Часам, гуляючы з сынам у гарадскім парку, мы сустракалі там сталых мужчыну і жанчыну, што заўсёды адпачывалі на адным і тым жа месцы, прысеўшы на лавачку пад высокай сасной.
На выгляд абодвум – гадоў за восемдзесят. Па ўсім было відаць, што гэта муж і жонка, а падкрэслена ўважлівыя адносіны адзін да аднаго, погляды, поўныя любові, тое, як яны трымаліся за рукі, выклікала замілаванне.
Неяк мы разгаварыліся з нашымі выпадковымі спадарожнікамі. Аказалася, што ў шлюбе яны жывуць без малога шэсць дзясяткаў гадоў. Выгадавалі дваіх дзяцей, маюць чатырох унукаў і дваіх праўнукаў. Многае давялося перажыць і пабачыць, іх пачуцці і адносіны прайшлі выпрабаванне жыццёвымі нягодамі і часам, але ад гэтага не сталі менш шчырымі і пяшчотнымі.
-- Часта мы тут назіраем за маладажонамі, нават, даводзіцца, спрачаемся наконт таго, што чакае ў будучым тую ці іншую пару, -- адзначылі нашы суразмоўцы. – Зараз маладыя людзі старанна падбіраюць дату вяселля, каб жыць шчасліва і ў дастатку, маюць багаты выбар адзення і аўтамабіляў, ладзяць шыкоўныя гулянні, ды чамусьці праз год-другі разыходзяцца. А мы вось зарэгістравалі шлюб 13 мая, а з гасцей на ўрачыстасці былі толькі ганаровыя сведкі -- і нічога, жывём у ладзе ды згодзе, свой дом маем, сям’ю вялікую і дружную.
Пра тое, што сямейнае шчасце не ў падабраных лічбах для шлюбнай цырымоніі, калісьці заўсёды паўтарала і мая бабуля. “Радасць яны прынясуць ці будуць нагадваць аб чымсьці непрыемным – гэта залежыць толькі ад нас саміх”, -- казала яна, пражыўшы з дзядулем доўгае сумеснае жыццё.
--А нас вось хвалюе і яшчэ адно пытанне: чым гэта май не дагадзіў сучаснай моладзі? У гэтым месяцы, мы заўважылі, вяселляў апошнім часам зусім не гуляюць, – працягваюць гутарку нашы суразмоўцы. – Пэўна, яны не ведаюць, што першапачаткова гэты вясновы месяц называўся траўнем. Ды хоць бы і май – гэта ж адзін з самых прыгожых перыядаў, калі зацвітаюць сады! Адчуванне, што ўсе дрэвы спяшаюцца падставіць сонейку свае кветкі. У гэты час і душа чалавека, здаецца, расцвітае, раскрываецца разам з прыродай насустрач вясне. Ці ж гэта не цудоўна?!
Праўда, калі думаць, што ўсё жыццё давядзецца мучыцца, дык, магчыма, так яно і будзе. Трэба жыць дабрэй і святлей, тады думкі і ўчынкі нашы такімі ж будуць...
Н.СВЯТЛОВА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад