Весела сустракалі стары Новы год у аграгарадку Курылавічы. Па вёсцы хадзілі гурты калядоўшчыкаў у карнавальных касцюмах Шчодрыка, Механошы, Казы, Павадыра, Цыганкі. У хатах чуліся песні-шчадроўкі “Шчодры вечар, багаты вечар...”
Галоўная гераіня каляднага гурта Каза весела скакала і весяліла гаспадароў пад песню:
Го-го Каза, го-го шэрая.
Расхадзіся, весяліся,
Гаспадарам у ножанькі пакланіся...
Сваім танцам Каза выганяла з хаты ўсялякае ліха і прываблівала дабрабыт і багацце. Яшчэ адна гераіня каляднага гурта – Цыганка – варажыла на новае лета, на шчасце, на добры ўраджай, лад і прыбытак у сям’і і гаспадарцы.
Сыпалася на падлогу зерне на дружныя і каласістыя ўсходы на палях, на новы багаты ўраджай жыта, пшаніцы, садавіны і агародніны.
Удзячныя гаспадары адорвалі шчодрыкаў прысмакамі – і гурт з песнямі і пажаданнямі адпраўляўся па новых адрасах аграгарадка Курылавічы віншаваць людзей з Новым годам.
Г. САЎЧУК,
загадчык філіяла “Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад