Настаўнік гісторыі СШ №2 г. Масты Наталля Уладзіміраўна Ганцэвіч (у цэнтры) напярэдадні навучальнага года была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
—Да гэтага часу памятаю ўрокі гісторыі ў Наталлі Уладзіміраўны. Без перабольшвання хачу сказаць: увесь клас заміраў і захапляўся, калі яна з прысутным ёй артыстызмам і эмацыянальнасцю распавядала пра гістарычныя падзеі і асобы. Гісторыяй яна здолела захапіць нават адпетых троечнікаў, — успамінае былая вучаніца Наталлі Уладзіміраўны Аксана Галубовіч.
Яшчэ са школы марыла Наталля стаць настаўніцай. А што выбрала для паступлення гістарычны факультэт, тут, напэўна, заслуга тагачаснага дырэктара другой гарадской школы і выкладчыка гісторыі Леаніда Яфімавіча Лебедзева. Праўда, першая спроба паступіць у педагагічны інстытут для дзяўчыны аказалася няўдалай, хоць у атэстаце ў яе былі пяцёркі і толькі адна чацвёрка. Гэта хоць і расчаравала, але яшчэ больш пераканала ў правільнасці выбару і прыдала большай настойлівасці для дасягнення мэты. Наталля стала студэнткай гістарычнага факультэта Мінскага педінстытута, тады яшчэ імя Максіма Горкага. Студэнцкія гады Наталля Уладзіміраўна з прыемнасцю ўспамінае і сёння:
—Яшчэ ў школе я зацікавілася беларускім фальклорам. У інстытуце гэтае захапленне знайшло працяг і далейшае развіццё. Нічога дзіўнага, што будучыя гісторыкі аказаліся нераўнадушнымі да гістарычнай мінуўшчыны. Усе мы, прыхільнікі і аматары народнай культурнай спадчыны, аб’ядналіся ў фальклорны гурт “Спадчына”. Летам у будаўнічым атрадзе мы не толькі працавалі, але і ладзілі канцэрты. Купалле, Каляды, “Гуканне вясны”, “Вяселле” і многія іншыя абрады мы паказвалі не толькі студэнтам, але і вяскоўцам, стварылі нават этнарафічны музей пад адкрытым небам. А зімой хадзілі ў лыжныя паходы, якія заканч-валіся грандыёзнымі канцэртамі. Сустракалі і прымалі нас вяскоўцы, як сапраўдных зорных артыстаў . Пасля канцэртаў абавязкова стараліся накарміць смачнай сялянскай ежай.
Цікава і пазнавальна праходзілі пад кіраўніцтвам нашага выкладчыка гісторыі Беларусі Мікалая Рыгоравіча Гняўко паездкі-экспедыцыі па гістарычных і памятных мясцінах. Мы наведалі сядзібу Ільі Рэпіна, радзіму Міная Шмырова, Бялыніцкага-Бірулі. Вандроўкі, начоўкі ў палатках, мы, маладыя, поўныя грандыёзных планаў, — з прыемнасцю ўспамінае Наталля Уладзіміраўна свае студэнцкія гады.
Дыпламаваны гісторык паехала па размеркаванню на работу на Гомельшчыну ў Петрыкаўскі раён ў вёску Міхедавічы. Там сустрэла свой лёс у асобе Уладзіміра Ганцэвіча. Лёс распарадзіўся так, што маладая сям’я прыехала на радзіму жонкі. Леанід Яфімавіч Лебедзеў, сустрэшы сваю былую выпускніцу, запрасіў на работу ў сваю родную школу на пасаду арганізатара пазакласнай работы. Было гэта дваццаць тры гады назад.
—Школа — гэта навука жыцця, якую можна вывучаць да канца дзён сваіх. Спасцігнуць яе ўдаецца толькі тым, хто бясконца любіць дзяцей, валодае ведамі, цярпеннем, дабрынёй, з’яўляецца ў нейкай ступені артыстам, бо кожны ўрок — гэта маленькі спектакль,— да такой высновы прыйшла Наталля Уладзіміраўна Ганцэвіч. І хвала таму настаўніку, які сваю роль іграе натхнёна, з поўнай аддачай. Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад