Не кожны мастаўчанін можа назваць нашых знакамітых землякоў.
Хто такія, напрыклад, Міхась Явар, Аляксей Багустаў, Любоў Мазалеўская, Таццяна Баўкалава, Здзіслаў Сарока, Яўген Петрашэвіч ды і многія іншыя? Калі і дзе жылі, чым вызначыліся, што добрага зрабілі на сваёй малой радзіме? Адказ можна хутка знайсці, калі зайсці ў чытальную залу раённай бібліятэкі. Там на самым бачным месцы стаіць стэнд “Шануем нашых землякоў”.
Работнікі бібліятэк расказваюць пра знакамітых мастаўчан на самых розных мерапрыемствах. Так, у раённай бібліятэцы адбыўся вечар-сустрэча з самабытным паэтам-земляком Мікалаем Пятровічам Іваноўскім, родным братам вядомага беларускага мастака Іваноўскага. Паэт расказаў аб сваім жыцці і творчасці, аб кнізе вершаў “Пяром душа вадзіла”.
Гарадская дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на гадзіну паэзіі “Будзь бліжэй да мяне і свяці…”, на якой яны пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю беларускага паэта, ураджэнца вёскі Дубна Сяргея Крыўца.
Знаёмяць сваіх наведвальнікаў з вядомымі землякамі і бібліятэкі, што працуюць у сельскай мясцовасці. У Стральцах прайшла літаратурная гадзіна “Паэзіі чароўныя радкі”, прысвечаная паэтцы Ірыне Данік-Навуменка. У Зарудаўе прайшло літаратурнае падарожжа “Палымянае сэрца паэта” па творчасці Сяргея Крыўца. У Струбніцы адбылося краязнаўчае падарожжа “Паэт зямлі Мастоўскай”, прысвечанае Міхасю Явару.
Пазнаёміліся з творчасцю паэтаў-землякоў чытачы ў Песках, Рагозніцы і Пацавічах.
Мастоўскай раённай бібліятэкай арганізавана таксама разгорнутая кніжна-ілюстраваная выстава “Мая любая Радзіма, мая Мастоўская зямля”, прысвечаная Году малой радзімы. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі, фотаздымкі, ілюстрацыі, матэрыялы даведачнага і фактаграфічнага характару аб дасягненнях, гістарычным мінулым, сучасным развіцці нашага раёна.
С.ЗВЯРОВІЧ
На здымку: бібліятэкар А.С.Арлова падбірае кнігі для стэнда “Шануем нашых землякоў”.
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад