны стараста жыве ў Падбаранах. Пасля знаёмства з Таццянай Сурба разумееш, чаму мясцовыя жыхары менавіта ёй даверылі гэты адказны і клапатлівы “пост”. Не, не толькі таму, што яна тут самая маладая. Галоўную ролю сыгралі яе чалавечыя і маральныя якасці, якімі яна заваявала аўтарытэт і павагу аднавяскоўцаў. Нездарма кажуць, што стараста – гэта твар вёскі. Ад умелых дзеянняў і асабістых якасцяў гэтага чалавека часам залежыць дабрабыт цэлага населенага пункта.
– Таццяна ў нас малайчына. Гэта чалавек з адкрытай душой і вялікім сэрцам. Што б ні папрасіў – прывязе, якую б прапанову ці просьбу ні выказаў – абавязкова паслухае. Мы без яе як без рук, – падзяліліся думкамі мясцовыя жыхаркі Вера Вікенцьеўна Пальчэўская, Галіна Іосіфаўна Куль і Людміла Генрыхаўна Гранатовіч.
Для сваіх бабулек, як ласка называе аднавясковак Таццяна Аляксееўна, яна і праўда як палачка-ратавалачка. Адзін званок на хатні тэлефон – і жанчына ўжо ў дарозе. Камусьці тэрмінова лякарствы патрэбны, іншаму – за спажытую электраэнергію заплаціць, а трэцяму – тачку купіць, каб дровы вазіць. Ва ўсіх клопатах яна дапаможа. А яшчэ і свежым малачком, тваражком ды хатнім маслам забяспечыць – добра, што ўласная гаспадарка вялікая.
Нікога не пакіне наша суразмоўца і без грыбоў у сезон “ціхага палявання”. Гэта яшчэ адно захапленне жанчыны. А калі госці на парозе – у доме абавязкова стаіць пах пірагоў – фірмовых, як кажа гаспадыня, на ўсім сваім. Таму, напэўна, яны выклікаюць такое захапленне ва ўсіх, хто іх каштаваў.
– Жыць неяк па-іншаму проста не магу, – прызнаецца Таццяна Аляксееўна. – Мы ж тут як адна сям’я. У Падбаранах жылі мае бацькі і я нарадзілася. У гэтых мясцінах прайшло амаль усё маё жыццё і дачка вырасла. Усё ў гэтым куточку роднае і дарагое сэрцу. Таму, напэўна, і не магу прайсці раўнадушна міма неахайнасці, хвалююся аб бяспецы, парадку і чысціні, з поўнай самааддачай бяруся за выкананне просьб і праблем аднавяскоўцаў.
Вельмі задаволены дзейнасцю свайго грамадскага памочніка і ў Лунненскім сельсавеце. Без ўдзелу старасты не абыходзіцца зверка кніг пагаспадарчага ўліку. Па меры неабходнасці яна аказвае садзеянне ў правядзенні сельскіх сходаў. Да таго ж Таццяна Аляксееўна – актывістка пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Лунненскага сельсавета, удзельніца клуба па інтарэсах “Сучасніца”, што дзейнічае пры мясцовай бібліятэцы.
– Не ўсю работу органаў мясцовага самакіравання можна ацаніць лічбамі, –упэўнена кіраўнік справамі Лунненскага сельвыканкама Вольга Каранеўская. – Больш за іншае ў людзях цэняцца такія якасці, як адказнасць, грамадзянская пазіцыя і актыўнасць. Менавіта па такіх людзях, як Таццяна Сурба, якая дарэчы сёлета стала пераможцай абласнога конкурсу сярод старастаў вёсак, ацэньваюць і нашу работу таксама. А самай лепшай і значнай узнагародай за праяўленыя клопат, увагу і нераўнадушша з’яўляецца ўдзячнасць мясцовых жахароў, іх вера і надзея на лепшае, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад