Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Школьны музей – гэта жывы арганізм, які можа мяняць свой воблік, упэўнены члены савета музея Пескаўскай сярэдняй школы

Школьны музей – гэта жывы арганізм, які можа мяняць свой воблік, упэўнены члены савета музея Пескаўскай сярэдняй школы16 августа 2023 — 09:18

Як кнігу можна чытаць і перачытваць і заўсёды знаходзіць штосьці новае, так і музей пры кожным новым наведванні раскрываецца з іншага боку. І чым больш людзей пабываюць у ім, тым больш значнай становіцца дзейнасць музея. У студзені 2023 года гасцямі нашага музея стала здымачная група Гродзенскага тэлебачання.  Дзякуючы ім, 31 студзеня 2023 года ў эфір выйшла перадача “Надзея на сяло”, 9 лютага – відэазамалёўка “Музей Пескаўскай сярэдняй школы” ў перадачы “Бодрое утро”,  а 14 лютага фрагмент перадачы быў паказаны на канале “Беларусь-1” у праграме “Добрай раніцы, Беларусь”. Высокую ацэнку дзейнасці музея далі  тэлежурналісты: “Вельмі цікава. Не чакалі такое пабачыць у сельскай школе.”

На працягу трох гадоў навучэнцы ўстановы адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у акцыі “Дзеці вайны”. Яны сустракаюцца са старэйшымі жыхарамі навакольных вёсак і запісваюць іх дзіцячыя ўспаміны і ўражанні аб вайне. Падчас такіх сустрэч людзі ахвотна дзеляцца рэчамі і прадметамі хатняга ўжытку мінулых стагоддзяў, якія папаўняюць фонды школьнага музея. Так, Алена Іванаўна Арцісевіч, адна са старэйшых жыхарак Песак, перадала ў музей гармонік, газавы ліхтар і некалькі вышываных сурвэтак.

Вельмі значны ўклад у папаўненне фондаў музея ў мінулым навучальным годзе зрабіла сям’я настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы аг. Пескі Віктара Шнайдара.  Яна перадала музею 67 даволі каштоўных прадметаў, якія належалі калісьці былой прыхажанцы Майзік А.В., што працавала ў Ленінградскім Адміралцейскім аб’яднанні і прымала непасрэдны ўдзел у стварэнні атамнага ледакола “Ленін”.  Сярод іх – граматы, юбілейныя медалі, калекцыя настольных гадзіннікаў. Зараз фонды школьнага музея складаюцца з 1625 музейных адзінак, у  тым ліку 1216 экспанатаў асноўнага фонду.

Адным з найбольш цікавых мерапрыемстваў з выкарыстаннем музейных прадметаў і матэрыялаў з’яўляецца міні-спектакль ці тэатралізаванае свята. З энтузіязмам і захапленнем навучэнцы школы рыхтаваліся да міні-спектакля “Папрадухі”. Дзеці наведалі старэйшых жыхарак вёскі, запісалі песні і легенды былых часоў. У музеі ёсць магчымасць павучыцца прасці, і яна была паспяхова выкарыстана. Спектакль атрымаўся жывым, цікавым. А падчас удзелу  ў раённым анлайн-праекце “Я і мая малая радзіма” атрымаў самую высокую адзнаку журы.

На працягу шасці гадоў музей працуе па праграме  “Музей – школе”. З мінулага навучальнага года ў праграму ўключаны раздзел “Міні-музей у вучэбным кабінеце”, дзе распрацаваны план  стварэння ў кабінетах невялікіх экспазіцый музея адпаведнага профілю з ліку экспанатаў навукова-дапаможнага фонду і музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў фондасховішчы музея.

У кабінеце беларускай мовы ўжо знайшла сваё месца выстава “Саламяная казка”, дзе захоўваюцца дзіцячыя работы з саломкі і гліны, а ў кабінеце інфарматыкі – экспазіцыя “Мы з ХХ стагоддзя”, якая знаёміць навучэнцаў з першымі школьнымі камп’ютарамі і вылічальнай тэхнікай часоў сваіх бабуль.

Вельмі цікавай атрымалася экспазіцыя ў кабінеце фізікі пад назвай “Зроблена ў СССР”. Яна складаецца з дэманстрацыйнай тэхнікі і прыстасаванняў мінулага стагоддзя. На працягу новага навучальнага года плануецца стварыць такія міні-музеі ў кожным вучэбным кабінеце.      

Рэгіна ВЯЛІЧКА,

кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея

Пескаўскай сярэдняй школы 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио