Вучні 11 класа Правамастоўскай і Пескаўскай школ Кацярына Шчука і Аляксандр Данільчык паспяхова выступілі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Кацярына адзначана дыпломам упраўлення адукацыі Гро-дзенскага аблвыканкама першай ступені, а Аляксандр—трэцяй.
Каця і Саша захапляюцца нямецкай мовай ужо не першы год. Гэты прадмет выкладаюць у іх класах вопытныя настаўнікі Яніна Мар’янаўна Ківер і Алена Сцяпанаўна Кураленя. Акрамя нямецкай мовы, рабяты выдатна паспяваюць і па іншых школьных прадметах. У абодвух ёсць рэальны шанц закончыць школу з залатым медалём, абодва мараць паступіць у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Абодва мяркуюць сваю будучую прафесію звязаць з вывучэннем замежнай мовы.
Яніна Мар’янаўна і Алена Сцяпанаўна лічаць, што ім пашанцавала сустрэць такіх вучняў, як Кацярына і Аляксандр, таленавітых і працаздольных адначасова. Педагогі мяркуюць, што шчасце для настаўніка, калі іх жаданні супадаюць з жаданнямі і магчымасцямі вучняў. Тады поспех прыйдзе абавязкова. У Кацярыны і Аляксандра гэта ўжо не першае паспяховае выступленне на алімпіядзе.
А я ад сябе хачу зазначыць, што і для вучня шчасце вучыцца ў такога настаўніка, які ўсяго сябе без астатку аддае вучню і радуецца яго поспехам , як сваім асабістым. Можа, па-гэтаму ў Яніны Мар’янаўны і Алены Сцяпанаўны сярод вучняў нямала тых, хто пайшоў па іх слядах — стаў настаўнікам замежнай мовы. У Яніны Мар’янаўна нават дачка Аксана выбрала сваёй прафесіяй вывучэнне англійскай мовы.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад