Гэтымі лютаўскімі днямі ва ўсіх школах праходзяць вечары сустрэч былых выпускнікоў. У Дубненскай сярэдняй школе дадзенае мерапрыемства сёлета мае сваю адметнасць: гэтай навучальнай установе спаўняецца 115 гадоў. Пагадзіцеся, сур’ёзны ўзрост і значная падстава, каб пераасэнсаваць пройдзены шлях, падвесці вынікі штодзённай крапатлівай працы і зрабіць высновы на будучае.
Так усё пачыналася
Архіўныя дакументы сведчаць, што пастаянна дзеючы будынак Дубненскай школы быў адкрыты ў 1904-1905 навучальным годзе. Тут жа мелася жыллё для настаўнікаў. У 1911 годзе школа мела статус царкоўна-прыходскай.
У 1940 годзе ў школе было адкрыта шэсць класаў. Падчас нямецкай акупацыі ўстанова не працавала, а ў сакавіку 1944-га, у час партызанскай аперацыі, будынак увогуле быў спалены. Таму, калі пасля вызвалення Мастоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў школьныя заняткі зноў аднавіліся, дзеці вучыліся ў царкоўным доме і памяшканні гміны, а таксама па хатах вяскоўцаў.
У пачатку 50-х гадоў будынак быў адноўлены, а ў 1954-1955 навучальным годзе адбыўся першы выпуск Дубненскай сярэдняй школы. Сучасны трохпавярховы будынак, дзе і зараз здзяйсняецца навучальны працэс, быў пабудаваны на рубяжы 70-80 гадоў.
У пачатку 80-х гадоў на базе школы адкрываецца філіял Мастоўскай спартыўнай школы, а яшчэ праз некалькі гадоў – філіял дзіцячай школы мастацтваў. З 1980 па 1989 гады ў старым будынку школы працаваў вучэбна-вытворчы камбінат, дзе вучні 9-10 класаў атрымлівалі навыкі па шасці прафесіях: швачка, повар, муляр, трактарыст, механізатар жывёлагадоўчых фермаў, слесар па рамонту сельскагаспадарчых машын.
За пройдзены перыяд дырэктарамі школы былі А. М. Сяховіч, А. Н. Прывалаў, С. А. Бабаедаў, Б. П. Каляснёў, Н. Р. Дарошка, Л. Ю. Трафімовіч, У. А. Рапекта, В. А. Дробат, Г.Г.Жылінскі, кожны з якіх унёс свой уклад у станаўленне і развіццё ўстановы. Так, напрыклад, пры В. А. Дробаце ў школе працавала цяпліца, дзе вырошчвалі агуркі, а пры Г. Г. Жылінскім быў пасаджаны новы школьны сад. У гэты ж перыяд, у рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі і набыцця Дубна статуса аграгарадка, школа была рэканструявана і абноўлена.
Гонар школы
На працягу апошніх дзевяці гадоў калектыў навучальнай установы ўзначальвае Л. К. Пусь.
– Школа жыве, развіваецца, удасканальваецца. Але якім сучасным і прыгожым не быў бы сам будынак, усё ж важней тое, чым ён жыве, хто робіць яго жыццё змястоўным і насычаным. Я маю на ўвазе найперш настаўнікаў, і ўдзячна лёсу, што падараваў мне магчымасць працаваць з такімі разумнымі, самаадданымі, працавітымі, творчымі калегамі, – падкрэсліла Лілія Канстанцінаўна.
Разумеючы, што без мінулага няма цяперашняга і будучага, у школе не губляюць сувязі з пакаленнем педагогаў-ветэранаў, а іх толькі на тэрыторыі аграгарадка Дубна зараз пражывае 23 чалавекі.
– Школа змянілася, папрыгажэла, набыла сучасны выгляд, – дзеліцца ўражаннямі былая настаўніца хіміі і біялогіі Тамара Сямёнаўна Васілюк, якая аддала педагагічнай працы амаль паўстагоддзя і зараз з задавальненнем наведваецца ў школу. – Заўсёды пільна сачу за новымі перамогамі і дасягненнямі вучняў, шчыра радуюся іх поспехам.
А сённяшнім 108 навучэнцам ёсць чым ганарыцца. Ужо пяць гадоў запар Дубненская сярэдняя школа паспяхова трымае лідэрства ў спартыўных спаборніцтвах і турнірах. Пацвярджэнне таму – 28 кубкаў і безліч дыпломаў. Стабільнае першае месца ў раёне і вобласці займае школьная каманда валейбалістак.
І за кожнай спартыўнай перамогай – імя настаўніка фізічнай культуры і здароўя Марыі Касазубавай, для якой не існуе паняццяў асабісты час, выхадны дзень ці водпуск. Яна заўсёды ў школе, на трэніроўцы з дзецьмі ці дарослымі – спартыўную залу з задавальненнем наведваюць бацькі вучняў і вяскоўцы. Больш таго, станоўчы прыклад далучэння да здаровага ладу жыцця паказваюць і астатнія педагогі, якія паспяхова асвоілі тэхніку скандынаўскай хадзьбы.
Штогод папаўняецца і скарбонка дасягненняў вучняў школы ў алімпіядах па вучэбных прадметах і навукова-практычных канферэнцыях, на творчых конкурсах розных узроўняў. Добрыя веды і высокія балы дэманструюць вучні на ЦТ. Паспяхова дзейнічае навуковае таварыства “Шанц” і працуе гурток “Юныя экскурсаводы”.
Дзе ж яны праводзяць экскурсіі? У школьным музеі. Тут сабраны багаты матэрыял пра мінулае і сучаснае дубненскай зямлі, славутых землякоў, родную школу і яе выпускнікоў, якія праслаўляюць не толькі сваю малую радзіму, але і раён, вобласць і нават рэспубліку. Гэта вядомыя спарстмены-веславальшчыкі Аляксандр Маскевіч, Дзмітрый Лапата, Наталля Халько, Іна Саўчук. Нямала сярод былых вучняў школы кваліфікаваных урачоў і адданых сваёй справе настаўнікаў.
А гэта значыць, што сёлетні 115-гадовы юбілей Дубненскай сярэдняй школы – гэта толькі прамежкавы этап на бяскрайнім шляху навучання і выхавання, імкнення да новых перамог разам з вучнямі і іх бацькамі, калегамі, шэфамі, сябрамі і аднавяскоўцамі.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара і з архіва Дубненскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад