Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Школьнае жыццё не кане ў забыццё

Школьнае жыццё не кане ў забыццё07 октября 2013 — 10:00

Кожны раз, калі я праязджаю праз Зарудаўе, погляд  мімаволі скіроўваецца ў бок будынка школы.  Цяпер ужо былой Зарудаўскай базавай школы, што пазірае на ўсіх пустымі вачніцамі акон. Такая да болю знаёмая і адзінокая, пакінутая сваімі шумнымі, вясёлымі і непаседлівымі жыхарамі...І ў душу, наперакор усім разумным доказам і фактам, закрадваецца настальгічная думка: а яшчэ зусім нядаўна...Ужо два гады, як не гучыць у пустых калідорах школы званок, не чуваць гоману і дзіцячага смеху на школьным двары. А ў пачатку верасня ў раёнцы было змешчана паведамленне аб правядзенні аўкцыёну па продажу комплексу будынкаў і шматгадовых насаджэнняў былой школы ў Зарудаўі.

А яшчэ зусім нядаўна тут усё было інакш... Невялічкая, але па-хатняму ўтульная школа штодня гасцінна сустракала сваіх вучняў і настаўнікаў. У асенне-зімовы перыяд будынак напаўняўся прыемным пахам дымку і жаданым цяплом толькі што  напаленых печак. Вясной і летам праз адчыненыя вокны ў класныя пакоі  даляталі птушыныя спевы. Лёгкі ветрык прыносіў водар кветак, якія заўсёды  ўпрыгожвалі тэрыторыю вакол школы з ранняй вясны і да самых замаразкаў.

Мае ўласныя ўспаміны аб гэтым своеасаблівым цэнтры вясковага жыцця бяруць пачатак з дзяцінства,  калі матуля брала мяне з сабой. Пакуль яна правярала выкананне хатняга задання  і тлумачыла новую тэму ўрока, я  ціхенька сядзела на апошняй парце і перадрукоўвала прапанаваны тэкст. Якой жа вялікай здавалася  мне  тады школьная мэбля і сама школа!..  А праз дзесятак з лішнім гадоў я пераступіла  парог гэтай навучальнай установы ўжо ў якасці педагагічнага работніка.

Менавіта гэтая невялікая школа з адметным характарам стала для мяне першым працоўным месцам. Менавіта тут давялося спазнаць хваляванні з нагоды першага самастойнага ўрока і адчуць  гонар за сваіх вучняў, якія не разгубіліся, не спасавалі  перад раённымі і абласнымі правяраючымі.  Менавіта тут былі праліты першыя слёзы пасля, як бы зараз сказалі, канструктыўнай крытыкі адміністрацыі. І гэта зрабіла мяне мацнейшай, дало штуршок стаць іншай і ў нечым лепшай. Прыемнай мелодыяй тут упершыню прагучалі словы пахвалы не толькі ад калег, але і ад раённага начальства. Ці ж можна ўсё гэта  забыць? Безумоўна, нельга.  Як немагчыма забыць  першае каханне, першы нясмелы пацалунак  і словы прызнання чалавека, які стаў вам самым родным і дарагім.

У памяці ўсплываюць шматлікія мерапрыемствы, што ладзіліся ў школе. Так як дзяцей  было няшмат, у святах звычайна ўдзельнічалі ўсе, нават ціхія “троечнікі”. А вось  каб трапіць у разрад “двоечнікаў”, нашым вучням трэба было вельмі пастарацца. Бо пры такой пільнай увазе настаўнікаў да сваіх выхаванцаў і той колькасці пастаянных дадатковых заняткаў, гэта было проста немагчыма.

З ахвотай у арганізацыі і  правядзенні  разнастайных  конкурсаў, вечароў, спартыўных спаборніцтваў, класных гадзін і агульнашкольных мера-прыемстваў удзельнічалі і педагогі. Мы не саромеліся пераўвасобіцца ў Чорта ці Бабу-Ягу, каб  “сапсаваць” Новы год. Нам было лёгка намаляваць вяснушкі на твары і рассмяшыць добрым жартам бацькоў нашых выхаванцаў. Апрануўшы працоўнае адзенне, мы разам з рабятамі  працавалі на прышкольным участку, до-браўпарадкоўвалі школьны двор і  дапамагалі ў асенніх клопатах мясцовай гаспадарцы.      А колькі метраў шпалераў і кілаграм фарбы было “перапрацавана”  рукамі  настаўнікаў і тэхнічных работнікаў у час падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года!..

Калектыў у тыя 90-ыя гады ў нас быў на зайздрасць дружным і згуртаваным. Маладыя, энергічныя, ініцыятыўныя – мы заўсёды былі ў творчым пошуку, стараліся, каб школьнае жыццё запомнілася рабятам чымсьці цікавым і незвычайным, а не канула ў забыццё разам з апошнім званком. Мы з адказнасцю браліся за складаныя задачы і  атрымоўвалі бясцэнны вопыт сумеснай працы, вырашаючы іх.

А як весела мы святкавалі дні нараджэння і радаваліся, калі дзяўчаты стваралі сем’і.  Як шчыра суперажывалі нягодам і жыццёвым выпрабаванням, якія час ад часу кагосьці з нас падсцерагалі. Зараз, калі час многае паставіў на свае месцы, разумееш, што мы былі адной вялікай        сям’ёй, дзе заўсёды можна было разлічваць на мудрую параду, дапамогу і падтрымку, дзе не былі ў дэфіцыце дабрыня, адкрытасць, шчырасць і вернасць сяброў. Шкада, але зараз такія адносіны ў калектывах – вялікая рэдкасць...

Да чаго ўсе гэтыя ўспаміны і развагі? Ды гэта ўсё каляндар. Гэта ён нагадаў, што ў першую нядзелю кастрычніка, калі восень ужо ўладарна крочыць па зямлі, усе спяшаюцца павіншаваць з прафесійным святам сваіх настаўнікаў.

Вось такім не зусім звычайным спосабам і  мне таксама захацелася перадаць прыемныя  словы віншаванняў сваім былым калегам. Плёну ў працы, паважаныя, павагі ад вучняў, удзячнасці ад бацькоў і разумення з боку адміністрацыі! Няхай ваша жыццё будзе напоўнена стваральнай дабрынёй і творчым натхненнем.  І няхай свята падыме ўсім вам настрой і расфарбуе шэры дажджлівы дзень яркай палітрай падараваных  букетаў і да-сланых паштовак! 

Ну, а тым, хто ўжо не працуе, шчырыя пажаданні не самотнай і не адзінокай пенсійнай мудрасці, разумення, што жыццё і далей можа быць такім жа яркім, поўным, насычаным і актыўным. ... А Зарудаўская базавая школа  між тым будзе жыць. Няхай нават  толькі ў памяці сваіх вучняў і настаўнікаў, для якіх яна была другім домам. Яна, быццам  той карабель-прывід, што можа з’явіцца нечакана ў зусім непрадказальным месцы. Галоўнае, што мы ведаем, што ён дзесьці ёсць... І, магчыма, камусьці ў бурлівых хвалях жыцця яго агеньчык стане выратавальным маячком...

Н. БЯЙДУК

Фота  з уласнага  архіва аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио