Вучні 7 “Б” класа сярэдняй школы №2 г. Масты напярэдадні Вербніцы наведалі раённы цэнтр рамёстваў і прынялі ўдзел у майстар-класе па ўпрыгожванні святочнай вярбы.
Усім было цікава і весела, праца гарэла ў кожнага ў руках. А ўпрыгожаныя галінкі былі падобны на маленькі цуд! Майстры расказалі хлопчыкам і дзяўчынкам аб значнасці свята і пазнаёмілі іх з абрадамі, якіх прытрымліваліся нашы продкі ў апошні тыдзень Вялікага посту.
Пачынаўся гэты тыдзень з Вербнай нядзелі, або Вербніцы. У цэнтры абрадаў гэтага святочнага дня была асвечаная ў царкве вярба. Тлумачыцца гэта тым, што галінкі гэтага дрэва нагадваюць пальмавыя галінкі, з якімі народ сустракаў Ісуса Хрыста пры яго ўездзе ў Іерусалім за тыдзень да свайго ўваскрэсення. Адсюль бярэ пачатак назва свята “Вербніца” і яго адзначэнне за тыдзень да Вялікадня. Галінкі вярбы, асвечаныя ў царкве, неслі дадому. Імі злёгку сцябалі дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень – Вялікдзень.
Хвароба ў лес, на верас,
А здароўе ў косці!
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вябра!
Будзь здароў на ўвесь год!
Людзі верылі, што праз такое “біццё” галінкамі вярбы чалавеку перадаецца моц, жыццяздольнасць і прыгажосць гэтага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам здароўя і дабрабыту. Частку асвечаных галінак клалі за абразы, утыкалі ў сцены.
Такі ж самы рытуал адносіўся і да жывёл, а таксама да раслін, таму што ўсе жадалі, каб жывёла была здаровая, а дрэвы і расліны пладаносілі. Галінкі вярбы выкарыстоўваліся нашымі продкамі на працягу ўсяго года. Кожная дбайная гаспадыня выганяла на Юр’е сваю карову ў поле, лёгенька сцябаючы яе па баках галінкай. З пруточкам вярбы земляроб пачынаў араць яравое поле, веснавую і асеннюю сяўбу, пасадку бульбы. Як ахоўны амулет вярба выкарыстоўвалася ў час першага грому. Каб не баяцца летняй навальніцы, усе дамачадцы імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы моцныя грымоты, гаспадыня хуценька запальвала грамнічную свечку, а галінкі вярбы, узятыя з-за бажніцы, клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары. Рэшткі вярбы ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы. Нявыкарыстаныя галінкі спальвалі ў печы адразу пасля асвячэння новых. Попел абавязкова аддзялялі і рассыпалі па градках.
Мы павінны шанаваць традыцыі, якіх прытрымліваліся нашы продкі, захоўваць іх. Напярэдадні вялікага свята хочацца пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця і міру. Няхай у душы заўсёды будзе вясна і любоў, а ў жыцці – дабрабыт і поспех.
Таццяна КАЛЕСНІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад