Краязнаўства – крыніца натхнення на шляху пошукаў адказу на пытанні: “Адкуль мы? Чые мы? І хто мы?”
Менавіта гэта меркаванне ляжыць у аснове дзейнасці школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна. Сябры музея займаюцца пошукам і даследаваннем такіх краязнаўчых знаходак, якія выклікаюць цікавасць нават сёння, у ХХІ стагоддзі. Магчыма, хтосьці паспрачаецца, сказаўшы, што гэта ўсё даўно вывучана, запісана і сабрана. Але трапляецца яшчэ на вочы такое, што хочацца ўсклікнуць: “Што ні сяльцо, то слаўцо, што ні край то свой абычай”.
Возьмем мясцовыя гульні і забавы. На Лідчыне яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны дзеці любілі гуляць у “Шашкі”, вырабленыя з буракоў і бульбы. А забытая гульня “У свінню”, калі яе ўдзельнікі рабілі ў зямлі некалькі маленькіх дзірачак і стараліся загнаць у іх “свінню” – круглы камень, – таксама даваенная. Гульня “Падкідванне яек”, якая праводзілася ў Велікодны перыяд на балоце у 30-40-ыя гады ХХ стагоддзя. Удзельнікі падкідалі яйкі ўгору і стараліся злавіць іх рукамі ці шапкай. Калі яйка ляцела міма, яно трапляла ў багну. Тыя яйкі, якія патанулі, не ўдзельнічалі больш у гульні. Пасля гульні іх маглі вылавіць, абмыць і скарміць хатняй жывёле. Забава з абуткам, па словах яе ўдзельнікаў, адбывалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на свята Вялікдзень. На раніцы моладзь выходзіла на вуліцу і кідала абутак на дрэва. Было дзве спробы. Калі абутак павісне на дрэве, то чалавеку пашанцуе ў гэтым годзе, калі не – будуць непрыемнасці. Гульня “Гарады” была пашырана ў вёсцы Ёдкі ў 70-я гады дваццатага стагоддзя. Дзеці гулялі ў яе на дарозе. Удзельнічаць у гульні магла неабмежаваная колькасць дзяцей. На ўсю шырыню дарогі чарціўся мелам круг, які дзяліўся на сектары. Кожны ўдзельнік займаў адзін сектар, якому даваў назву горада. Назва запісвалася ў цэнтры сектара. Затым кожны чалавек па чарзе пачынаў “захопліваць” горад. Калі мішэнь была выбрана, трэба было як мага далей скокнуць у сектар любога праціўніка і адчарціць мяжу. Гэта значыць, што частка “горада-сектара” пераходзіла да таго чалавека, які здзяйсняў захоп. Пасля надыходзіла чарга скакаць іншаму ўдзельніку. Гульня працягвалася да таго часу, пакуль не заставаўся адзін горад, які станавіўся пераможцам. Дарэчы, у некаторыя забытыя вясковыя гульні пагулялі і мы.
А зараз распавядзём пра мясцовую кухню. Прыгадаем баршчавік. Расліна ядавітая, але калі маладая, яе дабаўляюць у суп. Спачатку баршчавік мыюць, затым адварваюць, крышыць, соляць. І толькі потым дадаюць у суп, ён атрымоўваецца зялёнага колеру са спецыфічным пахам і вялікай колькасцю вітамінаў. На другое – рыба. Селядзец па-радзівілаўску ХІХ стагоддзя. Гэты рэцэпт маюць у сваёй кулінарнай кнізе гаспадыні вёскі Навіцкія-2. Ён захаваўся дзякуючы мясцовым жыхарам, якія служылі ў пана Тукалы з сядзібы Курэсеўшчына, што знаходзілася на ўскрайку вёскі. Сакрэт селядца ў расоле: на 1 літр вады дадаюць 200 грам солі, 150 грам цукру, лаўровы ліст, гваздзік, некалькі долек апельсіна, часнок, цыбулю і 100 грам сухога віна. А вось рэцэпт сялян Лідскага раёна пасляваеннага часу – салата з кветак агуркоў: пустацвет агуроў абрывалі і запраўлялі з кіслым малаком і соллю. Дарэчы, мы запісалі закон пасля трапезы: хто апошні паеў, той прыбірае са стала.
Прыказкі і фразеалагізмы Лідчыны – гэта люстэрка жыцця людзей, якое паказвае на звычкі, адносіны да іншага чалавека, схільнасць да гумару як адной з прыкмет добрай душы. Сядзе сям’я есці, а бацька даймае дзіця, якое не ўмее ціха жаваць: “Ну ты і сербаловіча брат”. А залішне надакучлівага адгоніць са словамі: “Прыцюцькаўся, як да бацькі пад цыцку” або “Дапросішся, як кабанчык на Коляды”. Калі адзін сусед раптам спалохае другога, той, падскочыўшы, заенчыць: “Дапраўды мне вашэй увагнаў!” Прымаўка “За дзінькуе ніц не купуе” – гэта адказ на слова “Дзякуй”, мясцовы варыянт устойлівага выразу “Дзякуй у кішэню не пакладзеш”. Замест калі ласка можна пачуць: “Проша Гаўроша”. “Добры дзень на раніцы”, – яшчэ адзін звыклы этыкетны выраз. “Загнаць кажана” – гэта завусеніца на пальцы. Адным словам, заключаюць краязнаўцы, на кожную з’яву ў нашых землякоў знойдзецца прыказка.
Сярод матэрыяльных знаходак апошняга часу юныя краязнаўцы могуць пахваліцца прамавугольнай пераноснай калыскай 30-х гадоў ХХ стагоддзя, нямецкім цыркулем часоў фашысцкай акупацыі, жалезным бязменам, фотаздымкамі з зачыненых школ Лідскага раёна. Кожная гэта рэч, як і знаходкі нематэрыяльнай культуры, ужо знайшла пачэснае месца ў школьным музеі і ў адукацыйным працэсе.
Ёсць таксама перамогі ў краязнаўчых конкурсах. У рэспубліканскім этапе конкурсаў: “Малая радзіма вялікіх людзей” – ІІ месца, “Скарбонка краязнаўчых знаходак” – ІІ месцу, абласным этапе конкурсаў “Мясціны майго дзяцінства” –ІІІ месца, “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем” – ІІІ месца, у раённых конкурсах: “Ступені да навукі” – І месца, “Гісторыя адукацыі на Лідчыне” – І месца, “Сядзібы і лёсы” – ІІІ месца.
Прыемна ўсведамляць, што ўсе сябры школьнага музея з вялікай адказнасцю займаюцца пошукавай і навукова-даследчай працай, якая фарміруе пачуццё грамадзянскасці і гонару за багатую культурную спадчыну нашага краю і дапамагае шукаць адказы на пытанні: “Адкуль мы? Чые мы? І хто мы?”. Вывучэнне гісторыі малой радзімы сёння кожны павінен лічыць сваім абавязакам.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад