Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Шэсць стагоддзяў аграгарадка Вялікія Азёркі

Шэсць стагоддзяў аграгарадка Вялікія Азёркі01 марта 2019 — 10:25

Аб мінулым і сённяшнім аграгарадка Вялікія Азёркі і суседніх вёсак распавядае настаўніца гісторыі мясцовай школы Ірына Гарбацэвіч.

Ірына Аляксандраўна,  два маляўнічыя возеры і далі, напэўна, назву  населеным пунктам побач з  імі?

–  Так, але называліся нашы Азёркі ў розныя часы па-рознаму. У Літоўскай метрыцы ёсць запіс аб тым, што вялікі князь Вітаўт перадаў Дзярэчын “за верныя службы”  Васілю Копачу  “ с Озеряны, с Котчиною, с Угриняны”. Было гэта ў 1416 годзе. Так што наша вёска старэйшая за горад Масты. На карце “Слонімскі павет у канцы 16 стагоддзя” таксама можна бачыць знаёмыя назвы вёсак: Езяране, Букшты, Котчын… У часы Вялікага княства Літоўскага  і Рэчы Паспалітай мы ўваходзілі ў Слонімскі павет Навагрудскага ваяводства, у часы Расійскай імперыі – у Слонімскі павет Гродзенскай губерні.

– Як вы лічыце, які перыяд з гісторыі быў найважнейшым для мясцовых жыхароў?

– Сярэдзіна мінулага стагоддзя. Мы заўсёды адносіліся да Дзярэчынскай воласці/гміны. І вось 15 студзеня 1940 года адначасова з арганізацыяй Мастоўскага раёна быў створаны Азёркаўскі сельскі Савет. А гэта ўжо не проста вёска, а адміністрацыйная адзінка. У склад нашага сельскага Савета ўвайшло 11 вёсак: Азёркі Вялікія і Азёркі Малыя, Букштава, Котчына, Лабзова, Тумашы, Сліжы Падграбельныя, Сліжы Пескавыя, Лупачы, Дварок, Дубраўка. Усе яны размешчаны ў самай паўднёва-усходняй частцы Мастоўскага раёна і мяжуюцца з населенымі пунктамі Дзятлаўшчыны і Зэльвеншчыны.  У пасляваенны час у Вялікіх Азёрках, акрамя адміністрацыйнага будынка калгаса “Шчара”, былі пабудаваны шматлікія аб’екты сацыяльнай сферы: школа, дзіцячы сад, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, бытоўка, пральня, сталовая, адна- і двухпавярховыя дамы,  пракладзена да вёскі асфальтаваная дарога, праведзена вялікае добраўпарадкаванне. Асабліва вялікае будаўніцтва пачалося пасля аб’яднання ў 1978 годзе калгасаў “Шчара” з цэнтрам у Котчыне і “Зара” з цэнтрам у Вялікіх Азёрках. Старшынёй аб’яднанай гаспадаркі быў выбраны В.В.Каспяровіч. У 1993 годзе яе узначаліў У.М.Шульгач, зараз КСУП “Азяранскі” кіруе В.В.Літвін. Аб’яднаная гаспадарка на той час была адной з лепшых у Мастоўскім раёне.

Каго з вядомых землякоў вы можаце назваць?

–  Калі мы стваралі музей, упэўніліся, што наш край трошкі абдзелены гісторыяй. І найперш па прычыне геаграфічнага становішча. Мясцовасць наша вельмі прыгожая: два возеры, рэчкі Сіпа і Шчара, мноства ручаёў.  Але і вельмі балоцістая, пакуль ужо ў савецкія часы не было праведзена асушэнне. Дарога Дзярэчын – Дзятлава ніколі не была такой значнай, як, напрыклад, бліжэйшыя да яе Масты – Слонім ці Зэльва – Слонім, па ёй не праходзілі войскі, не была яна і гандлёвым трактам. Менавіта па гэтай прычыне нашы населеныя пункты аказваліся ў баку ад  важнейшых гістарычных падзей у далёкім мінулым. І усё ж вядомых людзей у нас нямала. У Вялікіх Азёрках нарадзіўся вядомы мастак Ігнат Якубеня. У 1914 годзе ён прыехаў на радзіму да маці Паўліны  з Варшавы і правёў тут цэлае лета. Мастак у вёсцы зрабіў незвычайную фотасесію: ён фатаграфаваў сваю маці і землякоў, якіх любіў, быў сваім сярод вяскоўцаў. Затым жыў у Маскве, стаў вядомым савецкім мастаком, у музеях сталіцы Расіі і захоўваюцца яго шматлікія фотаздымкі, якія расказваюць, як выглядалі больш стагоддзя назад нашы землякі, што насілі, як адпачывалі і працавалі, якія былі іх дамы і хатняе ўбранства.

У нашай мясцовасці нарадзіўся вядомы авіятар,  генерал-маёр Іван Сямёнавіч Траян. Маці яго была з Вялікіх Азёрак, а бацька з Малых. На фронт Іван быў прызваны ў 1915 годзе, у час Першай сусветнай вайны. Ваяваў з немцамі, прымаў удзел у Грамадзянскай вайне. У савецкі час пакінуў яркі след у гісторыі авіяцыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны займаў пасаду начальніка эксплуатацыйна-тэхнічнай службы Ваенна-Паветраных Сіл Чырвонай арміі. 

На адміністрацыйным будынку  КСУП “Азяранскі” ў 1973 годзе была размешчана мемарыяльная дошка ў гонар памяці былога старшыні Азёркаўскага сельсавета І.А.Канюшэўскага, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны ў нямецкім лагеры. Іван Аляксандравіч да вайны актыўна ўдзельнічаў у рабоце КПЗБ, ведаў С.О.Прытыцкага. Пасля ўз’яднання Беларусі і стварэння сельскага Савета ў Вялікіх Азёрках дэпутаты выбралі яго старшынёй.

У нашым музеі ёсць вялікая экспазіцыя пра землякоў, якія змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны у партызанах і на фронце, іх асабістыя рэчы, узнагароды. Усяго у партызанах быў 61 чалавек, у іх ліку дзве жанчыны, 18 загінулі ў баях з ворагам. 246 жыхароў сельсавета змагаліся з ворагам на франтах, вярнуліся дамоў 162. Мы ганарымся подзвігам гэтых людзей. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 13 воінскіх пахаванняў, 20 форм увекавечання, у тым ліку мемарыял ля вёскі Шымкі, помнікі загінуўшым землякам у Вялікіх Азёрках, Курылавічах, Мілявічах, Катчыно, Галубах, памятны знак ля Дубраўкі, ля дарогі Лупачы – Вялікая Воля, мемарыяльны знак земляку Міхаілу Белушу і іншыя. Нашы вучні ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні гэтых месц, прысутнічаюць на  мітынгах, ускладаюць кветкі да помнікаў і абеліскаў.

Прыемна, што мая родная старонка не згубілася на шляхах гісторыі, што па-ранейшаму жывуць тут здольныя, працавітыя і добразычлівыя людзі, што талентамі багата наша зямля.

С. ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио