Яркай падзеяй у жыцці Лунненскай школы стаў удзел вучаніцы 10 класа Дар’і Сідар і вучаніцы 11 класа Эміліі Кудрык у абласным этапе алімпіяд па вучэбных прадметах.
Вучаніцы не па чутках ведаюць, якой цаной заваёўваецца перамога. Гэта дні, месяцы і нават гады ўпартай, карпатлівай працы.
З дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за перамогу ў алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” вярнулася Дар’я Сідар. Свой зорны шлях у спорце Даша пачала ў 2017 годзе, калі на базе Лунненскай сярэдняй школы стаў праводзіць заняткі па лёгкай атлетыцы трэнер дзяржаўнай установы “Мастоўская раённая СДЮШАР” Іван Станеўскі, а цяпер настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы. Ён заўважыў у Дар’і задаткі перспектыўнай спартсменкі. У спорце без штодзённай працы дабіцца ідэальных вынікаў немагчыма. Такія якасці характару, як працавітаць, жаданне даводзіць пачатую справу да канца, вынослівасць і сіла волі, уменне пераадольваць перашкоды, сталі выдатным падмуркам для спартыўных поспехаў дзяўчынкі. Яшчэ ў мінулым годзе самым складаным этапам для Дашы было плаванне, але частае наведванне басейна, шліфаванне навыкаў дазволілі складаны этап ператварыць у любімы. У скарбонцы асабістых дасягненняў шматлікія перамогі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 2023 годзе Дар’я стала прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па летняму мнагабор’ю “Здароўе”.
Граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за дасягнутыя поспехі ў алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Нямецкая мова” ўзнагароджана Эмілія Кудрык. З дзяцінства Эмілія захаплялася вывучэннем нямецкай мовы: любімы прадмет выкладае бацька Юрый Вацлававіч Кудрык. Заўсёды можна атрымаць параду і дадаткова пазаймацца ў хатніх умовах. У вольны час Эмілія любіць слухаць песні на нямецкай мове, а ў апошні час спрабуе чытаць нямецкіх класікаў на мове арыгінала. Плённай падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядзе садзейнічалі і заняткі з выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Дар’я Сідар і Эмілія Кудрык – вельмі таленавітыя, мэтанакіраваныя, працавітыя вучаніцы, якія прымаюць удзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах. Дзяўчынкі з’яўляюцца прызёрамі абласнога конкурсу даследчых работ “Крыштальная Альфа” (узнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені), былі ўдзельнікамі абароны праекта па арганізацыі шостага школьнага дня і вярнуліся з дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дар’я – выдатная спявачка, вакалістка ўзорнай студыі эстрадных спеваў “Фартуна”. У снежні 2023 года Даша стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу сучаснай творчасці дзяцей і моладзі “ПУЛЬС – АРТ” і пераможцам абласнога адкрытага вакальнага конкурсу савецкай песні “Галасы пакаленняў”. А яшчэ дзяўчынкі – выдатніцы.
Да перамогі на алімпіядзе Дар’я Сідар і Эмілія Кудрык ішлі мэтанакіравана, прыкладаючы нямала сіл, цярпення і часу. Разам з вучнямі асалоду перамогі адчулі і іх настаўнікі, якія вучылі і накіроўвалі сваіх выхаванцаў, хваляваліся і натхнялі на поспех. Сістэмная, упартая і зладжаная праца педагогаў і вучняў дазволіла дасягнуць добрага выніку.
Словы падзякі і віншавання сёння хочацца выказаць бацькам нашых вучаніц, якія заўсёды падтрымлівалі сваіх дзяцей, дапамагалі і верылі ў іх поспех.
Ірына Сільвановіч,
намеснік дырэктара
ДУА “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад