У сярэдзіне лістапада ў вобласці праводзілася акцыя “Не ўпусці свой шанс”. Ініцыіравалі яе правядзенне ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама і камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай аброне.
Удзел у правядзенні акцыі “Не ўпусці свой шанс” у нашым раёне прынялі старшыня раённага Савета па прафілактыцы Т.М. Мурына, пракурор У.І. Гук, выконваючы абавязкі начальніка Мастоўскага РАУС В.М. Трубянок, супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна І.М. Еўдакімава і Н.Р. Карповіч, памочнік урача-эпідэміёлага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Г.Я. Шарко.
Псіхолагі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання правялі трэнінг з прысутнымі на мерапрыемстве асобамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Памочнік урача- эпідэміёлага выступіла з лекцыяй па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа В.П. Яўжэнка прапанавала ўдзельнікам сустрэчы розныя віды гуманітарнай дапамогі.
Падчас размовы з раней асуджанымі асобамі высветлілася, што многія з іх жывуць з бацькамі-пенсіянерамі, перабіваючыся выпадковымі разавымі заробкамі. Па іх меркаванню, знайсці пастаянную работу ім перашкаджае алкагольная звычка, упэўненасць у тым, што ўсе, без выключэння навакольныя людзі, настроены супраць іх. Ёсць і тыя, каго зусім не засмучае, што яны не працуюць.
Па выніках сустрэчы адзінаццаці чалавекам выдадзены накіраванні на працу. Ім прапаноўвалася работа на “Мастоўдрэве”, “Самане Плюс”, быткамбінаце, крухмальным заводзе, “Матэксе”. Далейшае развіццё сітуацыі будзе знаходзіцца на кантролі раённага Савета па прафілактыцы і службы занятасці.
А. ШВЯДКО
Даведачная інфармацыяЯк паведаміла намеснік начальніка раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне М.К. Семянюк, за дзесяць месяцаў бягучага года ў раённую службу занятасці звярнуліся дзесяць былых асуджаных. З іх у ААТ “Мастоўдрэў”, РУП ЖКГ, Скідзельскую птушкафабрыку працаўладкаваны чатыры чалавекі. Астатнія - знятыя з уліку па прычыне няяўкі.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад